Добраахвотная пажарная ахова ў Глыбокім у 1920-1930-я гг.
У розныя гістарычныя перыяды знішчальная сіла пажараў у адзін момант змяняла лёсы гарадоў, падзяляючы іх на «да» і «пасля». І Глыбокае, якое бярэ пачатак сваёй летапіснай гісторыі з 1414 года, гэтая бяда таксама не абыходзіла бокам. Мястэчка практычна цалкам было знішчана агнём у ліпені 1700 года. Дакументальна вядома, што падчас пажару згарэла 80 асобных дамоў, 50 гумнаў, 40 крамаў з усімі таварамі, 60 свірнаў з рознымі таварамі, воскам, розным збожжам і 30 клетак з гаспадарчымі рэчамі. Знішчальная стыхія крыху меншымі маштабамі наносіла шкоду нашаму населенаму пункту неаднаразова на працягу XVIII-XIX стст., што рабіла неабходным развіццё супрацьпажарнай справы [1, с. 53].
Паступова, пачынаючы з XIV ст., на беларускіх землях барацьба з пажарамі становіцца абавязкам усіх гараджан. А неад'емнай дэталлю гарадоў сталі вулічныя начныя вартаўнікі-клікуны, якія нагадвалі пра неабходнасць асцярожнага абыходжання з агнём. Гісторыя прафесійнай пажарнай службы на беларускіх землях бярэ свой адлік з 1853 года, калі была створана першая пажарная дружына ў Мінску. Разам з прафесійнымі камандамі, сталі паступова стварацца і добраахвотныя пажарныя аб’яднанні: у Віцебску (1872 г.), Мінску (1876 г.), Полацку (1876 г.), Барысаве (1890 года), Нясвіжы (1891 г.), Пінску (1892 г.), Лепелі (1894 г.).
У другой палове ХІХ ст. фарміруецца свая пажарная каманда і ў мястэчку Глыбокае. Памятныя кніжкі Віленскай губерні дазваляюць пайменна назваць тых, хто стаяў на абароне глыбачан ад вогненнай стыхіі. Да прыкладу, у 1900 годзе ганаровым членам мясцовага Пажарнага таварыства з'яўляўся егермейстар двара Яго Вялікасці сапраўдны стацкі саветнік князь Мікалай Ільіч Грузінскі. Праўленне ўзначальваў лекар Мікалай Сцяпанавіч Пулікоўскі. Членамі праўлення былі Герберт Ансовіч Берзін, лекар Рудаміна, купец Краўт, Сцяпан Іосіфавіч Мастовіч, калежскі асэсар Філіп Анісімавіч Батвінскі (ён жа сакратар) [2, с. 268]. У 1915 годзе ў склад праўлення Пажарнага аб’ядннаня ўваходзілі земскі начальнік І.Г. Даронін (старшыня), Б.С. Краўт, доктар Н.Д. Разенкрац, М.І. Гарфінкель, Г.Р. Мусін, І.І. Саснавік, Б. Вінча, Ш. Беркан, П.І. Шпаер, Я.Л. Сраговіч, Г. Зельдін, М.Ш. Кацовіч [3, с. 253].
Пажарная справа развівалася ў Глыбокім і пасля распаду Расійскай імперыі, калі мястэчка знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі з 1921 па 1939 год. У верасні 1921 года ў Варшаве быў створаны Галоўны Саюз Пажарнай Аховы Польскай Рэспублікі, перад якім стаялі задачы:
• аб'яднанне ўсіх саюзаў пажарнай аховы ў адзіную арганізацыю;
• даследаванне стану пажарнай справы і барацьбы з агнём;
• прапаганда супрацьпажарных мерапрыемстваў у грамадстве.
У пачатку 1920-х гг. Міністэрствам унутраных спраў быў выдадзены цыркуляр, згодна якога мясцовыя органы ўлады абавязваліся сачыць за выкананнем правілаў пажарнай бяспекі, а грамадзянскаму насельніцтву, акрамя наяўнасці абавязковага інвентару ў кожнай гаспадарцы (бочкі з вадой, сякеры, вёдры і інш.), прадпісвалася прадстаўляць коней у выпадку пажару і прымаць актыўны ўдзел у яго тушэнні. Такі крок шмат у чым быў звязаны з невялікай колькасцю існуючых каманд і відавочным недахопам пажарных спецыялістаў рознага ўзроўню [4].
Неад’емнай часткай Саюза Пажарнай аховы з'яўлялася Добраахвотная пажарная ахова, дружыны якой ствараліся ў гарадах і мястэчках [5, с. 21]. Непасрэдным яе кіраўніком з'яўляўся начальнік, у выпадку адсутнасці – яго намеснік. Начальнік Добраахвотнай пажарнай аховы меў у дапамогу камандзіраў узводаў. У залежнасці ад колькасці і забеспячэння інвентаром, Ахова складалася з аднаго або некалькіх узводаў або спецыяльных дружын. Узвод павінен быў налічваць не менш за 16 чалавек.
Паводле прынятага ў 1935 годзе Статуту, члены Добраахвотнага пажарнага таварыства бралі на сябе наступныя абавязкі:
- падпарадкоўвацца загадам і пастановам начальніка або яго намесніка;
- прымаць актыўны ўдзел у навучанні і знаёміцца з абавязковымі інструкцыямі і правіламі;
- у выпадку аварыі прыбываць неадкладна ў пэўнае месца збору ў адпаведным абмундзіраванні і не пакідаць прызначанага пастарунку без дазволу непасрэднага начальніка;
- выкарыстоўваць выдадзеную ім форму, узбраенне і рыштунак Аховы выключна ў службовых мэтах.
Ахова павінна была аказваць неадкладную дапамогу на тэрыторыі яе дзейнасці ў выпадку пажару або іншых стыхій, у акцыях супрацьпаветраных і супрацьгазавых нападаў, а таксама па даручэнні ўладаў у выпадку неабходнасці [5, с. 22].У міжваенны перыяд Добраахвотнае пажарнае таварыства выконвала не толькі свае прамыя абавязкі, прапісаныя ў Статуце, але і выконвала важную ролю ў культурным жыцці гарадоў і мястэчак. Пры таварыствах часта дзейнічалі аматарскія драматычныя гурткі, хоры, бібліятэкі і аркестры. Падобная арганізацыя з’явілася ў Глыбокім, і сёння на яе гісторыю праліваюць святло перыядычныя выданні 1920-1930-х гг., а таксама архіўныя дакументы. Менавіта з іх мы даведаемся пра склад таварыства і яго дзейнасць, пра вучэнні, святы і дабрачынныя акцыі. У 1922 годзе Добраахвотнае пажарнае таварыства Глыбокага налічвала 100 чалавек, якія, згодна складзеным справаздачам, добра выконвалі сваю працу [5]. Размяшчалася таварыства ва ўласным будынку, якое знаходзілася па вуліцы Варшаўскай (сёння вуліца Маскоўская) (фота 1).
Паступова ў Польскай дзяржаве нармалізаваліся пытанні фінансавання Саюза Пажарнай аховы і Добраахвотных пажарных дружын, якія ўваходзілі ў яе склад. Арганізацыі страхавання ад агню сталі рабіць абавязковыя адлічэнні, а Усеагульная арганізацыя ўзаемнага страхавання з сярэдзіны 1920-х гг. пачала рэгулярна выдзяляць мясцовай адміністрацыі крэдыты на закупку пажарных аўтамабіляў. Дзякуючы падобнай фінансавай падтрымцы ўлетку 1929 года за 17 тысяч злотых Глыбоцкай пажарнай аховай быў набыты пажарны аўтамабіль з маторнай помпай [7].
Для ўдасканалення тэарэтычных і практычных ведаў пажарных з 1921 года ў краіне арганізоўваліся штогадовыя інструктарскія курсы. Для падрыхтоўкі камандзіраў добраахвотных каманд ва ўсіх павятовых цэнтрах па месцы жыхарства сістэматычна сталі праводзіць спецыяльныя курсы ад 8 да 14 дзён. У Глыбокім рэгулярна праводзіліся курсы пажаратушэння, падчас якіх адбывалася знаёмства з пажарным інвентаром, тактыкай вядзення барацьбы з агнём, правіламі супрацьпажарнага будаўніцтва і інш. Былі арганізаваны практычныя заняткі, дзе пажарныя ўдасканальвалі свае навыкі.
У маі 1928 года ў падобных вучэннях прынялі ўдзел 32 прадстаўнікі пажарнай аховы Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. Па выніках 8-дзённага навучання былі праведзены экзамены перад камісіяй, якая складалася са старшыні Саюза Пажарнай аховы Актавіяна Рацкевіча, старасты Дзісенскага павета Янкоўскага, каменданта Віленскай пажарнай аховы Валігора, інспектара Краеўскага і Дразінскага, інструктара пажаратушэння Лучынскага. Па выніках паспяховага праходжання выпрабаванняў удзельнікам былі ўручаны спецыяльныя пасведчанні.
Атрыманыя і ўдасканаленыя навыкі былі прадэманстраваны жыхарам Глыбокага пад час паказальных выступленняў у гарадскім парку, а таксама на мясцовым рынку [8] (фота 2). Пры ўсёй важнасці справы, курсы супрацьпажарнай бяспекі праводзіліся не толькі для тых, чые прамыя абавязкі былі звязаны з барацьбой з вогненнай стыхіяй, але і для вучняў мясцовай сямікласнай школы, дзе падобныя заняткі былі ўключаныя ў навучальны працэс. Праводзіліся яны 3 разы на тыдзень у вячэрні час. Курсы наведвалі 29 вучняў ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў. Па выніках пройдзенага матэрыялу праводзіўся іспыт [9].
Цікавым фактам у дзейнасці пажарных таварыстваў у Польшчы міжваеннага часу было наяўнасць у іх складзе жаночых (самарыцянскіх) дружын, для арганізацыі якіх у 1930 годзе было прынята спецыяльнае распараджэнне. Жаночыя дружыны досыць хутка набылі папулярнасць, а ў 1931 годзе быў прыняты Статут для жаночых аддзелаў і пачала дзейнічаць спецыяльная камісія па справах жаночай пажарнай службы. Мэтай стварэння падобных арганізацый было правядзенне спецыяльных даступных для жанчын работ, якія былі прадугледжаны Статутам Добраахвотнага пажарнага таварыства. У склад дружыны маглі ўваходзіць дзяўчаты старэйшыя за 17 гадоў. Перш чым прыступіць да працы, яны вывучалі правілы гігіены, грамадзянскую абарону, асновы першай медыцынскай дапамогі.
Члены жаночай пажарнай дружыны насілі спецыяльную форму, якая складалася з цёмна-сіняй блузкі з адкладным каўняром, што зашпіляўся на шыі, цёмна-сіняй спадніцы і чорных споднікаў, якія зашпіляліся пад каленам, скуранога поясу шырынёй 3-4 см. Самарыцянкі насілі баскскі берэт, на левым баку якога быў прымацаваны значок жаночай добраахвотнай пажарнай дружыны. У якасці верхняга адзення служыў плашч колеру марэнга з поясам шырынёй 4 см [10] (фота 3,4).
Былі і ў Глыбокім жаночыя пажарныя дружыны, якія дапамагалі змагацца з агнём і аказваць першую дапамогу пацярпелым. Паводле статыстычных дадзеных за 1936 год, у мястэчку імі была аказана дапамога ў 53 выпадках. Дзякуючы іх зладжанай працы было выратавана жыццё дваіх чалавек [11] (фота 5). Самарыцянскія дружыны займаліся не толькі аказаннем дапамогі падчас пажару, але і дабрачыннасцю. У перыяд калядных святаў жанчыны-пажарныя Глыбокага неаднаразова арганізоўвалі мерапрыемствы для бедных дзяцей, пад час якіх імкнуліся даць цяпло і клопат тым, хто ў гэтым асабліва меў патрэбу. Адзін з такіх святочных вечароў быў праведзены ў студзені 1937 года для 100 дзяцей з бедных сем'яў. Упрыгожыць дзецям свята стараўся аркестр пажарных, а зрабіць яго па-сапраўднаму казачным дапамог Святы Мікалай (заўв. аўт. прататып Дзеда Мароза) з падарункамі [11] (фота 6).
Святочная ёлка для дзяцей з бедных сем'яў Глыбокага была арганізавана і 16 студзеня 1938 года ў парадным пакоі будынка пажарнай аховы, на якім 200 дзецям былі ўручаны падарункі ў выглядзе адзення і прысмакаў, што былі закуплены за кошт сродкаў пажарнай аховы [12].
З асаблівым размахам святкавалі члены Добраахвотнага пажарнага таварыства і сваё прафесійнае свята - 4 мая - Дзень Святога Фларыяна. Напрыклад, у 1936 годзе з надыходам змяркання мужчынскія і жаночыя аддзелы пажарнай аховы маршыравалі ў гэты дзень па вуліцах горада ў суправаджэнні пажарных машын і аркестра. Затым ушанаванне пажарных працягвалася ў тэатральнай зале гарадскога саду, дзе пасля заслухоўвання дакладу начальніка Аранта, адбылося ўручэнне пасведчанняў вучням і вучаніцам курсаў пажарнай падрыхтоўкі I ступені, інфармацыйнага навучання ў Лізе паветранай і супрацьпаветранай абароны ІІ катэгорыі, інструктарскага навучання ІІІ катэгорыі для Ларысы Майсяёнак. У мерапрыемстве прыняло ўдзел кіраўніцтва пажарнай аховы павета на чале з начальнікам Гжэскавякам і інструктарам Аляшкевічам [13] (фота 7,8).
Нягледзячы на ўсе старанні і пэўныя поспехі ў справе арганізацыі барацьбы з агнём, у мясцовай прэсе сістэма супрацьпажарнай бяспекі ў 1936 годзе характарызавалася як катастрафічная. На старонках газеты «Kurier Wileński» старшыня павятовага праўлення Саюза пажарнай аховы ў Глыбокім дакладваў адміністрацыйным уладам аб шэрагу існуючых праблем, якія не вырашаны належным чынам. Вынікі розных праверак паказалі, што ў выпадку ўзнікнення небяспекі існуе недахоп коней, у Глыбоцкай гміне не арганізавана належным чынам трывожная сігналізацыя. У дакладзе гаварылася і пра адсутнасць цікавасці з боку некаторых гмінных упраўленняў да справы супрацьпажарнай бяспекі, што прыводзіла да недастатковых намаганняў у гэтым накірунку. Недахоп сродкаў апавяшчэння і сродкаў перамяшчэння на выпадак пажару служыла падставай значнага спазнення ці непрыбыцця пажарных на месца пажару. У Глыбокім налічвалася 10 тысяч жыхароў, 90% будынкаў былі драўляныя, адсутнічала сігнальная сірэна. Ролю апавяшчэння выконвалі сярэднявечныя паляўнічыя трубы, якія размяшчаліся на дамах па 2-3 на вуліцу. Каб даць сігнал, пажарным неабходна было, перш за ўсё, разбудзіць такога “сігнальшчыка”, таму што інструмент апавяшчэння сам не зайграе. Усё гэта выклікала вострую неабходнасць закупіць электрычныя сігнальныя сірэны для Глыбокага. У сваім дакладзе старшыня павятовага праўлення Саюза пажарнай аховы адзначаў, што глыбоцкая пажарная дружына адчувала недахоп тэхнічнага абсталявання і гэта адкладвае адбітак на настрой людзей і выклікае ў іх расчараванне.
Адсутнасць неабходнага абсталявання і недахоп уласных коней прыводзілі да таго, што пажарная ахова не магла выехаць на пажар у поўнай падрыхтоўцы, не кажучы ўжо аб аказанні дапамогі бліжэйшым населеным пунктам [14].
Далейшае вывучэнне прэсы, паказвае, што былі зробленыя пэўныя высновы з дакладу кіраўніцтва. У 1937 годзе была набыта электрычная аварыйная сістэма радыусам дзеяння 5 кіламетраў, а для лепшага забеспячэння пажарнай бяспекі рэгіёну быў набыты яшчэ адзін аўтамабіль і маторная помпа [15]. Архіўныя матэрыялы характарызуюць тэхнічнае аснашчэнне Добраахвотнай пажарнай аховы Глыбокага ў другой палове 1930-х гг. У наяўнасці былі 4 пажарныя аўтамабілі, 6 жалезных бочак, 4 драўляныя бочкі на жалезных восях, 4 драўляныя бочкі на драўляных восях, 1 драўляны воз на жалезных восях, 12 пажарных лесвіц, 13 багроў, 3 пажарныя помпы, 3 рукавы для перапампоўкі вады, 2 начных паходні, 1 запасная жалезная вось, 5 запасных аглобляў, 3 музычныя барабаны, 17 пажарных сігналаў.
Гаворачы пра дзейнасць Глыбоцкай пажарнай аховы другой паловы 1930-х гг, немагчыма не згадаць людзей, якія ўваходзілі ў яе склад. Старшынёй праўлення быў Пінхус Шпайер, членамі праўлення былі Моўша Кацовіч, Аўсей Гейлер, Гіршан Кастрол, намеснікамі - Міхаіл Маяйка, Уладзімір Фурс, Меер Залкінд. Начальнікам аховы быў Чэслаў Палікоўскі, яго намеснікам - Моўша Мінушкін.
Пажарная ахова была падзелена на дружыны, у склад якіх уваходзілі Давід Готкін, Перац Іцін, Шмуйла Эпштейн, Берка Іофэ, Хаім Кац, Гілька Злоткін, Готліб Каган, Йосель Іцін, Вольф Юнгельсон, Абрам Юнгельсон, Ізраэль Хавес, Рыва Іофэ, Мендэль Эйгес, Элья Вейцкін, Міхаіл Маяйка, Нісан Цепелёвіч, Янкель Салавейчык, Залман Шпарбер, Мендэль Цейгіс, Давід Рапапорт, Ян Сабалеўскі, Аляксандр Хуцкі, Мікалай Хуцкі, Ян Плескачэўскі, Арон Аврух, Абрам Патэнт, Янкель Клёт, Браніслаў Мацкевіч, Бейнус Тэйлес, Элья Глаз, Юда Шапіра, Міхаіл Смольскі, Іцка Мейтэс, Зундэль Мусін, Рубін Гардон, Лэйзер Шапіра, Давыд-Хаім Гардон, Моўша Мідзюк, Лейба Этман, Аляксандр Рудерман, Андрэй Плескачэўскі, Мікалай Ясюкевіч, Міхаіл Шапіра, Антон Хуцкі, Міхаіл Петух, Бенцыён Гардон, Залман Каждан, Лазар Гітэльзон, Уладзімір Фурс, Мордух Юнгельсон, Рубін Шухман, Мендэль Рапапорт, Рафал Фейгельсон, Хаім Эйгес, Юда Пінтаў, Моўша Ліўшыц, Абрам Глаз, Нахман Мільштэйн, Борух Юнгельсон, Іцык Дрэйзеншток, Аляксандр Плескачэўскі, Сяргей Майсяёнак, Уладзіслаў Сіўко, Ошер Гіндзін, Вольф Гітлін, Саламон Гіндзін, Берка Райхель, Кастрол Кац, Вольф Фрэйдкін, Моўша Шапіра, Міхаіл Мейтэс, Мендэль Гольберштэйн, Йосель Фейгельсон, Шмуйла Фейгельсон, Танхен Капелёвіч, Танхен Пінтаў, Шымон Будаў, Йосель Гардон, Зэлік Цэпелевіч, Моўша Салавейчык, Хаім Фейгельсон, Апалінарый Ясюкевіч, Пётр Храпавіцкі, Апалінарый Хуцкі і інш (фота 9).
У пачатку 1939 года ў Глыбокім адбыўся сход кіраўніцтва павятовага аддзела пажарнай аховы, на якім быў не толькі выпрацаваны бюджэт, але і прыняты план працы, дзе быў зроблены акцэнт на водным забеспячэнні, будаўніцтве дэпо, набыцці супрацьпажарнага абсталявання і арганізацыі навучання [16].
Але планы шмат у чым, так і засталіся планамі... З верасня 1939 года тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад БССР. З гэтага моманту пачалася рэарганізацыя пажарнай аховы на новы лад. Была забаронена дзейнасць Саюза Пажарнай аховы Польскай Рэспублікі, а з БССР на заходнебеларускія землі былі накіраваныя пажарныя спецыялісты розных узроўняў, перад якімі стаяла задача рэарганізацыі сістэмы пажарнай бяспекі.
Пачаўся новы віток у гісторыі пажарнай службы на Глыбоччыне...
Спіс літаратуры
1. Пажар 1700 года // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна. – Мн. Бел.Эн, 1995. – 454 с.
2. Памятная книжка Виленской губернии на 1900 г. – Вильна: Губернская типография, 1899. – 598 с.
3. Памятная книжка Виленской губернии на 1915 г. – Вильна: Губернская типография, 1915. – 458 с.
4. Для города и общества. История пожарной службы. Часть 4 // [электронный ресурс] https://mchs.gov.by/ministerstvo/napravleniya-deyatelnosti/istoriya-pozharnogo-dela/arkhivarius/dlya-goroda-i-obshchestva-istoriya-pozharnoy-sluzhby-chast-4/
5. Statut Stowarzyszenia Ochotniczej straży pożarnej. – Warszawa, 1935. – 31 str.
6. Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна. – Ф. 437 Оп. 1. Д. 1036.
7. Coś nie coś o Głębockiej Straży Pożarnej // Kurier Wileński. – 1929. - № 22.
8. Zakończenie kursu pożarniczego w Głębokim // Kurier Wileński. – 1928. – № 132.
9. Kursy dokształtające przy straży pożarnej // Kurier Wileński. – 1938. - № 42b.
10. Samarytanki // [электронный ресурс] https://www.ppoz.pl/index.php/zajrzyj-do-srodka/historia-i-tradycje/1808-samarytanki
11. Oby ich było więcej // Kurier Wileński. – 1937. – № 60.
12. Choinka i podarki dla dzieci // Kurier Wileński. – 1938. – № 20.
13. Święto patrona rycerzy ognia // Kurier Wileński. – 1936. – № 125.
14. Katastrofalny stan obrony przeciwpożarowej w powiecie Dziśnieńskim // Kurier Wileński. – 1936. – № 87.
15. Ochotnicza straż pożarna w Głębokim nabyła drugi wóz samochodowy // Kurier Wileński. – 1937. – № 110.
16. Zebranie oddziału Straży Pożarniczych w Głębokim // Kurier Wileński. – 1939. – № 85.