Выдатныя асобы яўрэйскай абшчыны Глыбокага
Сярод знакамітых асоб зямлі Глыбоцкай трэба ўспомніць і пра многіх прадстаўнікоў былой яўрэйскай абшчыны Глыбокага. Бо гэта тыя людзі, хто зрабіў значны ўклад у гісторыю сваёй малой радзімы, заняўшы ганаровае месца сярод іншых выдатных асоб нашага краю. Пазнаёміцца з імі вы можаце на старонках нашага сайта.
Вялікую ролю ў грамадска-рэлігійным жыцці яўрэйскага народа сыгралі выхадцы зямлі Глыбоцкай - Шмуель Магілевер і Бернард Берзон.
Бернард Берзон - яўрэйскі грамадскі і рэлігійны дзеяч, рабін.
Нарадзіўся ў 1913 годзе ў мястэчку Пліса Віленскай губерні). У 1925 годзе пераехаў з сям'ёй у ЗША. У 1935 годзе скончыў Ешыву-універсітэт (старэйшая і найбуйнейшая яўрэйская вышэйшая навучальная ўстанова ў ЗША). Быў прэзідэнтам Савета рабінаў Амерыкі (1970 - 1972), старшынёй Асацыяцыі выпускнікоў Ешывы-універсітэта (1966 - 1968), віцэ-прэзідэнтам рэлігійных сіяністаў Амерыкі (1971 - 1973). З 1939 года Берзон з'яўляўся духоўным лідэрам абшчыны Ахават Ісраэль у Брукліне.
Займаўся свецкімі навукамі - у Універсітэце Мэна (ЗША) атрымаў ступень магістра эканомікі. З 1982 года і на працягу сямі гадоў пражываў у Ізраілі, пасля чаго вярнуўся ў ЗША. Памёр 15 мая 1982 года.
Шмуэль Магілевер - яўрэйскі рэлігійны і грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў 1824 годзе ў мястэчку Глыбокае Віленскай губерні ў сям'і рабіна. Вучыўся ў Валожынскай ешыве, дзе ў 1843 годзе атрымаў званне рабіна. У перыяд з 1848 па 1883 год паслядоўна быў рабінам у Глыбокім, Шакяе, Сувалках, Радаме. З 1881 года супрацоўнічаў з сіянісцкім рухам. У 1882 годзе выправіўся ў Нямеччыну і Францыю з мэтай пошуку спонсараў для падтрымкі яўрэйскіх калоній у Палестыне.
У 1883 годзе Шмуэль Магілевер стаў рабінам Беластока. Заклікаў яўрэяў перасяляцца ў яўрэйскую калонію Петах-Тыква ў Палестыне, заснаваў у Беластоку рабінскую школу і крэдытнае таварыства. Быў адным з ініцыятараў стварэння сіянісцкай арганізацыі Хавевей Цыён, з 1988 года з'яўляўся яе прэзідэнтам. На Першым Сіянісцкім кангрэсе ў 1897 годзе Магілевер быў абраны адным з чатырох кіраўнікоў, адказных за дзейнасць Сіянісцкай арганізацыі ў Расіі. Памёр 10 чэрвеня 1898 года ў Беластоку. У 1991 годзе яго астанкі былі перавезены ў Ізраіль.