Да юбілейнай даты
Важнай культурнай падзеяй адыходзячага лета стала святкаванне 165-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага тэатральнага дзеяча Ігната Буйніцкага, якое прайшло 22 жніўня ў Празароках. Прыкметнай часткай святочных мерапрыемстваў стаў невялікі выставачны праект, падрыхтаваны супрацоўнікамі музея спецыяльна да гэтай памятнай даты - экспрэс-паказ "Пад дуду і пад цымбалы…".
Жыхары аграгарадка і госці свята, якія прыйшлі ў мясцовы Дом культуры, атрымалі магчымасць убачыць музейную калекцыю музычных інструментаў, характэрных для народнай музычнай культуры нашай краіны. Інструментальнае суправаджэнне было вельмі важнай часткай выступленняў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага – за яго адказвалі тры музыканты, якія гралі на дудзе, скрыпцы і цымбалах. Сімвалічна, што і на нашай выставе гэтае музычнае трыа было прадстаўлена. Ну і, вядома, знаёмства з экспанатамі выставы засталося б павярхоўным, калі б не захапляльны расказ навуковага супрацоўніка Уладзіміра Мірончыка.
(25 жніўня 2026 года)





















