Экспазіцыя музея

Наведаўшы наш музей, вы зможаце пазнаёміцца ​​з багатай і цікавай гісторыяй Глыбоцкага краю: у музейных залах прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, пра якія вам раскажуць дасведчаныя экскурсаводы. Вы патрапіце ў мястэчка Глыбокае 16-18 стагоддзя, даведаецеся пра Іосіфа Львовіча Корсака, дзякуючы якому ў нашым горадзе з'явіліся велічныя храмы.

Вясковая хата. Фрагмент экспазіцыіУ музеі ёсць дыярамы, з дапамогай якіх можна здзейсніць вандраванне па Глыбокім канца 19 ст.: зазірнуць на Кірмашовую плошчу і прыцаніцца да тавараў на кірмашы, наведаць манастыр манахаў кармелітаў, узгадаць цікавы і поўны трагічных момантаў лёс мястэчка Березвечча.

Глыбоцкі край шматканфесійны, з багатымі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі. Наведаўшы наш музей, вы даведаецеся, якія рэлігіі былі распаўсюджаны на Глыбоччыне напачатку 20 ст., убачыце прадметы культу розных рэлігійных плыняў, пазнаеце пра трагічны лёс асноўнай часткі жыхароў горада – яўрэяў.

Напэўна, вы будзеце прыемна здзіўлены, калі даведаецеся, як шмат знакамітых людзей нарадзілася на Глыбоцкай зямлі. Гэта першы прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, гісторык і палітык Вацлаў Ластоўскі, вядомы архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі, заснавальнік першай беларускай тэатральнай трупы Ігнат Буйніцкі, мастак і археолаг Язэп Драздовіч, пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч, авіяканструктар Павел Сухі...

Вас зацікавіла? Запрашаем да нас, і вы зможаце пазнаць пра жыццёвы і творчы шлях гэтых людзей больш падрабязна.

Сучасныя каваныя вырабы.Фрагмент экспазіцыіА ці ведаеце вы, што такое клець? Калі не – запрашаем да нас у госці, і вы зможаце зазірнуць у сапраўдную клець, дзе вас, напэўна, зацікавяць рэчы, якімі карысталіся нашы продкі звыш ста гадоў таму назад. Тут жа ў вас будзе магчымасць здзейсніць віртуальную вандроўку па фальварку "Азярцы", які ўпершыню згадваецца ў 14 стагоддзі. Значную цікавасць выклікаюць дакументы і рэчы, якія распавядуць пра эканамічнае жыццё Глыбоччыны ў 1920 – 30-я гг.

Тут вы ўбачыце візітную картку нашага музея – яўрэйскую гандлёвую краму. Зазірніце ў яе, павітайце гаспадара, азнаёмцеся з асартыментам тавараў і зрабіце фота на памяць.

Наведвальнікі нашага музея маюць магчымасць завітаць у госці да глыбоцкага мешчаніна, пазнаёміцца з побытам прадстаўніка гэтага саслоўя і ўбачыць проста ўнікальныя прадметы мэблі, якіх вы не знойдзеце ні ў адным музеі, акрамя нашага, а мелодыя старога патэфона надасць адмысловую атмасферу экскурсіі.

Яўрэйская лаўкаПасля знаёмства з мяшчанскім пакоем вы можаце зайсці ў сялянскую хату. Тут у вас будзе магчымасць зазірнуць у "бабін кут" і пазнаёміцца з рэчамі, якія там знаходзяцца, пасядзець за сялянскім сталом у "чырвоным куце", зазірнуць у куфар з пасагам незамужняй дзяўчыны, пазнаць, што такое "павук" і ці кусаецца "сабачка". Карацей кажучы, тут можна прасякнуцца духам таго часу і адчуць сябе сапраўдным селянінам.

Ва ўсе часы Глыбокае славілася сваімі кавалямі. У нашым музеі вы пабываеце ў старой кузні, патрымаеце ў руках молат, паспрабуеце раздуць гарно. У Глыбокім слаўныя традыцыі старадаўняга рамяства знайшлі працяг і ў нашы дні. У музеі вы ўбачыце прадукцыю кааператыва "Дэкор", майстры якога займаюцца мастацкай коўкай металу. А паглядзець ёсць на што, бо глыбоцкія кавалі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

 

 

.
 TUT.BY