Музей вёскі Шоці

Супрацоўнікі музея нядаўна пабывалі ў творчай камандзіроўцы. Даведаўшыся пра тое, што ў вёсцы Шоці намаганнямі...

Візіт пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Глыбоцкі раён

Штогод 4 лістапада грамадзяне Італіі адзначаюць Дзень нацыянальнага адзінства і Узброеных Сіл – свята, прысвечанае...

Незвычайная знаходка

Стала ўжо добрай традыцыяй, калі знойдзеныя на гарышчах старых дамоў ці на прасторах інтэрнэт-аўкцыёнаў прадметы...

«Дарога памяці»

У верасні 2019 года на тэрыторыі Глыбоцкага раёна праходзіла акцыя памяці «Во славу общей Победы», прысвечаная 75-годдзю...

Пытанні IV тура квіз-марафона “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”

Падыходзіць да фінішу гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”, які на працягу апошніх месяцаў...

Навукова-практычная канферэнцыя "Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч»

Навукова-практычная канферэнцыя "Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч» прайшла ў Глыбокім 25 верасня 2020 года....

Адкуль карані Аляксандра Грына?

Знайсці адказ на гэта пытанне паспрабавалі ўдзельнікі велапрабега «Пунсовыя ветразі», прысвечанага 140-годдзю з дня...

Медаль "Праведнік Народаў Свету" Марыі КазачонакПраведнік Народаў Свету - ганаровае званне, якое прысвойваецца ў дзяржаве Ізраіль прадстаўнікам іншых народаў, якія ў перыяд Катастрофы ратавалі або садзейнічалі выратаванню яўрэяў.

(Кароткая яўрэйская энцыклапедыя, т. 9, с. 665)

Чалавек, які выратаваў адно жыццё, выратаваў усё чалавецтва.

(Словы з Талмуда, напісаныя на медалю "Праведнік Народаў Свету")

Марыя Казачонак з унучкай

 

Праведнік Казачонак Марыя выратавала Якава Сасновіка. Дваццацігадовая дзяўчына Марыя Казачонак да вайны працавала ў Круляўшчызне ў аптэцы, якая належала Сямёну Сасновіку. Калі пачалася вайна, Сасновік адправіў Марыю дадому, да бацькоў. Сям'я Сасновік перабралася ў в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. 11 жніўня 1941 г. у сына Сямёна Іосіфа нарадзіўся маленькі хлопчык - Янкель. Сасновікі, як спецыялісты, некаторы час жылі па-за гета, хоць добра разумелі, што гэта часовая з'ява. У 1942 годзе Сасновік разам з сябрамі сям'і, хутаранамі Рамейка, распрацавалі план. Яны папрасілі Марыю Казачонак узяць хлопчыка да сябе і прадставіць яго сваім сынам Янакам. Яна пагадзілася. Летам 1942 г. Марыя Казачонак з дзіцём перабралася ў дом сям'і Рамейка. Але суседка пазнала дзіцяці, і Марыя была вымушаная хавацца. Пачаліся доўгія тулянні Марыі Казачонак з маленькім Янкелем-Янакам-Якавам, якога яна любіла як роднага. Небяспека пагаршалася яшчэ тым, што хлопчык быў абрэзаны. Марыя пастаянна мяняла месца пражывання, хавалася на гарышчах, на балоце. Шмат разоў была разам з малым на мяжы гібелі. Хлопчык жыў у Марыі Казачонак да вызвалення Беларусі. Сям'і Сасновік удалося патрапіць да партызан і выжыць. Пасля вызвалення Марыя вярнула Якава бацькам. Марыя Казачонак выйшла замуж і пераехала ў г.п. Падсвілле Глыбоцкага раёна. У яе свая сям'я, але Марыя па-ранейшаму лічыць Якава сваім сынам. Званне «Праведніка Свету» было прысуджана ёй у 1996 годзе.

Праведнікі з в. Бабруйшчына Кучко Петранэла і Павел выратавалі сям'ю Блюменталь. Сям'я Блюменталь знаходзілася ў гета Вільні. Прадбачачы акцыі знішчэння, адзін з членаў сям'і звярнуўся да сястры Петранэлы Кучко, якую даўно ведаў, з просьбай схаваць сваіх родных у яе доме. Атрымаўшы станоўчы адказ, Дэбора Блюменталь, яе дачка Мікі, яе пляменніца і пляменнік Леон і Мирьям, а таксама Рахель Блюменталь беглі з Віленскага гета ў загадзя абумоўленае месца. Сястра Петранэлы сардэчна прыняла пяць яўрэйскіх уцекачоў, але праз некалькі дзён стала ясна, што яе кватэра - не надзейнае сховішча, суседзі маглі іх выдаць. Уцекачы пераехалі ў в. Бабруйшчына, дзе іх прыняла сям'я Кучко і схавала ў свінарніку ў двары фермы. Петранэла і Павел клапаціліся пра ўцекачоў, кармілі іх, забяспечвалі ўсім неабходным. Усе пяць членаў сям'і Блюменталь заставаліся ў Кучко да вызвалення ў ліпені 1944 г.
У 1988 г. Петранэле, а ў 2000 г. Паўлу Кучко было прысуджана званне «Праведнік Народаў Свету».

Мікіта і Яўгенія ГрыцПраведнікі Грыц Мікіта і Яўгенія з в. Угляне выратавалі Сямёна Фейгельмана. Сям'я Грыцоў пражывала на хутары, які знаходзіўся побач з лесам. Мікіта служыў у польскай арміі, трапіў у палон. Пасля вызвалення з палону ён працаваў лесніком. Яўгенія была хатняй гаспадыняй і займалася выхаваннем іх сына Вадзіма (1934 г.н.).
Раніцай 28 лютага 1942 г. фашысты акружылі Лепельскае гета. Людзей заганялі ў машыны і везлі на расстрэл у лес непадалёк ад в. Чарнаручча. Сямёну Фейгельману было 14 гадоў. Калі немцы адкрылі агонь, Сямён зваліўся ў снег. Потым доўга бег і толькі цудам застаўся жывы. Без дакументаў, без ежы ён доўга блукаў, абмарозіў рукі і ногі. У Глыбоцкім раёне яго падабраў Васіль Храмы і адвёў Сямёна да свайго сваяка - лесніка Мікіты Грыца. Сямёна вылечылі, зрабілі дакументы, прадставіўшы яго як свайго далёкага сваяка. Сям'я выдатна ведала, што хлопчык - яўрэй, але трымала гэта ў сакрэце да канца нямецкай акупацыі. Пакуль Сямён жыў у Грыцоў, ён працаваў пастухом і дапамагаў па гаспадарцы. Сямён Фейгельман (фота 1945 г.)Спаў ён у стайні побач з лесам, так што мог схавацца ад нямецкіх салдат, якія прыходзілі на хутар па дровы. Так працягвалася да вызвалення раёна ад фашыстаў. У ліпені 1944 г. Сямён пайшоў на фронт. Служыў у 54-м стралковым палку 25-й стралковай дывізіі. У маі 1945 г. старшы лейтэнант Фейгельман Сямён узнагароджаны медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Пасля вайны служыў у Северадзвінску. Загадам прэзідыума ВС СССР ад 05.11.1954 г. узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі". Памёр 07.07.2018 г. Многія гады Сямён Фейгельман, адзіны выжыўшы з ўсёй сям'і, падтрымліваў блізкія адносіны з сям'ёй, якая выратавала яго. 13 чэрвеня 2004 г. Яд Вашэм удастоіў Мікіту і Яўгенію Грыц ганаровым званнем «Праведнік Народаў Свету».

Яніна і Ігнат Леановічы жылі ў вёсцы Зябкі, а Марыя і Канстанцін Сянкевіч, бацькі Яніны, жылі ў суседнім сяле Псуя. Гэтыя дзве польскія сем'і дапамагалі яўрэйскай сям'і Ітман у Зябках з першых дзён нямецкай акупацыі. Пасля таго, як немцы забілі Рафаіла Ітмана і яго старэйшага сына, застаўшыхся прадстаўнікоў сям'і адправілі ў гета м. Глыбокае. Неўзабаве сем'і Леановічаў і Сянкевічаў перавезлі ўдаву Ітмана, сямігадовага сына Шлому і дачок-падлеткаў Хану і Розу з гета Глыбокае ў Зябкі. Доўгі час хавалі іх у доме Сянкевічаў і, падчас крайняй небяспекі, перавозілі яўрэйскую сям'ю ў дом Леановічаў у Псую. Тры месяцы Ітманы хаваліся гэтымі двума сем'ямі, пакуль не далучыліся да партызанаў.
Пасля вайны шляхі яўрэяў і іх выратавальнікаў разышліся: Сянкевічы перасяліліся ў Польшчу, Леановічы засталіся ў Беларусі. Шлома Ітман іміграваў у Ізраіль, яго сястра Роза (пазней Лекач) у Швецыю, а Хана Ітман засталася ў Савецкім Саюзе. Усе яны падтрымлівалі сувязь адзін з адным на працягу многіх гадоў.
12 лютага 1991 года Яд Вашэм удастоіў Канстанціна Сянкевіча і яго жонку Марыю, а таксама Ігната Леановіча і яго жонку Яніну ганаровым званнем «Праведнік Народаў Свету».

Мы пачынаем публікацыю імёнаў нашых землякоў, прадстаўнікоў яўрэйскага народа, хто ўдзельнічаў у вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і быў узнагароджаны. Інфармацыя пра аднаго з іх - Шпайера Мікалая Маркавіча размешчана ў раздзеле пра нашых знакамітых землякоў. Працягнем расказ аб яўрэях-героях.

Фейгін Данііл ІльічФейгін Данііл Ільіч 07.01.1907 (25.12.1906). Нарадзіўся ў м. Глыбокае. У жніўні 1941 года быў прызваны ў дзеючую армію Варонежскім ГВК. Капітан адміністрацыйнай службы ў складзе 8-ай Гвардзейскай Арміі. У канцы 1942 года ўзнагароджаны медалём “За абарону Сталінграда”. 23 студзеня 1944 года ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” за “выдатную і самаахвярную працу, якая забяспечыла выдатнае выкананне баявых заданняў камандавання ў справе забеспячэння частак арміі боепрыпасамі і ўзбраеннем”. Ва ўзнагародным лісце адзначана, што капітан Фейгін Данііл Ільіч у ходзе Сталінградскай аперацыі “сваёй сумленнай і самаадданай працай забяспечыў эвакуацыю боепрыпасаў і ўзбраення 62 Арміі на левы бераг Волгі”. 9 мая 1945 года капітан Фейгін Данііл Ільіч узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Чарговую ўзнагароду - Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, Данііл Ільіч атрымаў пасля заканчэння вайны (27.06.1945). (чытаць далей)

Сапожная майстэрня гетаНа адзінаццаты дзень вайны, 2 ліпеня 1941 года, на вуліцы пакінутага Чырвонай арміяй Глыбокага ўступілі нямецкія салдаты. Матарызаваныя часці Вермахта, не затрымліваючыся ў горадзе, імкнуліся на усход, але асобныя вайскоўцы, тым не менш, забягалі ў двары гараджан па ваду. Зайшлі яны і ў двор дома, дзе жыла сям’я 11-гадовага хлопчыка Барыса Глаза, папрасілі вады. Ім вынеслі вядро вады і далі кубак, але адзін з немцаў недаверліва запатрабаваў, каб гаспадары спачатку напаілі гэтай вадой сваіх дзяцей. Толькі пасля гэтага вайскоўцы пачалі піць самі, а потым, нічога не ўзяўшы, пакінулі двор. Такім вось спакойным выдалася першае знаёмства сям’і Барыса Глаза з акупантамі, і ў той момант хлопчык безумоўна не мог уявіць, што ўжо ў наступным месяцы яго маці Рахіль будзе расстраляна як супрацоўніца органаў савецкай улады, а праз два гады падчас знішчэння гета загінуць яго бацька і сястра.

Выраб дарожных указальнікаў у адной з майстэрняў гетаГэта адбудзецца ў жніўні 1943 года, а тады летам 41-га, глыбачане, і ў тым ліку мясцовыя яўрэі, спрабавалі прыстасавацца да новай рэчаіснасці. Глыбоцкім яўрэям, аднак, вярнуцца да ранейшага жыцця было ўжо не магчыма. У канцы верасня (па іншых звестках у кастрычніку) першага года вайны па загаду акружнога камісара Паўля Гахмана ўсе глыбоцкія яўрэі былі вымушаны перасяліцца ў гета, пад якое адвялі паўночна-заходнюю частку горада. Усходняй мяжой гета з’яўлялася вуліца Ломжынская (сучасная вул. Энгельса), паўднёвай – вуліца Віленская (у наш час участак вул. Леніна ад заходняга ўскрайку горада да Цэнтральнай плошчы). Ад іншых вуліц з восені 1942 года яно было ізалявана драўляным заборам з калючым дротам.

Сярод знакамітых асоб зямлі Глыбоцкай трэба ўспомніць і пра многіх прадстаўнікоў былой яўрэйскай абшчыны Глыбокага. Бо гэта тыя людзі, хто зрабіў значны ўклад у гісторыю сваёй малой радзімы, заняўшы ганаровае месца сярод іншых выдатных асоб нашага краю. Пазнаёміцца з імі вы можаце на старонках нашага сайта.

Вялікую ролю ў грамадска-рэлігійным жыцці яўрэйскага народа сыгралі выхадцы зямлі Глыбоцкай - Шмуель Магілевер і Бернард Берзон.

Бернанд БерзонБернард Берзон - яўрэйскі грамадскі і рэлігійны дзеяч, рабін.

Нарадзіўся ў 1913 годзе ў мястэчку Пліса Віленскай губерні). У 1925 годзе пераехаў з сям'ёй у ЗША. У 1935 годзе скончыў Ешыву-універсітэт (старэйшая і найбуйнейшая яўрэйская вышэйшая навучальная ўстанова ў ЗША). Быў прэзідэнтам Савета рабінаў Амерыкі (1970 - 1972), старшынёй Асацыяцыі выпускнікоў Ешывы-універсітэта (1966 - 1968), віцэ-прэзідэнтам рэлігійных сіяністаў Амерыкі (1971 - 1973). З 1939 года Берзон з'яўляўся духоўным лідэрам абшчыны Ахават Ісраэль у Брукліне.

Займаўся свецкімі навукамі - у Універсітэце Мэна (ЗША) атрымаў ступень магістра эканомікі. З 1982 года і на працягу сямі гадоў пражываў у Ізраілі, пасля чаго вярнуўся ў ЗША. Памёр 15 мая 1982 года.

 

Шамуэль МагілеверШмуэль Магілевер - яўрэйскі рэлігійны і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся ў 1824 годзе ў мястэчку Глыбокае Віленскай губерні ў сям'і рабіна. Вучыўся ў Валожынскай ешыве, дзе ў 1843 годзе атрымаў званне рабіна. У перыяд з 1848 па 1883 год паслядоўна быў рабінам у Глыбокім, Шакяе, Сувалках, Радаме. З 1881 года супрацоўнічаў з сіянісцкім рухам. У 1882 годзе выправіўся ў Нямеччыну і Францыю з мэтай пошуку спонсараў для падтрымкі яўрэйскіх калоній у Палестыне.

У 1883 годзе Шмуэль Магілевер стаў рабінам Беластока. Заклікаў яўрэяў перасяляцца ў яўрэйскую калонію Петах-Тыква ў Палестыне, заснаваў у Беластоку рабінскую школу і крэдытнае таварыства. Быў адным з ініцыятараў стварэння сіянісцкай арганізацыі Хавевей Цыён, з 1988 года з'яўляўся яе прэзідэнтам. На Першым Сіянісцкім кангрэсе ў 1897 годзе Магілевер быў абраны адным з чатырох кіраўнікоў, адказных за дзейнасць Сіянісцкай арганізацыі ў Расіі. Памёр 10 чэрвеня 1898 года ў Беластоку. У 1991 годзе яго астанкі былі перавезены ў Ізраіль.

 

"Глыбокае: Памяць пра яўрэйскае мястэчка"У 2017 годзе ў маскоўскім выдавецтве была надрукавана кніга "Глыбокае: Памяць пра яўрэйскае мястэчка". Яна аб'яднала ў сабе дадзеныя вуснай гісторыі, фальклору і этнаграфіі, эпіграфікі, архіўныя матэрыялы пра жыццё яўрэяў мястэчка Глыбокае ў Заходняй Беларусі, сабраныя як падчас школы-экспедыцыі Цэнтра "Сэфер" і Цэнтра славяна-юдаікі Інстытута славяназнаўства РАН (22-30 ліпеня 2015 г.), так і ў ходзе архіўных пошукаў. Удзельнікі школы-экспедыцыі ля будынка музея (Глыбокае. 2015 г)Кніга стала вопытам рэканструкцыі "яўрэйскай гісторыі" былых беларускіх мястэчак. Хочацца верыць, што выданне, прысвечанае яўрэйскаму Глыбокаму, гісторыі міжэтнічных кантактаў, якія захавалі ў народнай памяці і помніках матэрыяльнай культуры, будзе запатрабаванае як спецыялістамі (гісторыкамі, этнографамі, фалькларыстамі), так і шырокім колам чытачоў, неабыякавым да гісторыі яўрэйскага народа і яго культурных традыцый.

Больш за шэсць стагоддзяў на Беларусі жывуць татары. Яны з'явіліся на тэрыторыі ВКЛ яшчэ ў часы князя Вітаўта. Ужо ў XVI стагоддзі татары жылі ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства, а значыць на тэрыторыі сучаснай Глыбоччыны. Гістарычныя дакументы не падаюць звестак пра пражыванне іх у Глыбокім да 2-й паловы XIX стагоддзя. Верагодна, татарская калонія з'явілася тут толькі пасля 1850-х гадоў.

Глыбоцкія татары-гарбары (фота 1930-х гг)Жылі татары ў Глыбокім, у асноўным, на вуліцы, якая пазней атрымала назву Татарскай, а таксама ў навакольных вёсках (Мядзвёдкі, Ракаўцы, Абруб-Беразвецкі). Асноўным заняткам татараў, якія жылі на Беларусі, было агародніцтва, рамізніцтва, дубленне скур (гарбарства), выраб саф’яну, а ў сельскай мясцовасці – земляробства і жывёлагадоўля. Асноўны занятак глыбоцкіх татараў – гарбарства. У Глыбокім яны мелі ўласныя гарбарні або працавалі ў майстэрнях гарбароў-яўрэяў. Размяшчаліся майстэрні на вуліцах Дуброва, Кракаўская і Віленская, дзе майстры-татары апрацоўвалі скуры, з якіх потым шылі зімовае адзенне. Да канца XIX стагоддзя ў Глыбокім было 16 гарбарных майстэрняў.