Сусветны дзень без аўтамабіля

Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць у гэты дзень вандроўкі на веласіпедзе па роднаму краю. У мінулым годзе 22 верасня...

«Мосар: Мекка для турыстаў і культурны цэнтр»

14 верасня 2019 года на старонках «Сельскай газеты» з'явіўся артыкул «Мосар: Мекка для турыстаў і культурны цэнтр»....

І зноў падарункі для музея

У апошні час стала добрай традыцыяй папаўненне фондаў нашага музея экспанатамі, якія набылі людзі на розных...

Абласны семінар ідэолагаў

16 жніўня 2019 года ў Глыбокім праходзіў абласны занальны семінар для работнікаў, якія займаюцца арганізацыяй...

Візіт польскай парламенцкай дэлегацыі ў Глыбокае

23 жніўня ў Глыбокім сустракалі афіцыйную парламенцкую дэлегацыю Рэспублікі Польшча на чале з віцэ-маршалкам Сойма...

Адказы на заданні гарадскога квеста "Тайны вішнёвай квецені"

...

Віртуальнае знаёмства з Мосарам

24 ліпеня 2019 года навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Абрамчык і экскурсавод культурна-дэндралагічнага комплексу в....

Язэп ДраздовічНябесныя бегі Язэпа Драздовіча. 

“Які раней за ўсіх Калумбаў свету на многіх перагасцяваў планетах…”Аўтапартрэт

Гэтыя радкі беларускі паэт Максім Танк прысвяціў свайму сучасніку Язэпу Драздовічу. Той самы Максім Танк, які калісьці няшчадна раскрытыкаваў паэму нашага земляка “Трызна мінуўшчыны”. Аднак, ставячы пад сумненне паэтычныя здольнасці Драздовіча, пра яго мастацкую і даследчую работу класік выказваўся ўжо зусім па-іншаму: “Рэдкі скарб, якому некалі і цаны не будзе”. Сапраўды, наўрад ці знойдзецца сярод ураджэнцаў Глыбоччыны такая ж рознабаковая асоба, як Язэп Драздовіч. Ён быў і археолагам, і этнографам, і паэтам, і пісьменнікам, і скульптарам, і рэзчыкам па дрэве… І нават нядрэнным хірамантам! Аднак сучаснікам “дзядзька Язэп” найбольш вядомы як таленавіты мастак. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці Язэп Нарцызавіч праявіў сябе як мастак гістарычнай тэмы, якую не пакідаў да канца жыцця. Гэта і серыі графічных работ («Дзісеншчына», «Старажытны Мінск», «Заслаўе», «Глыбокае», «Навагрудак і Навагрудчына» і інш.), якія можна смела лічыць выдатнымі крыніцамі па гісторыі архітэктуры Беларусі, і жывапісныя карціны з выявамі гістарычных асоб нашага краю («Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя», «Пагоня Ярылы», «Песня Баяна», «Пярсцёнак Усяслава Чарадзея», партрэты Францыска Скарыны і Францішка Багушэвіча). 

Горад на МарсеА яшчэ дзядзька Язэп, як ласкава яго звалі знаёмыя, стаў пачынальнікам касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве. Цікавіцца космасам Драздовіч пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Маці заўсёды казала яму: “Вучыся і пазнай нябесныя бегі. Гэта самая найвялікшая таямніца Сусвету”. І ён вучыўся! З захапленнем “праглытваў” адну за другой кнігі на астралагічныя тэмы, і яго ўяўленне ўсё больш выразна вырысоўвала далёкія планеты з дзівоснай прыродай, заселеныя разумнымі істотамі. Дакладна вядома, што адно з першых “ касмічных падарожжаў” адбылося з ім у сне ў 1914 годзе, калі Язэп Нарцызавіч служыў у войску. Няма сумненняў, што “палёты” на далёкія планеты працягваліся і надалей, ажно пакуль у 1930-х гадах не выліліся ў некалькі жывапісных серый – «Жыццё на Марсе», «Артаполіс», «Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932), «Космас» (1940). У 1931 годзе мастак выдаў брашуру па астраноміі “Нябесныя бегі”. Драздовіч быў упэўнены, што калі і не ўсе, то большасць планет Сонечнай Сістэмы заселеныя. Сёння, магчыма, камусьці такое меркаванне здаецца, па меншай меры, наіўным. Аднак разважанні мастака не супярэчылі навуковым поглядам таго часу. Ды і ці так ужо шмат мы ведаем пра космас сёння? Нават самы бліжэйшы ад нас касмічны аб’ект – Месяц, вывучаны надзвычай мала. Зваротны бок месяца людзі змаглі ўбачыць толькі ў 1959 годзе з дапамогай савецкай касмічнай станцыі. А між тым, менавіта на спадарожнік нашай Зямлі часцей за ўсё выпраўляўся ў сваих мроях мастак. У сваіх дзённіках ён пакінуў дастаткова падрабязнае апісанне дзівоснага свету Месяца. Згодна гэтым запісам, неба на Месяцы бясколернае, сівое, ноччу зорак на ім не бачна. Паветра ж чыстае, празрыстае. Прырода досыць разнастайная, хоць у параўнанні з Зямлёй -- бедная: ёсць рэкі, азёры, балоты, грунт амаль паўсюдна пакрываецца тоўстым дываном жоўтага моху, травяністымі раслінамі, невялікімі хмызнякамі. Дзе-нідзе сустракаюцца і дрэвы.

Лунны горад Артраполіс (1934-1935)Аднойчы, падчас сваіх “падарожжаў”, Драздовіч сустрэў прадстаўніка жывёльнага свету Месяца: “чатырохногая пачвара – кот, не кот, яшчар, не яшчар – скура чорная, як жук, тулава тошчае і доўгае, ногі кароткія, а галава круглая, як качан, рот шырокі, без носа, а вочы круглыя, вялікія – па яблыку, і блішчаць”. Ну і канечне, на Месяцы жывуць разумныя чалавекападобныя істоты – селеніды або луніды. Целам яны вельмі падобныя да зямлян, толькі вышэйшыя і больш хударлявыя. Безвалосыя, пласкатварыя, каратканосыя, з малымі, вузка пасаджанымі між сабой вачамі і надта доўгімі сківіцамі, апушчанымі клінам на грудзі. Як і зямляне, луніды адрозніваюцца паміж сабой колерам скуры – у адных яна светлая, у другіх – цёмная. Адрозніваецца і ўзровень развіцця народаў, што засяляюць месяц. У адной мясцовасці ён “бачыў” істот, што жылі ў цьмяных вырубленых у скалах пячорах з невялічкімі акенцамі. У гэтых жытлах няма ніякай мэблі ці хатняга начыння, і нават адзенне (светлыя плашчы) жыхары апранаюць толькі перад выхадам на вуліцу. Разам з тым, на Месяцы існуюць і гарады (напрыклад Трывеж) з каменнымі будынкамі і паркамі, якія асвячаюцца электрычным святлом, а ў госці адзін да аднаго луніды выпраўляюцца на цягніках у камфортных вагонах. Такім бачылася жыццё на Месяцы Язэпу Драздовічу. І ён не сумняваўся, што ўсё ўбачанае ім у “самнамбулічных снах” – рэальнасць. “Хто гэтаму не верыць, хай праверыць праз тэлескопы, і я пэвен, што бальшыну таго, што мной апісана, убачыць як на далоні” – так напісаў мастак у сваім дзённіку. 

Памёр мастак у 1954 годзе. Праз тры гады на арбіту Зямлі быў выведзены першы штучны спадарожнік, а крыху пазней Белка і Стрэлка кінулі позірк на нашу планету праз ілюмінатар. У 1961 годзе здзейсніў свой гістарычны палёт Юрый Гагарын. Пачалася эра засваення космасу чалавекам. Стала рэальнасцю тое, пра што так доўга марыў наш славуты зямляк. І няхай амерыканскі астранаўт Лэнс Армстранг, што першым з людзей ступіў на паверхню Месяца, не сустрэўся з лунідамі і не гасцяваў у таемным горадзе Трывеж – космас дзядзькі Язэпа па-ранейшаму застаецца цікавым і захапляючым.