Трагедыя яўрэйскага гета
На адзінаццаты дзень вайны, 2 ліпеня 1941 года, на вуліцы пакінутага Чырвонай арміяй Глыбокага ўступілі нямецкія салдаты. Матарызаваныя часці Вермахта, не затрымліваючыся ў горадзе, імкнуліся на усход, але асобныя вайскоўцы, тым не менш, забягалі ў двары гараджан па ваду. Зайшлі яны і ў двор дома, дзе жыла сям’я 11-гадовага хлопчыка Барыса Глаза, папрасілі вады. Ім вынеслі вядро вады і далі кубак, але адзін з немцаў недаверліва запатрабаваў, каб гаспадары спачатку напаілі гэтай вадой сваіх дзяцей. Толькі пасля гэтага вайскоўцы пачалі піць самі, а потым, нічога не ўзяўшы, пакінулі двор. Такім вось спакойным выдалася першае знаёмства сям’і Барыса Глаза з акупантамі, і ў той момант хлопчык безумоўна не мог уявіць, што ўжо ў наступным месяцы яго маці Рахіль будзе расстраляна як супрацоўніца органаў савецкай улады, а праз два гады падчас знішчэння гета загінуць яго бацька і сястра.
Гэта адбудзецца ў жніўні 1943 года, а тады летам 41-га, глыбачане, і ў тым ліку мясцовыя яўрэі, спрабавалі прыстасавацца да новай рэчаіснасці. Глыбоцкім яўрэям, аднак, вярнуцца да ранейшага жыцця было ўжо не магчыма. У канцы верасня (па іншых звестках у кастрычніку) першага года вайны па загаду акружнога камісара Паўля Гахмана ўсе глыбоцкія яўрэі былі вымушаны перасяліцца ў гета, пад якое адвялі паўночна-заходнюю частку горада. Усходняй мяжой гета з’яўлялася вуліца Ломжынская (сучасная вул. Энгельса), паўднёвай – вуліца Віленская (у наш час участак вул. Леніна ад заходняга ўскрайку горада да Цэнтральнай плошчы). Ад іншых вуліц з восені 1942 года яно было ізалявана драўляным заборам з калючым дротам.
Адначасова з узнікненнем гета быў арганізаваны юдэнрат – яўрэйскі савет, які выступаў у ролі пасрэдніка паміж яўрэйскай абшчынай горада і акупацыйнымі ўладамі. Старшынёй савета абралі Гершона Ледэрмана – вопытнага камерсанта, які добра валодаў нямецкай мовай. Мясцовыя яўрэі спадзяваліся на тое, што пакуль яны патрэбны немцам – іх не будуць чапаць, таму ўжо ў хуткім часе пасля стварэння гета глыбоцкі юдэнрат змог наладзіць працу значнай колькасці рамесных майстэрань і невялікіх прамысловых прадпрыемстваў. На разнастайных работах былі заняты таксама і дзеці. Напрыклад, згаданы ўжо Барыс Глаз падмятаў вуліцы, а зімой чысціў іх ад снегу.
За сваю працу жыхары гета атрымлівалі паёк, які па ўспамінах тых, хто выжыў складаўся з 200 грамаў хлеба і невялікай колькасці круп. Намаганнямі юдэнрата было арганізавана харчаванне для найменш забяспечаных, медыцынскае абслугоўванне.
Нацысты забаранілі хаваць памерлых на яўрэйскіх могілках Глыбокага – апошняе пахаванне на іх адбылося ў жніўні 1941 года. З гэтага моманту і да канца акупацыі месцам спачынку глыбоцкіх яўрэяў стаў лес Барок. Яўрэя маглі забіць за найменшае невыкананне распараджэнняў нямецкіх улад, і адзінкавыя расстрэлы на доўгі час сталі жахлівай нормай жыцця. Тым не менш, людзі да апошняга не хацелі губляць надзею на выратаванне, але ўжо з вясны 1942 года гэта надзея пачала згасаць. 25 сакавіка гітлераўцы прайшлі па вуліцах гета і без якога-небудзь прынцыпу адабралі 110 чалавек. Гэту групу людзей, якія не разумелі за што іх затрымалі, адвялі ў Барок і там расстралялі. Амаль праз тры месяцы 20 чэрвеня 1942 года адбылася другая нашмат больш крывавая акцыя, падчас якой былі забіты 2 500 чалавек (значную частку загінуўшых склалі старыя жыхары гета).
У пэўнай ступені, гэта падзея стала паваротнай кропкай у свядомасці вязняў гета. Калі раней здавалася, што выконваючы ўсе загады акупантаў, супрацоўнічаючы з нямецкімі ўладамі, яўрэйская абшчына зможа зберагчыся ад знішчэння, то зараз людзі зразумелі, што не існуе ніякіх правілаў, выконваючы якія можна будзе захаваць сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Але разам з тым, прыйшло разуменне таго, што абараніць сябе можна толькі са зброяй у руках, і немалая частка моладзі ўстала на шлях супраціўлення.
У выніку ў гета ўзнікла падпольная моладзевая група, якая імкнулася арганізаваць узброенае супраціўленне. Паступова былі наладжаны сувязі з партызанамі, да якіх з гета пачалі ўцякаць невялікія групы моладзі. Для кожнага ўцекача гэты крок быў звязаны з цяжкім маральным выбарам, бо мог прывесці да расстрэлу родных, якія заставаліся ў гета. Так, Залман Фейгельсон успамінае, што пасля таго як ён – ужо будучы членам партызанскага атраду – вывеў з гета маці і брата, нацысты арыштавалі яго бацьку, цётку, дваюраднага брата і расстралялі іх у пакаранне.
З цягам часу сувязі падпольнай групы гета з партызанамі толькі ўзмацніліся, летам 1943 года пачаў распрацоўвацца план сумеснай атакі партызан і жыхароў гета на нямецкі гарнізон Глыбокага, але рэалізаваць яго не паспелі. Нечаканыя падзеі, якія адбыліся ў сярэдзіне жніўня 1943 года на поўдні Глыбоцкай акругі самым непасрэдным чынам паўплывалі на далейшы трагічны лёс яўрэйскай абшчыны.
16 жніўня 1943 года на савецкі бок перайшла 1-я руская нацыянальная брыгада СС “Дружына” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Гіль-Радзіёнава, значную частку якой складалі былыя савецкія ваеннапалонныя. На наступны дзень гэта вайсковае злучэнне, якое змяніла назву на “1-я Антыфашысцкая партызанская брыгада”, знянацку атакавала і разграміла нямецкія гарнізоны ў Докшыцах і Крулеўшчыне. 18 жніўня з боку Глыбокага гітлераўцы пачалі моцнае наступленне на “радзіёнаўцаў”, вымусіўшы тых адступіць. Нямецкае кіраўніцтва ў Глыбокім адчувала небяспеку з боку гета, сярод жыхароў якога сапраўды ў гэты час вялася падрыхтоўка да ўзброенага выступлення. Таму, адкінуўшы партызан ад горада, было вырашана адразу ж распачаць ліквідацыю глыбоцкага гета.
У ноч з 18 на 19 жніўня гета было акружана салдатамі. Раніцай 19 жніўня юдэнрату было загадана сабраць усіх яўрэяў на плошчы быццам бы для адпраўкі ў Польшчу. Разумеючы, што нацысты рыхтуюць чарговую “акцыю”, людзі адмовіліся выконваць гэта распараджэнне і паспрабавалі вырвацца з акружанага гета. Гэта аднак удалося не многім, бо ў адказ гітлераўцы адкрылі шчыльны агонь, і большасці яўрэяў давялося хавацца ў шматлікіх сховішчах, зробленых пад хатамі. Разрозненыя асяродкі супраціўлення, якія стыхійна ўзніклі на вуліцах гета ўжо не маглі выратаваць сітуацыю, тым больш, што акупанты пачалі бамбіць тэрыторыю гета з паветра, і ў хуткім часе паўночна-заходнія кварталы Глыбокага былі ахоплены агнём. Мірныя жыхары задыхаліся ў дыме пажараў, гінулі ад куль і асколкаў гранат, і толькі пад покрывам ночы атрымалі апошні шанец вырвацца на свабоду. Сярод тых, каму пашанцавала выжыць, быў і Барыс Глаз, якога вывела з гета дзяўчына-партызанка.
У кожнага з некалькіх соцень яўрэяў, якія выжылі падчас знішчэння глыбоцкага гета была свая шчаслівая гісторыя выратавання, але ўсіх іх звязваў агульны боль – тымі страшнымі жнівеньскімі днямі кожны з іх страціў родных і сяброў. Усяго 19-20 жніўня 1943 года ў Глыбокім загінула каля 4 500 яўрэяў, памяць якіх увекавечвае помнік у скверы на вуліцы Чкалава, дзе ахвяры гета знайшлі свой апошні спачынак.