"Адным мы звязаныя лёсам"
Велапрабег, прысвечаны Дню народнага адзінства, арганізавалі і правялі ў нашым раёне напярэдадні вялікага дзяржаўнага свята. Арганізатары, а імі сталі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама і Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, прапанавалі ўсім жадаючым адправіцца ў захапляльна-пазнавальнае велападарожжа па Глыбоцкім раёне.
Маршрут велапрабегу працягласцю больш за 50 кіламетраў пралёг па маляўнічых мясцінах роднай Глыбоччыны, закрануўшы гістарычныя аб'екты, якія расказваюць пра падзеі верасня 1939 года і Вялікай Айчыннай вайны. Стартавалі ўдзельнікі велапрабегу на плошчы "17 Верасня" горада Глыбокае, а скончылі велападарожжа ля мемарыяльнага комплексу "Борок". На працягу дня яны пераадолелі той шлях, па якім 17 верасня 1939 гады рухаліся часткі Чырвонай арміі. Падрабязней пра падзеі восені 1939-га на тэрыторыі раёна можна прачытаць тут.У велапрабегу прынялі ўдзел сапраўдныя аматары веласіпедных падарожжаў і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Працуючая моладзь, навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і раёна разам з навуковым супрацоўнікам музея пераадолелі гэты маршрут, даведаўшыся шмат новага і цікавага пра гісторыю свайго раёна.
У канцы маршруту арганізатары і ўдзельнікі велапрабегу ўзаемна падзякавалі адзін аднаму за добра арганізаванае і праведзенае мерапрыемства, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб цяжкім, але і займальным падарожжы.