Падарожжа ў Парыж
Як і было заяўлена раней, у суботу 28 верасня моладзь Глыбоччыны адправілася ў займальную велаэкскурсію. Канчатковым пунктам гэтага падарожжа стаў Парыж! Не зусім горад, а толькі невялікае мястэчка з прыстаўкай «агра» на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Маршрут велападарожнікаў ляжаў па тых месцах двух суседніх раёнаў (Глыбоцкі і Пастаўскі), чыя гісторыя звязана з далёкай Францыяй.
Першым на шляху веласіпедыстаў быў манастыр францысканцаў у Удзела. Менавіта тут мы пазнаёміліся з гісторыяй невялікага французскага мястэчка Лурд і падзеямі, якія прынеслі сусветную вядомасць гэтаму населенаму пункту на поўдні Францыі, зрабіўшы яго адным з найбольш важных у Еўропе цэнтраў паломніцтва. Наведаўшы касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі і атрымаўшы настаўленне ад ксяндза Вальдэмара, мы адправіліся да наступнай кропкі на нашым маршруце - святых мосарскіх крыніц.
Вада гэтых крыніц лічыцца гаючай і надае сілы, а таму прыйшлася даспадобы велападарожнікам. А афармленне гэтага месца яшчэ раз нагадала пра французскі Лурдзе. Наведаўшы нядаўна адкрыты музей, прысвечаны славутаму ксяндзу Юозасу Бульку, і пазнаёміўшыся з яго ўнікальнымі экспанатамі, у тым ліку і лістом святару ад старшыні тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Беларусі аб перайменаванні населенага пункта Навадруцк у Парыж, мы адправіліся ў гэта гістарычнае месца на карце Беларусі.
У вёсцы Казлоўшчына нашу ўвагу прыцягнула мураваная капліца на старых вясковых могілках. Падрабязна вывучыўшы гэты аб'ект, можна сказаць абследаваўшы кожны каменьчык у сценах пабудовы, і агледзеўшы тэрыторыю на наяўнасць цікавых гістарычных артэфактаў (дарэчы, у каменнай агароджы вакол могілак намі быў знойдзены незвычайны камень з надпісам «R 1852»), мы рушылі далей.
На выездзе з вёскі нас чакаў старадаўні вадзяны млын. Пабудаваны ён быў у 1859 годзе, пра што сведчыць камень з датай, умураваны ў сцяну на ўваходзе. Нядрэнна захаваны старадаўні аб'ект быў вывучаны як звонку, так і ўнутры. Мы былі здзіўлены таму факту, што гэты млын у свой час выконваў не толькі галоўную функцыю - памол збожжа, але яшчэ на ім калісьці было ўстаноўлена электрагенерыруючае абсталяванне, за кошт гэтага асвятлялася сядзіба Друцкіх-Любецкіх.
У наступным населеным пункце нашага маршруту - вёсцы Асінагарадок, нас чакала адразу некалькі гістарычных аб'ектаў. На старадаўнім гарадзішчы, з якога бярэ свой пачатак гэты населены пункт, знаходзіцца храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Пабудаваны ў 18 стагоддзі, ён неаднаразова перабудоўваўся, змяняючы сваё першапачатковае аблічча. Побач з храмам маюцца два пахаванні, на якіх устаноўленыя помнікі. Адзін з іх на магіле рускіх воінаў, якія загінулі ў бітве са шведамі летам 1706 года, другі - напамін пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года.
Наперадзе нас чакаў Парыж. Праўда сустрэў ён велападарожнікаў не вельмі ветліва. Уздым на “Эйфелеву вежу” - адну з нямногіх славутасцяў гэтага мястэчка, суправаджаўся кроплямі праліўнога дажджу. Але нават дождж не змог азмрочыць радасць ад пераадоленага шляху і дасягнутай мэты. Пасля невялікага ланча пад «Эйфелевай вежай» і наведвання парыжскіх крам, мы адправіліся назад. Шлях з Парыжа ў Глыбокае, у асноўным, ляжаў па палях (зразумелая справа не Елісейскіх) і дарогах роднай Глыбоччыны. Толькі ўвечары, змучаныя дарогай (усё-такі адлегласць каля 60-ці кіламетраў), але задаволеныя ад убачанага, вандроўнікі вярнуліся дадому...