Усё толькі пачынаецца...
Дзень пажылога чалавека, які адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка, – гэта напамін для маладога пакалення, што старасць мае патрэбу ў падтрымцы, любові, клопаце. Гэта напамін аб тым, што нічога няма вечнага: маладосць з часам змяняецца сталасцю, а потым і старасцю.
Узрост дарослых, мудрых людзей часта называюць восенню жыцця. Як кожная пара года прыгожая па-свойму, так непаўторныя і ўзроставыя "сезоны" нашага жыцця. Старасць - час разважанняў аб сэнсе жыцця і час прымірэння, новы плённы заканамерны этап. Можна прывесці шэраг прыкладаў, калі людзі сталага ўзросту творча і паспяхова працавалі. Пісьменнік Леў Талстой, мастак Тыцыян, драматург Бернард Шоу менавіта ў старэйшым узросце стварылі найвялікшыя шэдэўры мастацтва, захоўваючы розум і жыццярадаснасць да апошніх дзён.
Не сакрэт, што менавіта ў людзей сталага веку зяўляецца жаданне вывучаць гісторыю свайго народа, сваёй маленькай радзімы, свайго роду. Для іх мы і падрыхтавалі чарговае музейнае мерапрыемства, якое дазволіць больш даведацца пра сваіх знакамітых землякоў.



















