Музейная студыя «Сустрэчы ў стылі nostalgie»
У гэтым годзе ў нашым музеі з'явіўся новы кірунак у працы - пры музеі была створана і пачала працу музейная студыя «Сустрэчы ў стылі nostalgie». Першае пасяджэнне членаў студыі прайшло нядаўна ў адным з музейных залаў і было прымеркавана да 80-годдзя ўтварэння Глыбоцкага раёна. Незвычайны для музейнай работы фармат мерапрыемства дазволіў правесці яго максімальна прадуктыўна.
Справа ў тым, што першая сустрэча адбылася за «круглым» сталом: з кубкам гарбаты і рознымі пачастункамі, якія, дарэчы, падрыхтавалі і прынеслі усе, хто прыйшоў на гэту сустрэчу. У такой, па-хатняму цёплай і сяброўскай абстаноўцы, дзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства з музейнымі супрацоўнікамі сваімі ўспамінамі аб мінулым Глыбоцкага раёна, разглядаючы сабраныя музейшчыкамі старыя фатаграфіі аб станаўленні і развіцці роднага горада. З пачуццём настальгіі ўспаміналі члены студыі лепшыя моманты з свайго дзяцінства і юнацтва, а іх шаноўны ўзрост і велізарны жыццёвы вопыт дазволіў музейшчыкам даведацца шмат новага з гісторыі горада і раёна.