Гарадскі квэст “Наперад у мінулае”
Нядзельным днём 28 чэрвеня многiя глыбачане маглі бачыць незвычайную карціну: не звяртаючы ўвагу на спякоту і стомленасць, па гораду ў розных напрамках бегалі невялікія групы маладых людзей, аб’яднаныя адной мэтай – знайсці правільныя адказы на дзесяць пытанняў новага квэста, падрыхтаванага навуковымі супрацоўнікамі музея.
На старт выйшлі 9 каманд, прычым месца старту ўсе каманды выбіралі па сваім меркаванні. Злучальным звяном паміж камандамі і арганізатарамі квэста выступіў мабільны дадатак Viber, з дапамогай якога роўна ў 13:00 удзельнікі гульні адначасова атрымалі ўсе дзесяць заданняў, а разам з імі і магчымасць самастойна пракладваць свой маршрут. У кожным пытанні квэста было зашыфравана пэўнае месца нашага горада. Таму, знайшоўшы яго, нашы гарадскія вандроўнікі павінны былі выслаць арганізатарам, якія пільна сачылі за імі, фотаздымак гэтага аб’екта і чакаць ад іх адказу.
Чаго толькі не ўбачылі на тварах удзельнікаў арганізатары квэста, асабліва бліжэй да канца гэтага трохгадзіннага «марафону»: радасць, упэўненасць, вясёлы запал, трывожную надзею, стомленасць, фаталізм... І тым не менш, аддаем належнае ўсім камандам – нягледзячы на не самае спрыяльнае надвор’е (тэмпература паветра была каля +25), імі была праяўлена зайздросная ўпартасць, годная павагі.
Прапануем і вашай увазе пытанні квэста, з адказамі на якія вам дапамогуць нашы першапраходцы:
1. Наш знакаміты зямляк пісаў: “...у нашым родзе, з бацькі на сына, з пакалення ў пакаленне, займаліся лячэннем. З гэтай прычыны на Дзісеншчыне мы больш вядомы пад прыдомкам “Дактаронкі”. Згодна гэтым сямейным традыцыям, пасля аканчання мной народнай школы, бацька паслаў мяне да свайго брата, вучыцца лекарскага ўмецтва...”.
Дакраніцеся да помніка, пастаўленага ў гонар земляка, які пакінуў гэтыя ўспаміны.
2. Знайдзіце ў горадзе месца, звязанае з ураджэнцам Беларусі, які ў свой час напісаў два сцэнарыі па дамоўленасці са знакамітай амерыканскай кінакампаніяй Warner Bros.
3. Жыццё не раз звязвала гэтага знакамітага чалавека з выкладаннем. Здагадаўшыся, якому прадмету ён навучаў дзяцей, вы без цяжкасці знойдзеце ў горадзе будынак, звязаны з яго імем.
4. Гісторыя гэтага будынка сыходзіць у далёкія стагоддзі. У 1930-я гады ў ім размяшчаўся папярэднік глыбоцкага райвыканкама – павятовае староства, адрасам якога ў той час значыўся “plac Karmelicki”.
5. Іх шырокае распаўсюджанне на Глыбоччыне звязваюць з абрэвіятурай, добра знаёмай усім беларускім карыстальнікам сотавай сувязі. І хоць у горадзе іх ўбачыш не так часта, але адзін з іх, заняўшы месца на пастаменце, прапісаўся ў Глыбокім відавочна надоўга. На яго фоне мы прапануем вам сфатаграфавацца.
6. Нягледзячы на тое, што мы ведаем гэтага героя (па яго ж расказах) як трапнага стралка, гэта невялікая скульптура адлюстроўвае яго хоць і са зброяй у руках, але не агнястрэльнай.
7. Ці кажа вам пра што-небудзь такая архітэктурная з’ява як “каунаскі мадэрнізм”? А між тым, адзін з нашых землякоў пакінуў у ім значны след. Здагадаўшыся, пра каго ідзе гаворка, вы зразумееце, куды трэба прыйсці.
8. Гродна стаў першым беларускім горадам, дзе яна з’явілася. Да Глыбокага ж дацягнулася толькі ў самым канцы XIX стагоддзя. Яна лёгка адгадваецца ў адной са скульптурных кампазіцый горада, на якой літаральна сыходзіць у неба. Пра што ж ідзе гаворка?
9. З даўніх часоў яны служылі надзейнай абаронай ад непагадзі, дзікіх звяроў і ворагаў. У гісторыі вядомы выпадкі выкарыстання іх у якасці абароны сваіх уладанняў і, нават, цэлых дзяржаў. Самая вядомая з іх, хоць захавалася не поўнасцю, мае ўнушальны памер у 8851,9 км. Старэйшая ў Глыбокім таксама захавалася не поўнасцю, і на сёння характарызуецца лічбай у 135 метраў. Сфатаграфуйцеся побач з ёй.
10. Правобразам гэтага прадмета з’яўляецца баянет, які пачаў масава выкарыстоўвацца ў Францыі з 1647 года. За доўгі час прадмет неаднаразова відазмяняўся – змяняліся яго даўжыня і форма. На пачатак ХХ стагоддзя яго сярэдняя даўжыня складала 50 см. Ёсць ён і ў Глыбокім, але яго мясцовая версія ў 10 разоў больш, чым звычайная. Знайдзіце яго.
А вынікі квэста сталі наступнымі:
Каманда | К-сць балаў | Час фінішу | Выніковае месца |
Справа Адважных | 10 | 15.52 | 1 |
СШ/2 Квэст | 9 | 15.52 | 2 |
Профі | 9 | 15.53 | 3 |
Джэнтльмены удачы 100 | 9 | 15.55 | 4 |
Вясёлыя рабяты | 8 | 15.37 | 5 |
Сузор'е | 8 | 15.58 | 6 |
Актывісты СШ№3 | 7 | 15.31 | 7 |
Падводнікі | 7 | 15.56 | 8 |
Тры іксы | 6 | 15.58 | 9 |
Яшчэ раз выказваем нашу ўдзячнасць усім удзельнікам квэста. Беражыце сябе, і да новых сустрэч!
P.S. Удзельнікі квэста пакінулі свае каментарыі для раённай газеты «Веснік Глыбоччыны»:
Аляксей Паляк, прадстаўнік каманды «Справа адважны», пераможца:
«Удзельнічаць вырашылі таму, што гэта цікава, весела і пазнавальна. Тым больш, сам я бяру ўдзел у падобных квэстах ужо 4 або 5 гадоў запар. У мінулым годзе мы занялі другое месца, да гэтага часам у пяцёрку выбіваліся. Цяперашні квэст, асобны дзякуй арганізатарам, парадаваў. Заданні незвычайныя, дзесьці з такой ужо разыначкай, што трэба не толькі «Вялікі Гугл» пакараць, але і не забываць пра кемлівасць і знаходлівасць. Больш за ўсё даставіла клопатаў другое заданне. У нас у ход пайшлі ўсе варыянты, якія толькі магчыма, пачынаючы з фота з бюстамі ў скверы знакамітых землякоў і заканчваючы роварамі на набярэжнай (як-ніяк адзін з братоў Уорнер імі гандляваў). У астатнім, усё больш-менш зразумела, тым больш, калі ўжо ёсць вопыт удзелу і добра ведаеш геаграфію горада. Адзінай перашкодай было надвор'е, але месцаў з вадой у нас у горадзе дастаткова, каб хаця б проста трошкі асвяжыцца, злёгку пырснуўшы на сябе вадой. Дзякуй арганізатарам, што ўжо каторы год ствараюць такі рух, які дазваляе пазнаць не толькі новыя факты з гісторыі сваёй малой радзімы, але і адкрыць для сябе некаторыя новыя, не вывучаныя намі, месцы. З нецярпеннем чакаем чарговага квэста. Можа, нават з ахопам большай тэрыторыі, можа, нават на роварах, можа, з культавым месцамі 1990-х (не кожны памятае, дзе было кафэ «Ласунак» або кнігарня раней)».
Эла Ждановіч, прадстаўнік каманды «Профі»:
«Было горача, але эмоцыі і задавальненне, атрыманыя ад квэста, таго каштуюць! Вельмі хацелася адказаць на ўсе 10 пытанняў. Але складаным для нас аказалася тое, што значылася першым, пра нашага земляка Вацлава Ластоўскага. Такіх звестак наша каманда, на жаль, не ведала. Ды і ў інтэрнэце нічога падобнага не знайшлі. Гэты факт з яго біяграфіі стаў для нас адкрыццём.
А самы лепшы, заліковае пытанне, лічым, - пра трактар. Уразіла яно нас. Якія мы аб'екты сабе не ўяўлялі! Нават да першай гарадской школы прыбеглі, каб на фоне самалёта сфатаграфавацца. А атрымалася... трактар ля нашага ліцэя!
Цікавым аказаўся пошук адказу на заданне пра Мюнхгаўзена. Сфатаграфаваліся са скульптурай барона, што ўстаноўлена каля могілак па вуліцы Горкага, але гэты варыянт аказаўся няправільным. Успомніць, дзе ў нас у Глыбокім другая скульптура, - не змаглі. Заўважылі яе чыста выпадкова, фатаграфуючы «адказ» са знакам «100 гадоў камсамолу» каля гарадскога Дома культуры.
Нашы шчырыя словы падзякі тым, хто прыдумаў такія пытанні. Яны так былі «закручаныя»! Рабіце для нас квэсты, калі ласка. Гэта вельмі цікава!"