Гісторыя музея

 

Па рашэнню выканкама раённага Савета народных дэпутатаў ад 31.08.1992 года № 204 былы будынак гарсавета па вуліцы Энгельса,24 быў перададзены пад музей. Гэты будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры першай паловы ХХ ст. (адзін з дамоў тагачаснага жылога сектара Глыбокага). Узведзены ён быў у 1931 – 1932 гг. мясцовым жыхаром у “нацыянальным стылі” – сінтэз барока, класіцызма і мадэрна.

На працягу некалькіх гадоў ішоў працэс стварэння музейнай экспазіцыі (мастацкае афармленне залаў – Гліва Д.Х., Гілевіч Я.Я. – г. Мінск, Сотнікаў С.М. – г. Віцебск), ажыццяўляўся збор экспанатаў (на момант адкрыцця ў фондах налічвалася 4526 экспанатаў).

30 снежня 1997 года гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Такім чынам у гараджан з’явілася магчымасць далучыцца да гістарычнай спадчыны раёна, і вось ужо каторы год калектыў супрацоўнікаў музея плённа працуе на ніве вывучэння мінуўшчыны нашага рэгіёна.

 

Рашэннем Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта ад 8 жніўня 2005 года адкрыты філіял гісторыка-этнаграфічнага музея ў вёсцы Мосар. На 16 гектарах тэрыторыі комплексу размешчаны алеі, скульптурныя кампазіцыі рэлігійнай тэматыкі, малыя архітэктурныя формы, дагледжаныя кветнікі, альтанкі, штучныя вадаёмы і інш. Дзейнічае этнаграфічны музей, экспазіцыя якога адлюстроўвае гісторыю Мосара, яго прыродныя і культурныя асаблівасці.


 

.
 TUT.BY