Тэматычная музейная пляцоўка ў Дзень Перамогі
9 мая ў Дзень Вялікай Перамогі на Цэнтральнай плошчы горада працавала тэматычная музейная пляцоўка "Салют! Перамога!". У цэнтры ўвагі наведвальнікаў апынуліся рэальныя вайсковыя прадметы перыяду Вялікай Айчыннай вайны - салдацкія кацялкі, лыжкі, баклажкі. Жадаючыя маглі ўзяць у рукі пілотку салдата або фуражку афіцэра, гільзу ад баявога снарада, сумку-планшэт камандзіра і інш.
Адказваючы на пытанні інтэрактыўнай віктарыны, кожны жадаючы змог даведацца шмат новых і малавядомых фактаў аб вайне, здзейсніць віртуальнае падарожжа з наведваннем тых мясцін Глыбоччыны, якія звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Для маленькіх наведвальнікаў музейнай пляцоўкі былі прапанаваны тэматычныя гульні, дзіцячыя віктарыны і заданні.
Нават нягледзячы на прахалоднае і дажджлівае надвор'е гэтага дня, на музейнай пляцоўцы было шматлюдна. І дзеці і дарослыя з вялікай цікавасцю ўспаміналі пра вайну, пра дні баявой славы сваіх дзядоў і прадзедаў. Успаміналі, каб новыя пакаленні працягвалі памятаць і шанаваць Перамогу, заваяваную такой вялізнай цаной.
(10 мая 2026 года)
























