Запрашаем на велапрабег "Дарогамі дзядькі Язэпа"
15-16 верасня 2018 года адбудзецца моладзевы велапрабег "Дарогамі дзядзькі Язэпа», прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння нашага земляка. Маршрут велапрабегу распрацаваны супрацоўнікамі нашага музея і пройдзе па тых знакавых месцах, якія звязаны з імем вядомага мастака. Глыбокае, Залессе, Антаполье, Зубкі, Летнікі, Лужкі, Германавічы, Гарадзец, Задарожжа - гэта толькі невялікая частка тых мясцін Дзісненшчыне (тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў), па якіх на працягу двух дзён будуць калясіць на роварах удзельнікі прабегу. Пры стварэнні маршруту выкарыстоўваліся запісы ў дзённіках, якія вёў Язэп Драздовіч з 1933 па 1937 год.
«Начую ў Наваполлі. А другі дзень праводжу дома – у Летніках з Башкіром (аўт. Янкам Пачопкам) і з прыбыўшым сюды самакаткай (аўт. на веласіпедзе) Звінячым (аўт. Міхасём Машарам)…”, або “Мімаходам з Германавіч ў Антаполле, у Летніках, нацешыўшыся ўдоваль варажбой малодзенькім дзяўчаткам, адпраўляюся да брата…”, ці “Валю пехатой на фэст у Задарожжа, які закончыўся па бутэльцы піва на брата. Валю пехатой на Парэчча ў фальварак Айчызну да аднаго з найзаможнейшых з маіх небагатых фамільянаў (аўт. аднафамільцаў) і паспяваю да захаду сонца… " - так апісваў свае "вандроўкі" дзядзька Язэп.
Мы запрашаем усіх, хто жадае прыняць удзел у займальным падарожжы і яшчэ раз успомніць свайго выдатнага земляка.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па тэлефоне 21255.