Праведнікі Народаў Свету
Праведнік Народаў Свету - ганаровае званне, якое прысвойваецца ў дзяржаве Ізраіль прадстаўнікам іншых народаў, якія ў перыяд Катастрофы ратавалі або садзейнічалі выратаванню яўрэяў.
(Кароткая яўрэйская энцыклапедыя, т. 9, с. 665)
Чалавек, які выратаваў адно жыццё, выратаваў усё чалавецтва.
(Словы з Талмуда, напісаныя на медалю "Праведнік Народаў Свету")
Праведнік Казачонак Марыя выратавала Якава Сасновіка. Дваццацігадовая дзяўчына Марыя Казачонак да вайны працавала ў Круляўшчызне ў аптэцы, якая належала Сямёну Сасновіку. Калі пачалася вайна, Сасновік адправіў Марыю дадому, да бацькоў. Сям'я Сасновік перабралася ў в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. 11 жніўня 1941 г. у сына Сямёна Іосіфа нарадзіўся маленькі хлопчык - Янкель. Сасновікі, як спецыялісты, некаторы час жылі па-за гета, хоць добра разумелі, што гэта часовая з'ява. У 1942 годзе Сасновік разам з сябрамі сям'і, хутаранамі Рамейка, распрацавалі план. Яны папрасілі Марыю Казачонак узяць хлопчыка да сябе і прадставіць яго сваім сынам Янакам. Яна пагадзілася. Летам 1942 г. Марыя Казачонак з дзіцём перабралася ў дом сям'і Рамейка. Але суседка пазнала дзіцяці, і Марыя была вымушаная хавацца. Пачаліся доўгія тулянні Марыі Казачонак з маленькім Янкелем-Янакам-Якавам, якога яна любіла як роднага. Небяспека пагаршалася яшчэ тым, што хлопчык быў абрэзаны. Марыя пастаянна мяняла месца пражывання, хавалася на гарышчах, на балоце. Шмат разоў была разам з малым на мяжы гібелі. Хлопчык жыў у Марыі Казачонак да вызвалення Беларусі. Сям'і Сасновік удалося патрапіць да партызан і выжыць. Пасля вызвалення Марыя вярнула Якава бацькам. Марыя Казачонак выйшла замуж і пераехала ў г.п. Падсвілле Глыбоцкага раёна. У яе свая сям'я, але Марыя па-ранейшаму лічыць Якава сваім сынам. Званне «Праведніка Свету» было прысуджана ёй у 1996 годзе.
Праведнікі з в. Бабруйшчына Кучко Петранэла і Павел выратавалі сям'ю Блюменталь. Сям'я Блюменталь знаходзілася ў гета Вільні. Прадбачачы акцыі знішчэння, адзін з членаў сям'і звярнуўся да сястры Петранэлы Кучко, якую даўно ведаў, з просьбай схаваць сваіх родных у яе доме. Атрымаўшы станоўчы адказ, Дэбора Блюменталь, яе дачка Мікі, яе пляменніца і пляменнік Леон і Мирьям, а таксама Рахель Блюменталь беглі з Віленскага гета ў загадзя абумоўленае месца. Сястра Петранэлы сардэчна прыняла пяць яўрэйскіх уцекачоў, але праз некалькі дзён стала ясна, што яе кватэра - не надзейнае сховішча, суседзі маглі іх выдаць. Уцекачы пераехалі ў в. Бабруйшчына, дзе іх прыняла сям'я Кучко і схавала ў свінарніку ў двары фермы. Петранэла і Павел клапаціліся пра ўцекачоў, кармілі іх, забяспечвалі ўсім неабходным. Усе пяць членаў сям'і Блюменталь заставаліся ў Кучко да вызвалення ў ліпені 1944 г.
У 1988 г. Петранэле, а ў 2000 г. Паўлу Кучко было прысуджана званне «Праведнік Народаў Свету».
Праведнікі Грыц Мікіта і Яўгенія з в. Угляне выратавалі Сямёна Фейгельмана. Сям'я Грыцоў пражывала на хутары, які знаходзіўся побач з лесам. Мікіта служыў у польскай арміі, трапіў у палон. Пасля вызвалення з палону ён працаваў лесніком. Яўгенія была хатняй гаспадыняй і займалася выхаваннем іх сына Вадзіма (1934 г.н.).
Раніцай 28 лютага 1942 г. фашысты акружылі Лепельскае гета. Людзей заганялі ў машыны і везлі на расстрэл у лес непадалёк ад в. Чарнаручча. Сямёну Фейгельману было 14 гадоў. Калі немцы адкрылі агонь, Сямён зваліўся ў снег. Потым доўга бег і толькі цудам застаўся жывы. Без дакументаў, без ежы ён доўга блукаў, абмарозіў рукі і ногі. У Глыбоцкім раёне яго падабраў Васіль Храмы і адвёў Сямёна да свайго сваяка - лесніка Мікіты Грыца. Сямёна вылечылі, зрабілі дакументы, прадставіўшы яго як свайго далёкага сваяка. Сям'я выдатна ведала, што хлопчык - яўрэй, але трымала гэта ў сакрэце да канца нямецкай акупацыі. Пакуль Сямён жыў у Грыцоў, ён працаваў пастухом і дапамагаў па гаспадарцы. Спаў ён у стайні побач з лесам, так што мог схавацца ад нямецкіх салдат, якія прыходзілі на хутар па дровы. Так працягвалася да вызвалення раёна ад фашыстаў. У ліпені 1944 г. Сямён пайшоў на фронт. Служыў у 54-м стралковым палку 25-й стралковай дывізіі. У маі 1945 г. старшы лейтэнант Фейгельман Сямён узнагароджаны медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Пасля вайны служыў у Северадзвінску. Загадам прэзідыума ВС СССР ад 05.11.1954 г. узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі". Памёр 07.07.2018 г. Многія гады Сямён Фейгельман, адзіны выжыўшы з ўсёй сям'і, падтрымліваў блізкія адносіны з сям'ёй, якая выратавала яго. 13 чэрвеня 2004 г. Яд Вашэм удастоіў Мікіту і Яўгенію Грыц ганаровым званнем «Праведнік Народаў Свету».
Яніна і Ігнат Леановічы жылі ў вёсцы Зябкі, а Марыя і Канстанцін Сянкевіч, бацькі Яніны, жылі ў суседнім сяле Псуя. Гэтыя дзве польскія сем'і дапамагалі яўрэйскай сям'і Ітман у Зябках з першых дзён нямецкай акупацыі. Пасля таго, як немцы забілі Рафаіла Ітмана і яго старэйшага сына, застаўшыхся прадстаўнікоў сям'і адправілі ў гета м. Глыбокае. Неўзабаве сем'і Леановічаў і Сянкевічаў перавезлі ўдаву Ітмана, сямігадовага сына Шлому і дачок-падлеткаў Хану і Розу з гета Глыбокае ў Зябкі. Доўгі час хавалі іх у доме Сянкевічаў і, падчас крайняй небяспекі, перавозілі яўрэйскую сям'ю ў дом Леановічаў у Псую. Тры месяцы Ітманы хаваліся гэтымі двума сем'ямі, пакуль не далучыліся да партызанаў.
Пасля вайны шляхі яўрэяў і іх выратавальнікаў разышліся: Сянкевічы перасяліліся ў Польшчу, Леановічы засталіся ў Беларусі. Шлома Ітман іміграваў у Ізраіль, яго сястра Роза (пазней Лекач) у Швецыю, а Хана Ітман засталася ў Савецкім Саюзе. Усе яны падтрымлівалі сувязь адзін з адным на працягу многіх гадоў.
12 лютага 1991 года Яд Вашэм удастоіў Канстанціна Сянкевіча і яго жонку Марыю, а таксама Ігната Леановіча і яго жонку Яніну ганаровым званнем «Праведнік Народаў Свету».