“Дарогамі дзядзькі Язэпа”
Я сірата – кругом адзін, бяздомны, бясхатні падарожнік.
Язэп Драздовіч. 1936 год.
Адбыўся велапрабег, які арганізавалі і правялі супрацоўнікі музея для моладзі Глыбочыны да 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Прайшоў ён па знакавых для нашага земляка мясцінах Дзісненшчыны, у ходзе якога моладзь змагла не толькі наведаць апісаныя мастаком у сваім дзённіку вёскі і мястэчкі, але і пазнаць многа цікавага з гістарычнага мінулага роднага краю. Звыш сотні кіламетраў пераадолелі ўдзельнікі велапрабегу па тэрыторыі Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, пабывалі ў многіх мясцінах, звязаных з імем нашага славутага мастака, пазнаёміліся з экспазіцыямі некалькіх музеяў. На кожным прыпынку маршрута ўдзельнікі з вялікім задавальненнем перачытвалі і абмяркоўвалі запісы Драздовіча, шукалі ў іх цікавыя і неардынарныя моманты жыцця вандроўнага мастака:
Глыбокае.
Ліпень 1934 года.
У чацвер ад’ехаў з кавалём у Глыбокое, дзе ў першы раз давялося аглядаць надзвычайна вялікі кірмаш – торг. Усе рынкі былі перапоўнены вазамі. Чаго даўней у перадваенныя часы рэдка калі так бывала, і аднаго кароўяга (што ў цэнтры мястэчка) рынку хапала, а цяпер у некалькі разоў большы рынкавы пляц па-за мястэчкам і той перапоўнены так, што ўсіх не змяшчаець… Відаць, што з’язджаюцца не з дабра, а з бяды – не купляць, а прадаць, дзеля марнага гроша на розную рознасць. Закупіўшы ў Глыбокім самае найпатрэбнейшае, наколькі грошы хапіла іду адведаць сваіх даўно знаёмых сясцёр-малярак, што ў Бярэбоччы жывуць, над возерам, насупраць астраўка.
Беразвечча.
1936 год.
Па дарозе, праходзячы праз Беразбечча, меў прыемнасць адведаць дзвюх сясцёр, мастачак-самавучак, і быць у іх госцем. Угашчалі мяне віном самадзельным і навучылі мяне, як яго трэба рабіць: паўкілё рыжу (рысу), кілё з чвэрцяй цукру і на 15 гр. дражджэй тры літры вады адваранай і тры тыдні часу на хаджэнне.
Залессе.
18 верасня 1933 года.
Схадзіў пехатою ў Залессе знімаць з пошты 2-ю рату разложанай на 10 месяцаў выплаты мне Беларускім музеем у Вільні за праданыя яму за 300 злотых 5 альбомаў старадаўнейшага замкавага будаўніцтва на Беларусі. Прыгожая мяйсцовасць – гэтае Залессе. Колькі мастацкай красы ў гэтых азёрах, што расцягнуліся ланцугом – адно за адным – серабрыстымі плямамі між узгоркаў. А вунь і бор, увесь у старадаўнейшых магілах-валатоўках, а па-за ім, над узбярэжжам апошняга возера на шапкавастай гары, ніў’ё распаханага з-за няпамятных часоў, калісь абведзенага кругам тэрасамі пад’езду і агароджанага частаколамі ды замётамі мейсца старадаўнейшага гарадзішча.
Зубкі.
Ліпень 1934 года.
“Гарадзея” або “Гараватка” – у паўдзённым накале Нішкунцкага возера каля Залесся. Аб гарадзішчы гэтым захавалася прыгожая легенда, што тут на гэтай гары калісь у старасвецкія часы стаяў вялікі замак, дзераўляны, а ў ім жыла красавіца княжна, якая ў часе нейкай вайны з нейкім – калі замак ейны быў абложаны і падпалены, увесь агнём заняўся, то княжна гэтая запрагла шасцярых каней у павозку са званкамі ды, разагнаўшы іх скрозь агонь і рады ворагаў, шыбанула шасцярыком з гары ў возера, дзе і па дзісь дзень раз у год у дзень таго пажару не раз чуюць людзі званкі, як княжна раз’язджаець шасцярыком па дну возера.
Бушыкі.
Ліпень 1934 года.
У некалькіх вярстах, праз тры возеры цераз Залессе, ёсць і яшчэ адно старадаўнейшае гарадзішча. Гарадзішча гэтае знаходзіцца на высокай, з двух бакоў стромай, крыху працяглаватай, пласкаватай пясчанай гары з неглыбокім чарназёмным на сваёй сталагорыстай чаўнакаватапрацяглаватай вершаліне з масаю гаршковага чарап’я, паленых касцей, камкоў апечанай гліны, жарствы і аскялепкаў ад перагарэлага каменя. Яно знаходзіцца ля заходняга накалу доўгага і глыбокага прыступістабярэжнага Сетаўскага возера, носючага супольную з гарадзішчам назову “Гародня”. Між возерам Гародняй і Муромай ёсць і яшчэ два возеры – Бялуша і Астроўскае (ад узгорыстага над ім астраўка са стараабрадскім магільнікам). Ля першага ёсць падобны да гарадзішча ўзгорак, на якім стаіць мураваная царква.
Камень пры дарозе.
Вясна 1936 года.
Найбольшая прыемнасць была мне ў гэтым падарожжы – гэта два маіх адпачынкі, вяртаючыся, пры добрай яснай і цёплай пагодзе, дамоў з Глыбокага. Першы выпачынак зрабіў на прыазёрным грэблі (з паркам Молевага двору) над возерам Мураўшчына. Што за дзіўны ландшафт. Злева, у лагу скрозь сосны сіневацела возера, справа – вёска, а насупраць, па-за вёскаю ўдаль узвышалася цэлая града, па-над возерам Гародня Гарадзішчанскіх гор і з высачэзна-стромаю чорнаверхаю гарой – гарадзішчам (Гародняй).
Другі выпачынак зрабіў на крыжоўках дарог (між Залессем і Сасноўкай, дзе камень з крыжам), на ўзбярэжжу казённага лесу, пад ёлкаю, на якой паставіў выразаную літару “Я”. Ох, як прыемна, спадарожыўшыся, адпачнуць, любуючыся рознавыгляднымі ілюзіяй фігурамі кучкавастых воблак на бірузова-зялёненькім фоне адвячоркавага неба.
Летнікі.
1936 год.
Новы год па новаму стылю спаткаў у праваслаўнай хаце за працай. А Новы год “стары” (разам са старымі Калядамі) спатыкаў на сваёй кватэры з “Башкіром” у Летніках, а дзеля гэтага спаткання, каб было ў чым спатыкаць, аж два каўры на гэтую інтэнцыю ў суполцы з “Башкірам” прыйшлося напэцкаць, бо “Башкір” таксама ў сваім родзе мастак – каўры для баб малюець ды, як кажуць, “ні з-пад формы”, “набіваюць”, а з-пад рукі рысуючы ўзоры крэйдай – малюець.
Летнікі.
Вясна 1937 года.
Другую “старую” (праваслаўную Пасху, ужо як сапраўды спатканую вясну) правёў у Летніках, у Янкі Башкіра, но ўжо як маёўку. Са шпацырам у лес… Там было й некалькі прыехаўшых гасцей са стараны на самакатках або роварах, як іх цяпер пачалі называць.
Лучайка – Верацеі.
Нядзеля. 31 марца 1935 года.
Закончыўшы ў “жабінай” (Лужыцкай) Лучайцы дэкаратыўна-сценную працу (дыван) для Прасінні, вяртаюся на адпачынак у Летнікі. Пагода цёплая, ясная, а ад белага снегу, якім з учарашняга дня пакрылася зямля і стрэхі, у вачах аж асляпленне. На вуліцах ў Верацеях мяне напаткала грамадка прыгожанькіх дзяўчатак-школьніц, якія, акружыўшы мяне, правялі мяне праз усю вёску і кожная з іх прасіла нарысаваць ёй што-небудь у сшытак. Просьбы я іхнія прыняў і зайшоўся ў адну са знаёмых мне хат, панарысоўваў ім алоўкам – каторай кветачку, каторай зайчыка, каторай анёльчыка, а каторай усміхаючую курноску.
Вяртаючыся з Верацей праз Лучайку ў Летнікі, мяне затрымалі (у Лучайцы, а пасля і ў Прытыках) мальцы-кавалеры і запрасілі мяне на зборніцу – паваражыць і паразгадваць характары. Ад варажбы я адказаўся, але што да характарызацыі – прыняў запросіны… Так шмат было прыгожанькіх дзяўчат і кожная з іх падсоўвала мне свае рукі з пытаннямі “які мой характар і да чаго я здольная?...”
Чарневічы.
Лістапад 1934 года.
Не прамінуў адведаць у задушныя дні ўсіх святых і тымчасова, перабудаваны з мураванага свірну на касцёл, касцялок у Чарневічах. Я люблю адведваць падобныя “ўдалі ад шумнага і няшчырага свету” невялічкія, у вясковай глушы касцёлкі і царкоўкі, так усё там просценька і шчыра, без ніякай паказной, штучна напружанай нацяжкі дзеля нейкага папісу – як на выстаўцы…
Лужкі.
Вясна 1934 года.
Першы дзень Вялікадня правёў на гасцях у брата Канстанціна. Людзі збіраліся і беглі на рэзерэкцыю ў Лужкі, але я не йшоў, не праз лень і не праз некаторага роду недаверачныя пабудкі, а праз тое, што не надта люблю занадта публічнага (з шыкам) характару малебны, якія адбываюцца ў пекнавыглядным Лужэцкім касцёле з разнастайнаю публікай ды жаўнерскімі сальвамі. Іду ў Дворнаўскую капліцу, дзе збіраюцца ўсе роўнымі…
Вясна 1936 года.
Трэцці дзень Зялёнага свята. Па снеданню адпраўляемся з Янкам на ягоным белым фэрдзе (на кані) ў Лужкі на кірмаш, дзе пляц рынку застаўлен вазамі з вясковымі таварамі, дзе сходы карчмы-мураванкі заняты прадаўшчыцамі куравых яец, а кругом пляцу вянком ідзець шпацыроўка дзяўчат у самых наймаднейшых сукенках. Давялося тут і мне разы са тры сягодня акружыць гэты пляц, спаткаўшыся з адной гарцэрачкай-сваячкай… Папрашчаўшыся ў карчме з Янкам ды абмовіўшы справу надгробнай пліты з напатканымі тут путраніцкімі каменачосамі, адпраўляюся ў Юркава на адведванне брата.
Германавічы.
Панядзелак. 28 верасня 1935 года.
У Германавічах, як заўсёды ў панядзелак, - кірмаш. З’язджаюцца людзі на рынак і чуць не ў кожнага з іх на вазе – вязкі свежага лёну на продаж. У людзй безграшоў’е. А сёлета лён урадзіў аж занадта. Лёнам рынкі завалюць, а безграшоў’я свайго не папоўняць, бо жыды за лён плоцяць “э!” – што ласка. І дзівуюся я, чаму гэта нашыя сяляне не згуртуюцца ў льняную гуртоўню – сваю, уласную, а то ў розніцу, хто па сабе – без пары, за бясцэнак. У Германавічах, мімаходам, каб не пазастацца на зіму без цёплай адзежы, набраў сабе паўсукна на штаны і, між іншым, новы світар жаночы, у якім перашыю гузікі і перараблю яго гэтым на мужчынскі.
Чацвер – на Спаса. 1936 год.
Быў у Германавічах на фэсце. На фэсце было шмат народу – як тутэйшых, так і прыезджых католікаў і не менш таго і праваслаўных з-пад Шкунцікаў. Германоўскія католікі, а шкунцікаўскія праваслаўныя – гэта адзін і той самы народ – беларусы, і адны адным сабою фэсты папаўняюць. І фэст для іх як царкоўнае ці касцёльнае свята – гэта толькі прычына, каб сабрацца, паказацца, перавідзецца, пакірмашаваць. Касцёл і царква аказваюцца з гэтага погляду дасканалымі пункт-клубамі супольнасці людзей. Без гэтакіх пункт-клубаў яны б дзічэлі, не сутыкаючыся, і жылі б толькі самі сабою, знаючы толькі самі сябе, як гэта было ў перадваенныя часы, калі сваталіся і жаніліся, беручы сабе жонку толькі са свайго сяла, сваёй вёскі – як астатак колішняй паншчыны, калі жонку бралі толькі з-пад свайго пана і са сваёй вёскі. Цяпер жа гэтага няма. Дзеўкі стараюцца выйсці замуж як надалей, а мужчыны бяруць сабе жонак з далёку, не лічучыся ані з паходжаннем па веры.
Такім чынам удзячныя патомкі ўспомнілі свайго таленавітага земляка.