Музей вёскі Шоці
Супрацоўнікі музея нядаўна пабывалі ў творчай камандзіроўцы. Даведаўшыся пра тое, што ў вёсцы Шоці намаганнямі мясцовай жыхаркі створаны адмысловы музей, мы вырашылі пазнаёміцца з яго экспазіцыяй. Ганна Адамаўна Глембоцкая са шчырасцю, пяшчотай і непамернай любоўю да роднага куточка паведала нам пра тое, колькі часу выношвала ідэю стварэння музея, адкуль узялася такая вялікая колькасць экспанатаў і хто дапамагаў ёй у рэалізацыі гэтай задумы.
Звычайная сялянская хатка, гаспадары якой ужо адышлі ў вечнасць, зноў напоўнілася жыццём, нібы вярнуўшыся на паўстагоддзя назад. У сенцах – звыклыя рэчы сялянскага побыту для апрацоўкі і захоўвання зерня, лову рыбы, сталярныя інструменты, прадметы пчалаводства. У бацькоўскай хаце Ганны Адамаўны сёння захоўваецца не толькі гісторыя населеннага пункта, але і кожнага колішняга жыхара вёскі, сабраны матэрыялы пра знакамітых землякоў. У час экскурсіі па музею Ганна Глембоцкая расказала пра сваю шматгадовую працу ў сістэме адукацыі раёна, падзеях Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення вёскі. Экспазіцыя новага музея – гэта жылыя пакоі з адпаведнымі атрыбутамі. Музеі пабоднага плана непаўторныя, маюць атмасфернасць і каларыт. Нам, музейшчыкам, нечакана было ўбачыць маляваныя дываны ў інтэр’еры пакоя, куфары, асабістыя дакументы гаспадыні. Такія рэдкія экспанаты не заўсёды сустрэнеш нават у вялікіх музеях.
Супрацоўнікі музея выказваюць шчырыя словы падзякі Ганне Адамаўне за яе актыўную жыццёвую пазіцыю, за бязмежную любоў да роднага краю і яго гісторыі. Дзякуючы такім людзям наша агульная гістарычная спадчына будзе зберагацца і памнажацца, а наступныя пакаленні заўсёды будуць ведаць свае карані і шанаваць памяць продкаў.