Памятныя мясціны
Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса
Кожная мясцовасць мае сваю адметнасць. Наша Глыбоччына можа пахваліцца старэйшымі помнікамі архітэктуры, знакамітымі таленавітымі людзьмі, а таксама музеем прыроды, створаным пры дапамозе майстэрства і фантазіі чалавечага розуму.

ДэндрасадДэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса ўваходзіць у лік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. Сёння мы можам гаварыць пра актыўнае развіццё турызму ў нашым рэгіёне -- сюды прыбываюць наведвальнікі з розных гарадоў Беларусі, прыязджаюць лесаводы нашай і іншых краін. Гэты куточак прыроды, любоўна створаны рукамі чалавека, выклікае захапленне і павагу.
Ідэя стварэння дэндралагічнага сада ("дэндра" з грэчаскай мовы перакладаецца як "дрэва") узнікла ў спецыялістаў лясгаса ў 50-х гадах мінулага стагоддзя – дырэктара І.А. Лознікава, галоўнага ляснічага А.М. Чульбы, ляснічага С.І. Ціханчыка і інжынера лясных культур Віктара Антонавіча Ламакі. Апошні па праву лічыцца бацькам Глыбоцкага дэндрарыя. Ён аддаў сэрца, розум, натхненне дрэўцам-чужынцам і рабіў усё, каб яны адчулі сябе на Глыбоччыне ўтульна.
Нарадзіўся Віктар Антонавіч Ламака 29 жніўня 1910 года ў в. Дубіцкая Слабада Мінскага раёна. Выхоўваўся ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Рана застаўся без бацькі. Калі Віктар вучыўся ў Магілёўскім землеўпарадкавальным тэхнікуме, ён вымушаны быў працаваць, бо трэба было дапамагаць маці. Пасля заканчэння тэхнікума ў 1930 годзе пачаў працоўную дзейнасць землеўпарадчыкам Камарынскага райземаддзела Палескай вобласці. Потым служыў у радах Чырвонай Арміі, але жаданне вучыцца надалей ніколі не пакідала Віктара Антонавіча. У 25 год ён паступіў у Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С.М.Кірава. У 1940 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай і рэкамендацыю для паступлення ў аспірантуру, ён абраў для сябе працоўны шлях, працаваў на пасадзе таксатара аднаго з леспрамгасаў колішняй Беластоцкай вобласці. У 1944 годзе быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. У лютым 1945 года прызваны ў Чырвоную армію. У складзе 1-га Беларускага фронту ўдзельнічаў у баях за Берлін, атрымаў раненне і на гэтым вайна для Віктара Антонавіча скончылася.
В.А.ЛамакаПрацоўная біяграфія В. А. Ламака пачалася ў кастрычніку 1945 года ў Глыбоцкім лясгасе. Спачатку быў ляснічым, праз год атрымаў пасаду інжынера па лясных культурах і да 1971 года займаўся вырошчваннем лесу. Ён дасканала абследаваў лясы, вывучаў іх, падбіраў пародныя дрэвы, насенне якіх ішло на вырошчванне саджанцаў. Іх садзілі на высечках, на непрыдатных для сельскай гаспадаркі землях. Тады і нарадзілася задума стварыць дэндрарый, своеасаблівую лабараторыю, у якой Ламака хацеў праверыць, ці змогуць на поўначы Беларусі расці дрэвы з іншых кантынентаў.
Акрамя дэндаралагічнага сада, па яго ініцыятыве і дзякуючы яго намаганням ў 1950 годзе быў закладзены першы ў Глыбоцкім лясгасе пастаянны дзеючы гадавальнік, які стаў задавальняць патрэбы ў пасадачным матэрыяле ўсе лясніцтвы лясгаса. Ім закладзена лесанасенная плантацыя елкі на селекцыйнай аснове.
У 1971-72 гг. пад яго кіраўніцтвам была закладзена другая лесанасенная плантацыя елкі на плошчы 4 га. У 1977 годзе за арганізацыю і вырошчванне пасадачнага матэрыялу і стварэнне лесанасенных плантацый Ламака быў узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР, а ў 1983 годзе – другім медалём, як стваральнік дэндралагічнага сада. У 1986 годзе па просьбе настаўнікаў Слабадской СШ Шаркаўшчынскага раёна ён распрацаваў праект міні-дэндрасада памяці І.П. Сікора.
У 1990 годзе В.А. Ламака выдаў аўтарскую кнігу "Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса". Ганарар за кнігу ён пералічыў у фонд міру, Чырвонага Крыжа і ў раённае аддзяленне дзіцячага фонду.Ля альпійскай горкіВынікам творчай працы В.А. Ламака стаў фотаальбом "Глыбоцкаму вопытнаму лясгасу – 60 год", у які ўвайшло каля 300 здымкаў розных гадоў з апісаннем асноўных этапаў развіцця лясгаса і яго дасягненні за гэты перыяд.
Віктар Антонавіч ведаў некалькі замежных моў, у яго асабістай бібліятэцы захоўвалася некалькі сотняў тамоў кніг. Ён сабраў цікавую калекцыю паштовак "Шэдэўры сусветнага жывапісу і мастацтва", якая налічвае звыш васьмі тысяч прадметаў.
Памёр Віктар Антонавіч Ламака ў 2001 годзе. Пахаваны на сродкі лясгаса, на магіле пастаўлены мармуровы помнік. Пры лясгасе створаны музей прыроды, дзе значная частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці Віктара Антонавіча.
Рашэннем Глыбоцкага райвыканкама ад 19.02.2003 года Віктару Антонавічу Ламака першаму на Глыбоччыне прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін горада Глыбокае".     

Алея чаромхі МаакаПраекціроўка і закладка дэндралагічнага сада ажыццяўлялася ў некалькі этапаў. Пачалі з пошуку неабходнай плошчы, з умовай зручнага да яго пад'езду. Выбар спыніўся на невялічкай пляцоўцы ля вёскі Арэхаўна. Непасрэдна для гэтай тэрыторыі быў распрацаваны ў ліпені 1960 года навуковы праект, выкананы аддзелам драўляных раслін Інстытута біялогіі АН БССР (ст. навуковыя супрацоўнікі А.Ф. Іваноў, А.В. Смірнова). Планавалася на гэтай плошчы размясціць 158 відаў драўляных і куставых парод. Супрацоўнікі лясгаса на чале з Віктарам Антонавічам Ламака пачалі падрыхтоўку тэрыторыі да пасадкі запланаваных відаў дрэў. У перыяд падрыхтоўчых работ, якія праводзіліся ў 1960-1962 гг., выявілася неабходнасць унясення змен у першапачатковы праект з улікам асаблівасцей рэльефу і глебы. Другі (ужо ўдакладнены) праект сада зацвердзілі восенню 1962 года. У ім прадугледжвалася і значнае пашырэнне відаў дрэў. На месцы забалочаных ўчасткаў запраектавана стварэнне штучных вадаёмаў.Алея туі заходняйВясной 1963 года пачаліся першыя планавыя пасадкі дрэў і кустоў. У 1963 годзе было пасаджана 134 віды раслін, якія і на сённяшні дзень з'яўляюцца каштоўнейшым фондам дэндралагічнай калекцыі. Разбіўкай тэрыторыі і яе добраўпарадкаваннем (пасадкай і доглядам) займаліся рабочыя Глыбоцкага лясгаса. Першапачатковая назва дэндрарыя – "Дэндралагічны парк Глыбоцкага лясгаса" была зменена з красавіка 1985 года на "Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса" – Дэндрасад. На вызначанай тэрыторыі былі разбіты розныя пейзажныя куточкі: раўніны, узгоркі, забалочаныя нізінкі, лужкі. Тут пасаджаны шматлікія расліны, якія былі прывезены з Паўночнай Амерыкі, краін Далёкага Усходу, паўднёвых раёнаў Еўропы.
Шматгадовая руплівая праца даказала, што дрэвы розных кліматычных зон здольныя расці на Беларусі. Калекцыю дэндралагічнага саду ўжо праэкзаменавалі маразы і засухі. Не ўсе перасяленцы змаглі перанесці іх, але тыя, што выжылі атрымалі на Глыбоччыне трывалую прапіску.

 




.
 TUT.BY