Каруза Павел Іосіфавіч
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кампазітар.
Нарадзіўся 12 лютага 1900 года ў ваколіцах Глыбокага, яго бацькі жылі ў в. Волкаўшчына. Па іншай версіі ён нарадзіўся ў м. Ваўкалата (Докшыцкі р-н, Віцебская вобл.), па трэцяй - в. Ваўкалатка (Вілейскі р-н, Мінская вобл.). У бацькі Язэпа і маці Магдалены было сямёра дзяцей: Баляслаў, Юльян, Ядвіга, Леанарда, Люцыя, Марыя і Павел.
Скончыў народную школу ў Браславе, затым гімназію (як мяркуецца, у Петраградзе). У пачатку 1920-х гг. прыехаў у Вільню, пражываў на вуліцы Шкаплернай у доме №25. Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і культурным жыцці Заходняй Беларусі, узначальваў ЦК Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі (БХД). Быў асабіста знаёмы з Язэпам Драздовічам, пра што сведчыць дароўны запіс мастака ў падоранай Паўлу Карузу кнізе "Пабрацімы і вялікая шышка". З 1924 па 1926 год - вольны студэнт факультэта сацыялогіі і эканомікі Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1928 годзе скончыў тэарэтычны факультэт Віленскай кансерваторыі па класе тэорыі і кампазіцыі. У гэты ж час наведваў заняткі ў Варшаўскай кансерваторыі.
Супрацоўнічаў з газетай «Беларуская крыніца» («Biełaruskaja Krynica»), якая друкаваўся ў Беларускай друкарні ім. Францыска Скарыны ў Вільні (Biełaruskaja Drukarnia im. Fr. Skaryny). З ліпеня 1927 года па сакавік 1928 года працаваў рэдактарам дадзенага выдання, якое з'яўляецца органам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 20 лютага 1928 года ў гэтым выданні быў надрукаваны артыкул «Нашы першыя тры кандыдаты ў Сейм ад Свянцянскай выбарнай акругі (паветы: Свянцянскі, Пастаўскі, Дзісненскі і Браслаўскі)». Сярод іх:
Каруза Павел (у спісе першы). Сын селяніна, свядомага беларуса з часоў адной з першых беларускіх газет "Нашай Нівы", нарадзіўся ў лютым 1900 года ў м. Ваўкалата, Пастаўскага павета. Вучыўся Каруза ў Петраградзе, дзе пазнаёміўся з беларускім рухам (асабліва пад уплывам свайго сваяка - вядомага беларускага дзеяча К. Душэўскага, а таксама А. Грыневіча і П. Мядзёлка). Пасля прыезду на радзіму быў Каруза 14 мая 1919 года (у Нова-Свенцянах) арыштаваны польскімі ўладамі за арганізацыю беларускай моладзі і да 22 ліпеня ўтрымліваецца ў турме на Лукішках.
У 1922 годзе Каруза паступае на гуманістычны факультэт Віленскага універсітэта. Аднак цяжкія матэрыяльныя абставіны вымушаюць Каруза ў 1924 годзе выехаць да бацькоў у вёску, дзе дапамагае ім у фізічнай земляробчай працы.
Вярнуўшыся ў пачатку 1926 года ў Вільню Каруза ўваходзіць у кола беларусаў, згуртаваных каля "Беларускай Крыніцы" і ўвосень гэтага ж года яго выбіраюць старшынёй Цэнтральнага Камітэта Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі. Адначасна прымае актыўны ўдзел у работах Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры. Будучы яшчэ ў Расіі, вывучаў кааперацыю і на Кааператыўна-Гандлёвых курсах, якія праводзяцца гэтым Інстытутам, быў настаўнікам.
Пасля адыходу кс. Адама Станкевіча ад «Беларускай Крыніцы» Каруза разам з А. Сцеповічам бярэцца за рэдагаванне гэтай газеты.
На агульным з'ездзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі восенню 1927 года Каруза выбіраюць і на другі год Старшынёй Цэнтральнага Камітэта партыі. Гэта палажэнне Каруза займае і да сённяшняга дня, будучы адначасова сакратаром Віленскага Аддзела Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры".
Дэпутат Сейма ў 1928-30 гг. Абіраўся ад блока нацыянальных меншасцяў (Свянцянская выбарчая акруга № 64). На Сойме ён шмат разоў выступаў у падтрымку нацыянальных меншасцяў ва ўсходніх прымежных тэрыторыях. Пасля таго, як ў 1930 годзе Сейм спыніў сваю працу, некаторы час жыў у бацькоўскай хаце ў в. Волкаўшчына.
У 1934 годзе перайшоў польска-савецкую мяжу, спадзеючыся ажыццявіць публікацыі сваіх твораў аб беларускім фальклоры ў друкаваных выданнях БССР. Затрыманы савецкімі спецслужбамі па падазрэнні ў разведвальнай дзейнасці. У кастрычніку 1934 года пераведзены ў Бутырскую турму, прысуджаны да 10-ці гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж (арт. 58 КК РСФСР, частка 6). У ліпені 1935 года быў адпраўлены ў лагер г. Комі-Бярозаўка, а ў 1937 годзе на Салаўкі (Салавецкія астравы), дзе працаваў на будаўніцтве аэрапорта. Летам 1939 года быў пераведзены ў Нарыльск, дзе і працаваў у клубе музыкантам.
У 1945-47 гадах ён быў дырыжорам гарадскога тэатра ў Нарыльску, затым на той жа пасадзе ў Краснаярску, затым працаваў у Доме народнай творчасці г. Маладзечна. Там яго зноў арыштавалі ў красавіку 1949 года і адправілі на пасяленне ў Абанский раён Краснаярскага краю, да жніўня 1954 гады пражыў у Канску. У ссылцы працаваў фурманам у саўгасе, выхавальнікам у дзіцячым доме, культурна-асветніцкага работнікам у раённым цэнтры. Са жніўня 1954 года да вясны 1957 года працаваў у гуртку народнай творчасці г. Краснаярска і ў машынабудаўнічым тэхнікуме кіраваў аркестрам народных балалаек. З 1957 года працаваў у Віленскім настаўніцкім інстытуце, у Дзяржаўным ансамблі польскай песні і танца Літоўскай ССР. Паўторна рэабілітаваны рашэннем Ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі №50 ад 12 красавіка 1970 года.
Друкаваўся ў беларускіх выданнях «Мастацтва Беларусі» і «Літаратура і Мастацтва». Аўтар грунтоўных навуковых прац, прысвечаных беларускаму фальклору: «Вытокі беларускага меласу», «Абрадавыя песні Паазер'я» і іншых. Падрыхтаваў да выдання музычныя фальклорныя запісы А. Грыневіча. Аўтар "Камернай сімфоніі", шэрагу песень на словы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў. Браў актыўны ўдзел у фальклорных экспедыцыях супрацоўнікаў АН БССР (яго запісы ўвайшлі ў шматтомнае выданне "Беларуская народная творчасць").
Памёр 25 студзеня (20 лютага) 1988 года, пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.