Рэха вайны

4 лістапада 2019 года падчас рамонтных работ будынка штаба вайсковай часткі ВК-13 былі знойдзеныя фрагменты надмагільных...

Мосар натхняе!

7 лістапада 2019 года культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар наведала група турыстаў з Мінску. У суправаджэнні...

На тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар закладзены сквер сям'і

У рамках рэспубліканскага праекта па азеляненні гарадоў Беларусі 6 лістапада 2019 года ў культурна-дэндралагічным...

«Камсамол – мой лёс»

29 кастрычніка 2019 года ў сценах нашай установы прайшла музейная сустрэча «Камсамол – мой лёс», прымеркаваная да 101-й...

Падзяка за працу

За значны ўклад у развіццё, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Глыбоччыны, працоўны калектыў...

Музей навукі ў нашым горадзе

З 25 кастрычніка па 24 лістапада 2019 года ў музеі будзе праходзіць незвычайная інтэрактыўная выстава. Наведаўшы наш музей...

IV Нацыянальны форум "Музеі Беларусі"

З 4 па 6 кастрычніка 2019 года ў Брэсце адбыўся IV Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Наш музей у чацвёрты раз прыняў актыўны...

Я сірата – кругом адзін, бяздомны, бясхатні падарожнік.

Язэп Драздовіч. 1936 год.

Адбыўся велапрабег, які арганізавалі і правялі супрацоўнікі музея для моладзі Глыбочыны да 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Прайшоў ён па знакавых для нашага земляка мясцінах Дзісненшчыны, у ходзе якога моладзь змагла не толькі наведаць апісаныя мастаком у сваім дзённіку вёскі і мястэчкі, але і пазнаць многа цікавага з гістарычнага мінулага роднага краю. Звыш сотні кіламетраў пераадолелі ўдзельнікі велапрабегу па тэрыторыі Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, пабывалі ў многіх мясцінах, звязаных з імем нашага славутага мастака, пазнаёміліся з экспазіцыямі некалькіх музеяў. На кожным прыпынку маршрута ўдзельнікі з вялікім задавальненнем перачытвалі і абмяркоўвалі запісы Драздовіча, шукалі ў іх цікавыя і неардынарныя моманты жыцця вандроўнага мастака:

Глыбокае. Старт велапрабегу. Верасень 2018 г.Глыбокае.

Ліпень 1934 года.

У чацвер ад’ехаў з кавалём у Глыбокое, дзе ў першы раз давялося аглядаць надзвычайна вялікі кірмаш – торг. Усе рынкі былі перапоўнены вазамі. Чаго даўней у перадваенныя часы рэдка калі так бывала, і аднаго кароўяга (што ў цэнтры мястэчка) рынку хапала, а цяпер у некалькі разоў большы рынкавы пляц па-за мястэчкам і той перапоўнены так, што ўсіх не змяшчаець… Відаць, што з’язджаюцца не з дабра, а з бяды – не купляць, а прадаць, дзеля марнага гроша на розную рознасць. Закупіўшы ў Глыбокім самае найпатрэбнейшае, наколькі грошы хапіла іду адведаць сваіх даўно знаёмых сясцёр-малярак, што ў Бярэбоччы жывуць, над возерам, насупраць астраўка.

Беразвечча. 2018 год.Беразвечча.

1936 год.

Па дарозе, праходзячы праз Беразбечча, меў прыемнасць адведаць дзвюх сясцёр, мастачак-самавучак, і быць у іх госцем. Угашчалі мяне віном самадзельным і навучылі мяне, як яго трэба рабіць: паўкілё рыжу (рысу), кілё з чвэрцяй цукру і на 15 гр. дражджэй тры літры вады адваранай і тры тыдні часу на хаджэнне.

Залессе.Залессе. На беразе возера. 2018 год.

18 верасня 1933 года.

Схадзіў пехатою ў Залессе знімаць з пошты 2-ю рату разложанай на 10 месяцаў выплаты мне Беларускім музеем у Вільні за праданыя яму за 300 злотых 5 альбомаў старадаўнейшага замкавага будаўніцтва на Беларусі. Прыгожая мяйсцовасць – гэтае Залессе. Колькі мастацкай красы ў гэтых азёрах, што расцягнуліся ланцугом – адно за адным – серабрыстымі плямамі між узгоркаў. А вунь і бор, увесь у старадаўнейшых магілах-валатоўках, а па-за ім, над узбярэжжам апошняга возера на шапкавастай гары, ніў’ё распаханага з-за няпамятных часоў, калісь абведзенага кругам тэрасамі пад’езду і агароджанага частаколамі ды замётамі мейсца старадаўнейшага гарадзішча.

На гарадзішчы ля вёскі Зубкі. 2018 год.Зубкі.

Ліпень 1934 года.

“Гарадзея” або “Гараватка” – у паўдзённым накале Нішкунцкага возера каля Залесся. Аб гарадзішчы гэтым захавалася прыгожая легенда, што тут на гэтай гары калісь у старасвецкія часы стаяў вялікі замак, дзераўляны, а ў ім жыла красавіца княжна, якая ў часе нейкай вайны з нейкім – калі замак ейны быў абложаны і падпалены, увесь агнём заняўся, то княжна гэтая запрагла шасцярых каней у павозку са званкамі ды, разагнаўшы іх скрозь агонь і рады ворагаў, шыбанула шасцярыком з гары ў возера, дзе і па дзісь дзень раз у год у дзень таго пажару не раз чуюць людзі званкі, як княжна раз’язджаець шасцярыком па дну возера.

Залеская царква. Вёска Бушыкі. 2018 год.Бушыкі.

Ліпень 1934 года.

У некалькіх вярстах, праз тры возеры цераз Залессе, ёсць і яшчэ адно старадаўнейшае гарадзішча. Гарадзішча гэтае знаходзіцца на высокай, з двух бакоў стромай, крыху працяглаватай, пласкаватай пясчанай гары з неглыбокім чарназёмным на сваёй сталагорыстай чаўнакаватапрацяглаватай вершаліне з масаю гаршковага чарап’я, паленых касцей, камкоў апечанай гліны, жарствы і аскялепкаў ад перагарэлага каменя. Яно знаходзіцца ля заходняга накалу доўгага і глыбокага прыступістабярэжнага Сетаўскага возера, носючага супольную з гарадзішчам назову “Гародня”.  Між возерам Гародняй і Муромай ёсць і яшчэ два возеры – Бялуша і Астроўскае (ад узгорыстага над ім астраўка са стараабрадскім магільнікам). Ля першага ёсць падобны да гарадзішча ўзгорак, на якім стаіць мураваная царква.

Камень, пра які пісаў у сваім дзённіку Язэп Драздовіч. 2018 год.Камень пры дарозе.

Вясна 1936 года.

Найбольшая прыемнасць была мне ў гэтым падарожжы – гэта два маіх адпачынкі, вяртаючыся, пры добрай яснай і цёплай пагодзе, дамоў з Глыбокага. Першы выпачынак зрабіў на прыазёрным грэблі (з паркам Молевага двору) над возерам Мураўшчына. Што за дзіўны ландшафт. Злева, у лагу скрозь сосны сіневацела возера, справа – вёска, а насупраць, па-за вёскаю ўдаль узвышалася цэлая града, па-над возерам Гародня Гарадзішчанскіх гор і з высачэзна-стромаю чорнаверхаю гарой – гарадзішчам (Гародняй).

Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжжу казённага лесу, пад ёлкаю, на якой паставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі ілюзіяй фігурамі кучкавастых воблак на бірузова-зялёненькім фоне адвячоркавага неба.

Удзельнікі велапрабегу ў вёсцы Летнікі. 2018 год.Летнікі.

1936 год.

Новы год па новаму стылю спаткаў у праваслаўнай хаце за працай. А Новы год “стары” (разам са старымі Калядамі) спатыкаў на сваёй кватэры з “Башкіром” у Летніках, а дзеля гэтага спаткання, каб было ў чым спатыкаць, аж два каўры на гэтую інтэнцыю ў суполцы з “Башкірам” прыйшлося напэцкаць, бо “Башкір” таксама ў сваім родзе мастак – каўры для баб малюець ды, як кажуць, “ні з-пад формы”, “набіваюць”, а з-пад рукі рысуючы ўзоры крэйдай – малюець.

Глыбачане на "самакатках-роварах". 2018 год.

Летнікі.

Вясна 1937 года.

Другую “старую” (праваслаўную Пасху, ужо як сапраўды спатканую вясну) правёў у Летніках, у Янкі Башкіра, но ўжо як маёўку. Са шпацырам у лес… Там было й некалькі прыехаўшых гасцей са стараны на самакатках або роварах, як іх цяпер пачалі называць.

Па дарозе, дзе хадзіў дзядзька Язэп. 2018 год.Лучайка – Верацеі.

Нядзеля. 31 марца 1935 года.

Закончыўшы ў “жабінай” (Лужыцкай) Лучайцы дэкаратыўна-сценную працу (дыван) для Прасінні, вяртаюся на адпачынак у Летнікі. Пагода цёплая, ясная, а ад белага снегу, якім з учарашняга дня пакрылася зямля і стрэхі, у вачах аж асляпленне. На вуліцах ў Верацеях мяне напаткала грамадка прыгожанькіх дзяўчатак-школьніц, якія, акружыўшы мяне, правялі мяне праз усю вёску і кожная з іх прасіла нарысаваць ёй што-небудь у сшытак. Просьбы я іхнія прыняў і зайшоўся ў адну са знаёмых мне хат, панарысоўваў ім алоўкам – каторай кветачку, каторай зайчыка, каторай анёльчыка, а каторай усміхаючую курноску.

Вяртаючыся з Верацей праз Лучайку ў Летнікі, мяне затрымалі (у Лучайцы, а пасля і ў Прытыках) мальцы-кавалеры і запрасілі мяне на зборніцу – паваражыць і паразгадваць характары. Ад варажбы я адказаўся, але што да характарызацыі – прыняў запросіны… Так шмат было прыгожанькіх дзяўчат і кожная з іх падсоўвала мне свае рукі з пытаннямі “які мой характар і да чаго я здольная?...”

Клінавое. Капліца на вясковых могілках. 2018 год.Чарневічы.

Лістапад 1934 года.

Не прамінуў адведаць у задушныя дні ўсіх святых і тымчасова, перабудаваны з мураванага свірну на касцёл, касцялок у Чарневічах. Я люблю адведваць падобныя “ўдалі ад шумнага і няшчырага свету” невялічкія, у вясковай глушы касцёлкі і царкоўкі, так усё там просценька і шчыра, без ніякай паказной, штучна напружанай нацяжкі дзеля нейкага папісу – як на выстаўцы…

Ля праваслаўнага храма вёскі Лужкі. 2018 год.Лужкі.

Вясна 1934 года.

Першы дзень Вялікадня правёў на гасцях у брата Канстанціна. Людзі збіраліся і беглі на рэзерэкцыю ў Лужкі, але я не йшоў, не праз лень і не праз некаторага роду недаверачныя пабудкі, а праз тое, што не надта люблю занадта публічнага (з шыкам) характару малебны, якія адбываюцца ў пекнавыглядным Лужэцкім касцёле з разнастайнаю публікай ды жаўнерскімі сальвамі. Іду ў Дворнаўскую капліцу, дзе збіраюцца ўсе роўнымі…

Вясна 1936 года.

Трэцці дзень Зялёнага свята. Па снеданню адпраўляемся з Янкам на ягоным белым фэрдзе (на кані) ў Лужкі на кірмаш, дзе пляц рынку застаўлен вазамі з вясковымі таварамі, дзе сходы карчмы-мураванкі заняты прадаўшчыцамі куравых яец, а кругом пляцу вянком ідзець шпацыроўка дзяўчат у самых наймаднейшых сукенках. Давялося тут і мне разы са тры сягодня акружыць гэты пляц, спаткаўшыся з адной гарцэрачкай-сваячкай… Папрашчаўшыся ў карчме з Янкам ды абмовіўшы справу надгробнай пліты з напатканымі тут путраніцкімі каменачосамі, адпраўляюся ў Юркава на адведванне брата.

У Германавіцкім мастацка-этнаграфічным музеі імя Я.Н.Драздовіча. 2018 год.Германавічы.

Панядзелак. 28 верасня 1935 года.

У Германавічах, як заўсёды ў панядзелак, - кірмаш. З’язджаюцца людзі на рынак і чуць не ў кожнага з іх на вазе – вязкі свежага лёну на продаж. У людзй безграшоў’е. А сёлета лён урадзіў аж занадта. Лёнам рынкі завалюць, а безграшоў’я свайго не папоўняць, бо жыды за лён плоцяць “э!” – што ласка. І дзівуюся я, чаму гэта нашыя сяляне не згуртуюцца ў льняную гуртоўню – сваю, уласную, а то ў розніцу, хто па сабе – без пары, за бясцэнак. У Германавічах, мімаходам, каб не пазастацца на зіму без цёплай адзежы, набраў сабе паўсукна на штаны і, між іншым, новы світар жаночы, у якім перашыю гузікі і перараблю яго гэтым на мужчынскі.

Па дарозе з Германавіч. 2018 год.Чацвер – на Спаса. 1936 год.

Быў у Германавічах на фэсце. На фэсце было шмат народу – як тутэйшых, так і прыезджых католікаў і не менш таго і праваслаўных з-пад Шкунцікаў. Германоўскія католікі, а шкунцікаўскія праваслаўныя – гэта адзін і той самы народ – беларусы, і адны адным сабою фэсты папаўняюць. І фэст для іх як царкоўнае ці касцёльнае свята – гэта толькі прычына, каб сабрацца, паказацца, перавідзецца, пакірмашаваць. Касцёл і царква аказваюцца з гэтага погляду дасканалымі пункт-клубамі супольнасці людзей. Без гэтакіх пункт-клубаў яны б дзічэлі, не сутыкаючыся, і жылі б толькі самі сабою, знаючы толькі самі сябе, як гэта было ў перадваенныя часы, калі сваталіся і жаніліся, беручы сабе жонку толькі са свайго сяла, сваёй вёскі – як астатак колішняй паншчыны, калі жонку бралі толькі з-пад свайго пана і са сваёй вёскі. Цяпер жа гэтага няма. Дзеўкі стараюцца выйсці замуж як надалей, а мужчыны бяруць сабе жонак з далёку, не лічучыся ані з паходжаннем па веры.

Такім чынам удзячныя патомкі ўспомнілі свайго таленавітага земляка.