Да 80-годдзя Вялікай Перамогі
Гэты год праходзіць пад асаблівым знакам - 80-годдзя Вялікай Перамогі. Для кожнага з нас гэтая тэма блізкая. Да яе мы дакранаемся з гонарам за пераможцаў і болем за нанесеныя фашыстамі раны, беражліва захоўваючы памяць аб тых трагічных і гераічных гадах. Для большасці беларускай моладзі Вялікая Айчынная вайна - боль і несмяротны подзвіг народа. А эмоцыі, якія адчувае маладое пакаленне ў адносінах да падзей Вялікай Айчыннай вайны, - гэта ў першую чаргу разуменне маштабаў той катастрофы, якая адбылася, забраўшы жыцці вялікай колькасці людзей. У большасці маладых людзей ёсць сваякі, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, або былі яе сведкамі. І выражанае суперажыванне падзеям таго перыяду ў нашай моладзі можна растлумачыць таксама тым, што ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца каласальная работа па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Чарговым мерапрыемствам, праведзеным у раёне ў рамках святкавання Вялікай Перамогі, стала дыялогавая пляцоўка, у рабоце якой прыняў удзел і супрацоўнік нашага музея Аляксандр Хайноўскі. У мэтах знаёмства з гераічным мінулым роднай Глыбоччыны ўдзельнікам мерапрыемства быў падрыхтаваны і паказаны відэазапіс-успамін ветэрана вайны Бярозаўскага Віктара Іосіфавіча. Менавіта Віктар Іосіфавіч летам 1944 года прымаў удзел у баях па вызваленні тэрыторыі Глыбоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адным з першых увайшоў у горад Глыбокае 3 ліпеня 1944 года. Удзельнікі мерапрыемства з непадробнай цікавасцю слухалі ўспаміны ветэрана і дзяліліся інфармацыяй аб сваіх сваяках, удзельніках падзей Вялікай Айчыннай вайны.
(5 мая 2025 года)























