Музей вёскі Шоці

Супрацоўнікі музея нядаўна пабывалі ў творчай камандзіроўцы. Даведаўшыся пра тое, што ў вёсцы Шоці намаганнямі...

Візіт пасольства Італьянскай Рэспублікі ў Глыбоцкі раён

Штогод 4 лістапада грамадзяне Італіі адзначаюць Дзень нацыянальнага адзінства і Узброеных Сіл – свята, прысвечанае...

Незвычайная знаходка

Стала ўжо добрай традыцыяй, калі знойдзеныя на гарышчах старых дамоў ці на прасторах інтэрнэт-аўкцыёнаў прадметы...

«Дарога памяці»

У верасні 2019 года на тэрыторыі Глыбоцкага раёна праходзіла акцыя памяці «Во славу общей Победы», прысвечаная 75-годдзю...

Пытанні IV тура квіз-марафона “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”

Падыходзіць да фінішу гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”, які на працягу апошніх месяцаў...

Навукова-практычная канферэнцыя "Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч»

Навукова-практычная канферэнцыя "Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч» прайшла ў Глыбокім 25 верасня 2020 года....

Адкуль карані Аляксандра Грына?

Знайсці адказ на гэта пытанне паспрабавалі ўдзельнікі велапрабега «Пунсовыя ветразі», прысвечанага 140-годдзю з дня...

Падыходзіць да фінішу гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”, які на працягу апошніх месяцаў заахвочваў усіх аматараў гісторыі да больш падрабязнага знаёмства з мінуўшчынай Глыбоцкага краю. Застаўся апошні крок – давайце ж зробім яго разам! Нагадваем, што ў віктарыне могуць удзельнічаць навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, студэнцкая і працоўная моладзь ва ўзросце да 31-го года, а вынікі, адпаведна, будуць падведзены ў дзвюх узроставых намінацыях: 14-18 гадоў і 19-31 год.

Просім вас уважліва чытаць пытанні, адказы фармуляваць дакладна і сцісла, па-магчымасці, указваць крыніцы інфармацыі. Пераможцам тура стане той, хто дасць найбольшую колькасць правільных адказаў у найбольш кароткі тэрмін. Паколькі дадзены тур завяршае нашу віктарыну, пасля падвядзення яго вынікаў, шляхам падсумавання рэзультатаў за кожны тур, будуць вызначаны пераможцы ўсяго квіз-марафону. Важны момант: у выпадку аднолькавай колькасці балаў па выніках чатырох тураў, больш высокае месца зойме той, хто пакажа лепшы рэзультат (больш высокае месца) у апошнім туры.

Пытанні IV тура квіз-марафону:

1. Будаўніцтва ў 1894 – 1897 гадах чыгункі са Свянцян у Глыбокае мела велізарнае значэнне для эканамічнага развіцця нашага горада. Назавіце імя інжынера-вынаходніка, які быў ініцыятарам яе пракладкі.

2. У багатай на падзеі біяграфіі гэтага вядомага ўраджэнца Глыбоччыны ёсць і такі цікавы факт: у лютым 1913 года яму пашанцавала выканаць ролю Сцяпана Крыніцкага ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”. Хто з нашых землякоў маецца на ўвазе?

3. Вызначыце архітэктурны помнік Глыбоцкага раёна па наступнаму апісанню: “Трохнефавы храм з пяціграннай алтарнай часткай. Галоўны фасад фланкіраваны двух’яруснымі вежамі. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі.”

4. У 1977 і 1983 гадах яго плённая праца была адзначана бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, прычым, адзін з медалёў звязаны з дзецішчам гэтага чалавека, якое ў наш час мае рэспубліканскі статус. Пра каго з жыхароў Глыбоччыны ідзе гаворка?

5. На Глыбоччыне вы можаце ўбачыць яго ў раённым цэнтры, а таксама ў вёсках Задарожжа, Мосар, Празарокі і Удзела, прычым задарожскі і мосарскі нашмат старэйшыя за астатнія. Да таго ж, яны абодва звязаны з адным і тым жа чалавекам, у чым лёгка ўпэўніцца ўважліва іх разгледзеўшы. Укажыце, што маецца на ўвазе ў пытанні. Дадатковы бал вы атрымаеце, калі знойдзеце імя гэтага чалавека.

6. У адным з нумароў газеты “Наша Ніва” за 1913 год змешчаны верш, які пачынаецца наступнымі радкамі:

“Грай, дудар, чаго ты змоўчаў?
Мо жалееш ты грудзей,
Або песні свае скончыў,
Ты, над-Дзьвінскі салавей?”

Адкажыце, каму з нашых землякоў належыць згаданы твор?

7. Асвячэнне гэтага храма, якое адбылося 31 мая 1909 года, стала даволі важнай падзеяй на Дзісеншчыне. Акрамя павятовых улад на ўрачыстасці прысутнічаў віленскі губернатар, а само асвячэнне вёў архіепіскап Літоўскі і Віленскі Нікандр. Але не менш цікавым з’яўляецца той факт, што ўзвядзенне храма адбылося пры дапамозе і дзейснай падтрымцы аднаго з мясцовых памешчыкаў. Назавіце імя гэтага землеўласніка.

8. 10 жніўня 1763 года ў кляштары кармелітаў босых у Глыбокім адбылася падзея, якая патрапіла ў хронікі многіх каталіцкіх манастыроў Вялікага княства Літоўскага. Сведкі таго здарэння не змаглі знайсці яму рацыянальнага тлумачэння, не існуе яго і зараз. Максімальна падрабязна апішыце гэту незвычайную з’яву.

9. Сучаснікам ён быў вядомы як сапраўдны кавалер, які любіў прыгожых жанчын і адорваў іх дарагімі падарункамі. Распавядаюць, аднак, што па-сапраўднаму закахаўся, відаць, толькі ў адну – дачку сваёй цёткі графіні Піўніцкай. Але дзяўчыне на той момант было толькі 16 гадоў, і яе бацькі былі не ў захапленні ад такога шлюбнага саюзу. У выніку, гэты наш зямляк так ніколі і не ажаніўся. Укажыце яго імя.

10. Шчаслівы шлюб гэтых людзей, у якім нарадзіліся дачка Марыя і сын Пётр, доўжыўся толькі чатыры гады, але меў для Глыбокага заўважныя наступствы. Назавіце імёны мужа і жонкі, пра якіх ідзе гаворка, а таксама растлумачце сутнасць згаданых у пытанні наступстваў.

11. Цяжка вызначыць дакладны час, калі гэтыя пачвары з’явіліся ў Глыбокім: прынамсі, тут можна іх знайсці ўжо не першае стагоддзе. Па аднаму з меркаванняў, іх знешні выгляд сведчыць пра бязмежную моц Бога, які можа абясшкодзіць самае жудаснае стварэнне. Хоць у Чырвоную кнігу яны і не ўнесены, але, тым не менш, зараз знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Мы не просім вас паведаміць іх назву, дастаткова, каб вы максімальна дакладна ўказалі іх глыбоцкае месца “жыхарства”.

12. Гэты цікавы архітэктурны помнік быў узведзены ў 1748 годзе, прычым сродкі на яго будаўніцтва былі выдаткаваны каталіцкім манаскім ордэнам кармелітаў босых. Да нашага часу храм дайшоў не ў першапачатковым выглядзе, але гэта не прыніжае яго гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Які будынак маецца на ўвазе?

13. На пасяджэнні выканкама Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных у красавіку 1962 года было вырашана выдзеліць на патрэбы стварэння дадзенага аб’екта зямельны ўчастак памерам у 22,3 гектары. У тым ліку, з зямель калгаса “Парыжская камуна” планавалася перадаць 10,6 га, а з зямель Глыбоцкага птушкакамбіната – 2,7 га. Акрамя таго, была вызначана неабходнасць ссялення са згаданай тэрыторыі трох хутарскіх гаспадарак. Стварэнню якога аб’екта было прысвечана гэта пасяджэнне?

14.Паспрабуйце адгадаць загадку, запісаную ў вёсцы Загор’е, вызначыўшы, што або хто такія “матка”, “дачка” і “сын:

“Матка – таўстуха,
Дачка – красуха,
Сын – перабор: перавернецца і на двор”

15. Вызначыце ўраджэнцаў Глыбоччыны па фактах з жыцця:
a) “у Вільні паступіў практыкантам у вінна-каланіяльны гандаль, дзе тры гады вучыўся купецкага ўмецтва”;
b) займаючы пасаду павятовага агранома, арганізаваў з сялян драматычны гурток, які ставіў спектаклі на беларускай мове;
c) пазнаёміўся з будучай жонкай на Палессі, дзе ў гэты час працаваў настаўнікам матэматыкі;
d) у выніку абставін правёў на службе ў арміі цэлых сем год, значную частку з якіх праслужыўшы вайсковым фельчарам;
e) пад уплывам ідэй Асветніцтва правёў у сваім маёнтку значныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы, фактычна стварыўшы дзяржаву ў дзяржаве.

Шаноўныя ўдзельнікі віктарыны, вы можаце дасылаць адказы на пытанні чацвёртага тура да 5 лістапада ўключна на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., або па пошце на адрас 211800, г. Глыбокае, вул. Энгельса, 24, ці перадаваць асабіста. Не забудзьце ўказаць свае імя, прозвішча, адрас, кантактны тэлефон, школу, клас ці месца працы, пасаду, узрост.

Улічваючы шчыльнасць у турнірных табліцах, барацьба за перамогу будзе, відаць, вельмі ўпартай. Кожнае пытанне, кожны бал можа аказацца вырашальным, як, дарэчы, і хуткасць. Усім нашым удзельнікам мы жадаем найлепшых вынікаў, і няхай удача заўсёды будзе з вамі!