Першыя дзіцячыя партызанскія чытанні
Снежань 1942-га – асаблівая дата ў гісторыі г.п. Бягомль. Партызаны брыгады "Жалязняк" у выніку двухдзённай аблогі і працяглых баёў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 19 снежня 1942 года занялі пасёлак і ўзялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі. Партызанская зона ў тыле ворага дзейнічала аж да вызвалення Беларусі войскамі Чырвонай арміі летам 1944 года.
Сёння нашчадкі вялікага подзвігу, праўнукі адважных партызан сабраліся ў Бягомльскім музеі народнай славы, каб успомніць старонкі гераічнага мінулага сваіх прадзедаў. Тут прайшлі Першыя дзіцячыя партызанскія чытанні, прысвечаныя гадавіне вызвалення партызанамі гарадскога пасёлка Бягомль. Удзельнікі чытанняў, а гэта навучэнцы школ Глыбоцкага, Барысаўскага і Докшыцкага раёнаў, падрыхтавалі даследчыя працы аб партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі.
Аб выніках свайго даследавання пра землякоў – партызан 1-й антыфашысцкай брыгады расказала Круглая Юлія, вучаніца Глыбоцкай раённай гімназіі, удзельніца музейнай студыі пры Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. У выніку знаёмства з музейнай калекцыяй баявых узнагарод, Юлю зацікавіла адна з іх – "Ордэн Чырвонай Зоркі". Высветлілася, што гэта ўзнагарода былога партызана і франтавіка Янцэвіча Уладзіміра Антонавіча, які нарадзіўся і жыў пасля вайны на Глыбоччыне, у вёсцы Ласкаўшчына. Папрацаваўшы з дакументамі многіх спецыялізаваных інтэрнет-рэсурсаў, Юля адшукала імёны яшчэ 11 землякоў-партызан, тых, хто ваяваў у гэтай партызанскай брыгадзе (з матэрыяламі выступлення можна пазнаёміцца тут).