Удзел у абласной выставе
На працягу паўтара месяца ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці праходзіла абласная выстава "Гукі роднай зямлі: беларускія народныя інструменты". На ёй было прадстаўлена звыш двухсот музычных інструментаў з усёй Віцебшчыны - ад класічных аркестравых да традыцыйных народных.
Сярод экспанатаў гэтага маштабнага выставачнага праекта аказаліся і два цікавыя музычныя інструменты з фондаў нашага музея: гармонік-петраградка і шархуны. У свой час петраградкі мелі вялікую папулярнасць на Глыбоччыне, а старыя-добрыя шархуны (бубенцы) з сярэдзіны XIX стагоддзя рэгулярна выкарыстоўваліся ў складзе конскай збруі падчас святочных выездаў.
Прыемна адзначыць, што па выніках выставы Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей быў узнагароджаны Дыпломам за захаванне і папулярызацыю беларускіх народных музычных інструментаў. З найбольш цікавымі з іх можна пазнаёміцца, наведаўшы пастаянную экспазіцыю музея. Запрашаем дакрануцца да музычнай традыцыі нашых продкаў!
(28 жніўня 2026 года)





















