29-30 чэрвеня 2019 года адбыўся велапрабег, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маршрут велапрабегу быў пракладзены па тых населеных пунктах Глыбоччыны, якія ў чэрвені-ліпені 1944 года з баямі праходзілі воіны-вызваліцелі, дзе ў гады вайны змагаліся з ворагам партызанскія атрады. Удзельнікі велапрабегу за два дні пераадолелі адлегласць звыш сотні кіламетраў.
15 лепшых прадстаўнікоў веламоладзі Глыбоччыны сабраліся раніцай 29 чэрвеня каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку Перамогі, каб пераадолець той шлях, які прайшлі савецкія войскі па Глыбоцкай зямлі летам 1944 года. Склалася так, што старт велапрабегу прыйшоўся на той дзень, у які роўна 75 гадоў таму назад першыя рэгулярныя часткі Чырвонай арміі ўступілі на тэрыторыю цяперашняга Глыбоцкага раёна. Менавіта 29 чэрвеня 1944 года былі вызваленыя першыя нашы вёскі: Ліпава - Вострава - Соша. Таму, вёска Ліпава і стала найбольш аддаленым пунктам маршруту. Пераадольваючы гэту немалую адлегласць, удзельнікі здзяйснялі невялікія прыпынкі ля помнікаў і абеліскаў, слухаючы расказ пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Глыбоччыне. Магіла італьянскіх ваеннапалонных, расстраляных фашыстамі ля вёскі Арэхаўна, магіла невядомага салдата пры дарозе Полацк - Глыбокае, помнік землякам у вёсцы Кішы, абеліск на месцы дыслакацыі ў гады вайны партызанскай брыгады імя Суворава, Курган Славы, абеліск на месцы базіравання ў гады вайны штаба партызанскай брыгады імя Суворава, партызанскі аэрадром - гэта толькі частка тых месцаў, якія наведалі велападарожнікі. Прычым, удзельнікі прабегу не толькі слухалі падрыхтаваны расказ экскурсавода, але і вялі самастойную даследчую працу на аб'ектах: адшукалі траншэі ўмацаванняў партызанскай лініі абароны, знайшлі ў лесе партызанскі аэрадром, абследавалі скляпенні былой польскай стражніцы «Каменны Воз».
29-30 чэрвеня 1944 года савецкія войскі, развіваючы наступленне, уступілі ў першыя баі з фашыстамі па вызваленні тэрыторыі цяперашняга Глыбоцкага раёна. Значнае садзейнічанне рэгулярным часткам аказвалі партызанскія атрады, што дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі яшчэ з восені 1942 года. Падрабязна пачытаць пра баявыя дзеянні летам 1944 года на Глыбоччыне можна тут.
29-30 чэрвеня 2019 года адбудзецца велапрабег, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Маршрут велапрабегу пройдзе па тых гістарычных мясцінах, дзе падчас вайны дыслацыраваліся партызанскія атрады, дзе ў баях з ворагам партызаны дэманстравалі прыклады мужнасці і гераізму. Удзельнікам велапрабегу трэба будзе за два дні пераадолець адлегласць звыш 100 кіламетраў. Іх шлях пройдзе па тых населеных пунктах Глыбоччыны, якія ў чэрвені 1944 года з баямі праходзілі воіны-вызваліцелі.
Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у пазнавальным велападарожжы і непасрэдна дакрануцца да падзей 75-гадовай даўніны.
Па пытаннях удзелу звяртайцеся ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама па тэлефоне 21255 (Працук Таццяна Віктараўна).
Штогод 22 верасня ў Рэспубліцы Беларусь, як і ў большасці развітых краін свету, праводзіцца міжнародная акцыя - «Дзень без аўтамабіля». Мэта мерапрыемства - акцэнтаваць увагу грамадства на пытаннях забруджвання атмасферы шкоднымі выкідамі ад транспарту.
Моладзь Глыбоччыны ў чарговы раз адгукнулася на заклік пакінуць аўто і сесці на веласіпеды, каб працягнуць знаёмства з цікавымі мясцінамі роднага краю. Менавіта, працягнуць, бо тыдзень таму назад глыбачане прынялі ўдзел у велапрабегу па месцах, звязаных з нашым таленавітым земляком - Я. Драздовічам (матэрыялы аб велапрабегу можна чытаць тут).
У гэты раз маршрут быў пракладзены ў заходнім напрамку, у бок маёнтка пана Акушкі. Гэта адзін з нешматлікіх аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны нашага рэгіёну, які нядрэнна захаваўся да нашых дзён. Прычым інфармацыя аб сядзібе практычна, цалкам адсутнічае ў сучасных краязнаўчых выданнях. Абследаваць і вывучыць гэтае месца - такую задачу паставілі перад сабой ўдзельнікі вела-экскурсіі.
Пераадолеўшы адлегласць у 13 км (гэта лічба не спалохала ні аднаго з велатурыстаў) юныя даследчыкі прыбылі ў в. Канстанцінава, зрабіўшы першы прыпынак ля касцёла Св. Язафата Кунцэвіча. Пачуўшы гісторыю гэтага храма і агледзеўшы месца пахавання прадстаўнікоў роду Акушкаў ля сцен касцёла, удзельнікі адправіліся аглядаць пабудовы былой сядзібы.
Легенды і паданні аб сядзібе, расказаныя супрацоўнікам музея, толькі павысілі цікавасць да абследавання гэтага месца. Ні адзін куточак маёнтка не застаўся ў баку ад дапытлівых поглядаў удзельнікаў вела-экскурсіі.
Дарога дадому атрымалася крыху даўжэйшай, але ў запале абмеркавання ўбачанага і пачутага праляцела неўзаметку.
Развітваючыся, юнакі і дзяўчаты доўга спрачаліся аб маршруце наступнага падарожжа, якое, мы спадзяёмся, не за гарамі!
Я сірата – кругом адзін, бяздомны, бясхатні падарожнік.
Язэп Драздовіч. 1936 год.
Адбыўся велапрабег, які арганізавалі і правялі супрацоўнікі музея для моладзі Глыбочыны да 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
Прайшоў ён па знакавых для нашага земляка мясцінах Дзісненшчыны, у ходзе якога моладзь змагла не толькі наведаць апісаныя мастаком у сваім дзённіку вёскі і мястэчкі, але і пазнаць многа цікавага з гістарычнага мінулага роднага краю. Звыш сотні кіламетраў пераадолелі ўдзельнікі велапрабегу па тэрыторыі Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, пабывалі ў многіх мясцінах, звязаных з імем нашага славутага мастака, пазнаёміліся з экспазіцыямі некалькіх музеяў. На кожным прыпынку маршрута ўдзельнікі з вялікім задавальненнем перачытвалі і абмяркоўвалі запісы Драздовіча, шукалі ў іх цікавыя і неардынарныя моманты жыцця вандроўнага мастака:
Глыбокае.
Ліпень 1934 года.
У чацвер ад’ехаў з кавалём у Глыбокое, дзе ў першы раз давялося аглядаць надзвычайна вялікі кірмаш – торг. Усе рынкі былі перапоўнены вазамі. Чаго даўней у перадваенныя часы рэдка калі так бывала, і аднаго кароўяга (што ў цэнтры мястэчка) рынку хапала, а цяпер у некалькі разоў большы рынкавы пляц па-за мястэчкам і той перапоўнены так, што ўсіх не змяшчаець… Відаць, што з’язджаюцца не з дабра, а з бяды – не купляць, а прадаць, дзеля марнага гроша на розную рознасць. Закупіўшы ў Глыбокім самае найпатрэбнейшае, наколькі грошы хапіла іду адведаць сваіх даўно знаёмых сясцёр-малярак, што ў Бярэбоччы жывуць, над возерам, насупраць астраўка.
15-16 верасня 2018 года адбудзецца моладзевы велапрабег "Дарогамі дзядзькі Язэпа», прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння нашага земляка. Маршрут велапрабегу распрацаваны супрацоўнікамі нашага музея і пройдзе па тых знакавых месцах, якія звязаны з імем вядомага мастака. Глыбокае, Залессе, Антаполье, Зубкі, Летнікі, Лужкі, Германавічы, Гарадзец, Задарожжа - гэта толькі невялікая частка тых мясцін Дзісненшчыне (тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў), па якіх на працягу двух дзён будуць калясіць на роварах удзельнікі прабегу. Пры стварэнні маршруту выкарыстоўваліся запісы ў дзённіках, якія вёў Язэп Драздовіч з 1933 па 1937 год.
«Начую ў Наваполлі. А другі дзень праводжу дома – у Летніках з Башкіром (аўт. Янкам Пачопкам) і з прыбыўшым сюды самакаткай (аўт. на веласіпедзе) Звінячым (аўт. Міхасём Машарам)…”, або “Мімаходам з Германавіч ў Антаполле, у Летніках, нацешыўшыся ўдоваль варажбой малодзенькім дзяўчаткам, адпраўляюся да брата…”, ці “Валю пехатой на фэст у Задарожжа, які закончыўся па бутэльцы піва на брата. Валю пехатой на Парэчча ў фальварак Айчызну да аднаго з найзаможнейшых з маіх небагатых фамільянаў (аўт. аднафамільцаў) і паспяваю да захаду сонца… " - так апісваў свае "вандроўкі" дзядзька Язэп.
Мы запрашаем усіх, хто жадае прыняць удзел у займальным падарожжы і яшчэ раз успомніць свайго выдатнага земляка.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па тэлефоне 21255.
У рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёну» быў арганізаваны і праведзены моладзевы велапрабег па гістарычных мясцінах нашай Глыбоччыны. У ім прынялі ўдзел тыя, хто цікавіцца гісторыяй, традыцыямі і культурным жыццём свайго рэгіёну. За два дні ўдзельнікі велапрабегу пераадолелі дыстанцыю каля 100 км і наведалі больш за 20 гісторыка-культурных аб'ектаў Глыбоцкага раёна.
Гарадзішча жалезнага веку і курганныя пахаванні крывічоў, культавыя камяні і каменныя крыжы, існуючыя і знікшыя хрысціянскія храмы, сядзібна-паркавы комплекс і месца пахавання воінаў вызваліцеляў - вось пералік тых аб'ектаў, дзе пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства. Самаму юнаму ўдзельніку велапрабегу споўнілася ўсяго 14 гадоў, а ён на роўным з дарослымі пераадольваў гэты няпросты маршрут. У выніку гэтага падарожжа ўсё атрымалі велізарны зарад бадзёрасці і ведаў, і галоўнае - дыпломы і каштоўныя падарункі.