Да Дня беларускай навукі
26 студзеня 2020 года ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі.
З гэтай нагоды наш музей і раённая бібліятэка сумесна наладзілі адмысловае мерапрыемства – дыялог-прэзентацыю “Нашы знакамітыя землякі-навукоўцы”, на якім вялася гаворка пра жыццёвы і творчы шлях дзеячаў навукі, чый лёс звязаны з Глыбоччынай.
Першым узяў слова старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі, каб пагаварыць з гасцямі пра нашых выдатных навукоўцаў.
А пагаварыць было пра каго! Як мінімум 82 ураджэнцы Глыбоцкага раёна маюць дачыненне да сферы навукі. Тут можна прыгадаць акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вацлава Ластоўскага і Уладзіміра Рашэтнікава, члена-карэспандэнта НАН Андрэя Майсяёнака, прафесара Юрыя Сабалеўскага.
Многія нашы землякі праславіліся, як выдатныя навукоўцы, за межамі Беларусі. Яскравы прыклад – прафесар Здзіслаў Нядзеля, які нарадзіўся ў Празароках. Пераехаўшы пасля вайны у Польшчу, ён стаў вядомым філолагам-славяністам, загадчыкам кафедры ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.
Амерыканскага вучонага Барыса Кіта, які лічыў Глыбокае месцам свайго “другога нараджэння”, называюць чалавекам, які дапамог людзям ступіць на Месяц! Менавіта ён распрацаваў ракетнае паліва, якім быў запраўлены касмічны карабель “Апалон – 11”, даставіўшы на спадарожнік Зямлі Ніла Армстранга і іншых астранаўтаў.
Імя выдатнага авіяканструктара, доктара тэхнічных навук Паўла Сухога асаблівых прадстаўленняў не патрабуе. Пра яго шмат пісалі на старонках самых розных выданняў, здымалі дакументальныя фільмы. Адзін з такіх фільмаў, работа нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” пад назвай “Узлётная паласа”, быў прапанаваны ўвазе гасцей мерапрыемства.
Але музей – гэта не адзіная ўстанова горада, якая збірае матэрыялы пра нашых навукоўцаў. Шмат увагі гэтай тэме надае і Глыбоцкая раённая бібліятэка. З тым, як вядзецца збор інфармацыі, яе сістэматызацыя і публікацыя, усіх прысутных пазнаёміла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Марына Ізаітка.
Акрамя расказу, удзельнікі дыялогу змаглі пабачыць па-сапраўднаму ўнікальныя музейныя прадметы: арыгінальнае выданне 1926 года “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага, асабістыя рэчы і ўзнагароды Барыса Кіта, фотаздымкі з альбома Здзіслава Нядзелі.
Зразумела, што на мерапрыемстве гучалі не ўсе імёны нашых выдатных навукоўцаў. На гэта, пэўна, не хапіла б і цэлага дня! А таму ўсіх, хто жадае больш даведацца пра землякоў-навукоўцаў, запрашаем на старонкі нашага сайта і сайта раённай бібліятэкі.