Культурна-дэндралагічны комплекс в. Мосар

Касцёл Св. Ганны.Уражанні ад знаходжання на Глыбоцкай зямлі будуць не поўнымі, калі вы не наведалі культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар – адно з найпрыгажэйшых месцаў Беларусі. Населены пункт мае досыць багатую і цікаваю гісторыю.

Упершыню ў дакументах Мосар згадваецца пад 1514 годам. За гады існавання вёска змяніла шмат гаспадароў: Зяновічы, Пацы, Долмат-Ісакоўскія, Млечкі і нават стрыечны брат прэзідэнта Польшчы Юзэфа Пілсудскага Калікст. Але найбольшы след у гісторыі Мосаршчыны пакінуў графскі род Бжастоўскіх, у прыватнасці Ганна і Роберт Бжастоўскія. Менавіта яны ў канцы 18 ст. пабудавалі тут шыкоўны палац і касцёл. На вялікі жаль, палац, у якім гасцявалі нават каралі Рэчы Паспалітай, быў знішчаны падчас грамадзянскай вайны. 

 Касцёл святой Ганны захаваўся да нашых дзён, і не проста захаваўся, а з'яўляецца дзеючым храмам, куды прыязджаюць вернікі з усіх куткоў Беларусі (як католікі, так і праваслаўныя), каб пакланіцца галоўнай святыні касцёла - мошчам святога Юстына, ці проста паглядзець на навакольную прыгажосць і адпачыць душой. 

 Але так было не заўсёды. Не гледзячы на тое, што ў савецкі перыяд касцёл знаходзіўся ў запусценні, а тэрыторыя вакол храма нагадвала балота, ён заставаўся адчыненым для вернікаў.

Ксёндз Юозас БулькаЗ 1989 года пачынаецца, без перабольшвання, новая эра ў жыцці вёскі Мосар: сюды прыязджае ксёндз Юозас Булька, і пачынаецца працэс стварэння таго хараства, што з цягам часу атрымала назву культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар. Сёння сюды наведваюцца людзі не толькі з Беларусі, але і з-за яе межаў. А паглядзець тут ёсць на што: вялікая колькасць кветак (нават такіх экзатычных для нашай краіны, як лотасы), дрэвы і кустарнікі розных відаў, скульптурныя кампазіцыі рэлігійнага накірунку, штучныя вадаёмы... І над усёй гэтай прыгажосцю ўзвышаецца самы высокі ў Беларусі каталіцкі крыж, як бы сімвалізуючы прысутнасць Бога ў гэтым месцы.

Асаблівай цікавасцю ў наведвальнікаў комплексу карыстаюцца знакамітыя мосарскія крыніцы, вада ў якіх утрымлівае карысныя мінералы і лічыцца гаючай (нездарма вялікая колькасць людзей прыязджае за гэтай вадой). Дарога ж да крыніцы ўяўляе сабой "ружанцовую алею" – сцяжынку з капліцамі ўздоўж яе.

У Мосары вы зможаце наведаць два музеі: адзіны ў сваім родзе антыалкагольны музей і філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Сваім існаваннем яны абавязаны ксяндзу Юозасу Булька. Найбольш цікавым з'яўляецца апошні з абазначаных музеяў. Па сутнасці гэта збор старых рэчаў, якімі калісьці карысталіся мясцовыя жыхары (усе экспанаты знойдзены ў Мосары і суседніх вёсках). Агледзеўшы экспазіцыю музея, вы пазнаёміцеся з бытам простых людзей, пабачыце цікавыя і нават унікальныя экспанаты.

Арка Распавядаючы пра Мосар, нельга абмінуць увагай асобу ксяндза-пралата касцёла св. Ганны Юозаса Вінцэнтавіча Булькі. Ксёндз з'яўляўся актыўным змагаром за здаровы лад жыцця: сваімі словамі і ўласным прыкладам ён змог дабіцца таго, што сёння мосарская парафія з'яўляецца "зонай цвярозасці".

Нават маладыя людзі маглі пазайздросціць невычэрпнай энергіі гэтага пажылога чалавека: праца па далейшаму ўладкаванню культурна-дэндралагічнага комплексу не спынялася нават зімой, Юозас Вінцэнтавіч сам сачыў за работамі, дапамагаў парадамі, служыў святую імшу ў касцёле, і ўсё ж такі знаходзіў вольную хвілінку, каб асабіста павітаць гасцей , пагутарыць з імі і благаславіць.

За сваю дзейнасць гэты чалавек неаднаразова ўдастойваўся ўзнагарод як ад духоўных, так і ад свецкіх улад: апостальскае благаслаўленне Папы Рымскага, прэмія "За духоўнае адраджэнне", медаль Францыска Скарыны, грамата "За асабісты ўклад у развіццё турызму ў Рэспубліцы Беларусь"...

9 студзеня 2010 года ксяндза Юозаса не стала, але справа яго жыве.

 

  

.
 TUT.BY