Эстафета "Пламя міру" у Глыбоцкім раёне
Эстафета агню галоўнай спартыўнай падзеі года працягвае ўрачыстае шэсце па Беларусі. 27 мая "Полымя міру" сустракалі ў нашым раёне. У маршруце адразу некалькі знакавых месцаў, якія адлюстроўваюць гістарычную і культурную спадчыну рэгіёну. Першым населеным пунктам на тэрыторыі раёна, куды агонь Другіх Еўрапейскіх гульняў даставілі факеланосцы стала вёска Мосар - унікальны турыстычны комплекс з дэндралагічных паркам і знакамітым касцёлам Святой Ганны. Удзельнікаў эстафеты агню "Полымя міру" гасцінна сустракаў народны тэатр фальклору "Цярэшка".
На адкрытай пляцоўцы раскінулася выстава-кірмаш сувеніраў, зробленых рукамі народных умельцаў Глыбоцкага дома рамёстваў. Факел з «Полымем міру» пранесла па самых маляўнічых месцах культурна-дэндралагічнага комплексу народны майстар Беларусі Святлана Скавырка, якая валодае вытанчаным мастацтвам роспісу дываноў.
Некалькі гадоў таму маляваныя дываны атрымалі статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Свята працягнулі канцэртная праграма «Народныя матывы», этна-дыскатэка «Карагод сяброўства» і свабоднае наведванне этнаграфічнага музея, заснаванага ў свой час вядомым ксяндзом Юозасам Булькам.
З Мосара «Полымя міру» адправілася ў раённы цэнтр, дзе яго пранеслі па цэхах Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. Затым удзельнікі эстафеты накіраваліся ў дэндралагічны сад, які з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, другім па велічыні і відавай разнастайнасці дэндрарый Беларусі пасля мінскага Батанічнага саду.