"Легенды і паданні маёнтка пана Акушкі"
Штогод 22 верасня ў Рэспубліцы Беларусь, як і ў большасці развітых краін свету, праводзіцца міжнародная акцыя - «Дзень без аўтамабіля». Мэта мерапрыемства - акцэнтаваць увагу грамадства на пытаннях забруджвання атмасферы шкоднымі выкідамі ад транспарту.
Моладзь Глыбоччыны ў чарговы раз адгукнулася на заклік пакінуць аўто і сесці на веласіпеды, каб працягнуць знаёмства з цікавымі мясцінамі роднага краю. Менавіта, працягнуць, бо тыдзень таму назад глыбачане прынялі ўдзел у велапрабегу па месцах, звязаных з нашым таленавітым земляком - Я. Драздовічам (матэрыялы аб велапрабегу можна чытаць тут).
У гэты раз маршрут быў пракладзены ў заходнім напрамку, у бок маёнтка пана Акушкі. Гэта адзін з нешматлікіх аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны нашага рэгіёну, які нядрэнна захаваўся да нашых дзён. Прычым інфармацыя аб сядзібе практычна, цалкам адсутнічае ў сучасных краязнаўчых выданнях. Абследаваць і вывучыць гэтае месца - такую задачу паставілі перад сабой ўдзельнікі вела-экскурсіі.
Пераадолеўшы адлегласць у 13 км (гэта лічба не спалохала ні аднаго з велатурыстаў) юныя даследчыкі прыбылі ў в. Канстанцінава, зрабіўшы першы прыпынак ля касцёла Св. Язафата Кунцэвіча. Пачуўшы гісторыю гэтага храма і агледзеўшы месца пахавання прадстаўнікоў роду Акушкаў ля сцен касцёла, удзельнікі адправіліся аглядаць пабудовы былой сядзібы.
Легенды і паданні аб сядзібе, расказаныя супрацоўнікам музея, толькі павысілі цікавасць да абследавання гэтага месца. Ні адзін куточак маёнтка не застаўся ў баку ад дапытлівых поглядаў удзельнікаў вела-экскурсіі.
Дарога дадому атрымалася крыху даўжэйшай, але ў запале абмеркавання ўбачанага і пачутага праляцела неўзаметку.
Развітваючыся, юнакі і дзяўчаты доўга спрачаліся аб маршруце наступнага падарожжа, якое, мы спадзяёмся, не за гарамі!