Цікавая знаходка

9 лістапада 2018 года ў 13.00 завяршыўся інтэрнэт-аўкцыён, на якім за 1 200 € быў прададзены лот № 169 «YAZEP NARTSYZAVICH DRAZDOVICH 1888 Punki - 1954...

Пасланне нашчадкам

Урачыстая перадача паслання будучым пакаленням Беларусі адбылася ў Глыбокім у рамках святкавання Дня народнага...

«Беларусь. Глыбоччына. Радзіма. Нам ёсць чым ганарыцца!»

15 верасня 2021 года, напярэдадні Дня народнага яднання, у музеі прайшла гістарычная гадзіна пад назвай «Беларусь....

17 верасня ў Беларусі будзе адзначацца Дзень народнага адзінства

У адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы ад 7 чэрвеня 2021 года № 206 у Беларусі заснавана дзяржаўнае свята Дзень...

Успамінаючы Афганістан

У апошнія тыдні ўвага ўсяго свету прыкавана да падзей, што развіваюцца ў Афганістане. У Беларусі да іх ставяцца...

136 старонак гісторыі, праўды і болю...

20 жніўня 2021 года ў Глыбокім прайшоў Дзень памяці. У гэты дзень у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя...

Сенсацыйная знаходка!

На сайце агенцтва Карла Хеффкеса, якое валодае найбуйнейшым у свеце запасам прыватных фільмаў з 1900 па 1945 год,...

Вось і прыйшоў час пачаць квэст-тайм “Гісторыя з сюрпрызам”. Перад вамі картка з заданнем, на якой вы бачыце шэсць выяў. Ваша задача ў тым, каб здагадацца, як гэтыя выявы звязаны між сабой. Вызначыўшы гэта, вы без цяжкасцей зразумееце, дзе трэба шукаць прыз. Калі, канечне ж, ведаеце свой горад…

Як гэтыя выявы звязаны паміж сабой?

18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Мы, музейшчыкі, па праву можам лічыць гэты дзень сваім прафесійным святам, бо наша праца непасрэдна звязана з вывучэннем і захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння мы прапануем і вам праверыць свае веды, разгадаць гэтую крыжаванку:

Kross

Правільныя адказы:

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, і наш музей вырашыў па-свойму адзначыць гэты дзень. Сярод нашых землякоў ёсць асоба, якая зрабіла заўважны ўнёсак у захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускай мовы. Гаворка ідзе пра выдатнага грамадскага і палітычнага дзеяча, навукоўца Вацлава Ластоўскага. Навуковая спадчына Ластоўскага сапраўды ўражвае, асабліва калі прыняць ва ўвагу, што вышэйшай адукацыі ўраджэнец засценка Калеснікі так ніколі і не атрымаў (што не перашкодзіла яму стаць адным з першых беларускіх акадэмікаў). Адной з найбольш вядомых яго прац стаў “Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”, выдадзены ў 1924 годзе.

“Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік”У прадмове да слоўніка Вацлаў Ластоўскі адзначае, што слова знаходзіцца ў цеснай сувязі з народным побытам, гісторыяй і звычаямі. Разам з тым, Ластоўскі катэгарычна пратэставаў супраць насычэння беларускай мовы “чужаземскімі словамі”, з прычыны чаго ў азначанай працы прапанаваў чытачу беларускія словы, якія павінны былі перакладаць паняцці “згодна псіхіцы нашай мовы”. Але мова не стаіць на месцы, і сталася так, што сёння, амаль праз сто год пасля складання слоўніка, многія з тых слоў, што старанна збіраліся Ластоўскім сярод народа, сучаснаму беларусу будуць цяжка зразумелыя. Каб не быць галаслоўнымі, прадстаўляем вашай увазе некаторыя з гэтых слоў, а разам з тым, прапануем з дапамогай варыянтаў вызначыць іх сучасныя беларускія адпаведнікі.

Правільныя адказы вы спазнаеце ў Міжнародны дзень роднай мовы ў 17.00. Спадзяёмся, што вам спадабаецца гэты своеасаблівы тэст і вы захочаце пазнаёміцца са слоўнікам Вацлава Ластоўскага шчыльней, бо ён гэтага сапраўды варты.

Паважаныя знаўцы мінулага. Мы прапануем вам паспрабаваць адказаць на пытанні, якія былі падрыхтаваныя да гістарычнага квіз-маратону "Аб той зямлі, дзе нарадзіўся ты».

Вашай увазе пытанні I-га тура:

  1. "Ты на зямлі маленькая радзімка,

          Радзімы край, адкрыты мне ў жыцці.

          Хай апынуся ў вечнасці ў абдымках –

          Застанешся валошкаю цвісці"

Аўтар гэтых радкоў не нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, але менавіта з нашым краем звязана большая частка яго жыцця і паэтычнай творчасці.

  1. Назавіце імя аўтара радкоў.
  2. Укажыце назву верша.
  3. З якім месцам работы неразрыўна звязана імя гэтага чалавека на Глыбоччыне?
  1. У сваёй аўтабіяграфіі дзеяч культуры, дзяцінства якой прайшло ў Глыбокім, так апісала сваю першую сустрэчу з гэтым чалавекам: “…Пазнаёміліся. Пачалася гутарка. Ён жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат, ці весела яны праводзяць час. Насупіўшыся, я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам гутаркі…”
  1. Назавіце імя дзеяча культуры, урывак з аўтабіяграфіі якой прыведзены ў пытанні.
  2. Назавіце імя чалавека, сустрэча з якім прыведзена вышэй.
  3. Якім чынам праз некалькі год пасля першай сустрэчы будзе звязаны лёс гэтых людзей?
  1. У наш час Глыбокае, сярод іншага, славіцца сваімі кавалямі. Вуліцы горада ўпрыгожваюць шматлікія ўзоры мастацкай коўкі і нават сапраўдныя скульптурна-дэкаратыўныя кампазіцыі. Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы нашаму земляку, былому віцэ-прэзідэнту Саюза кавалёў СССР, намаганнямі якога на Глыбоччыне была адроджана кавальская справа.
  1. Назавіце імя гэтага чалавека.
  2. У гонар каго было названа І Усебеларускае свята кавальскага майстэрства, якое праходзіла ў нашым горадзе ў ліпені 1990 года?
  3. Укажыце скульптурную кампазіцыю, створаную глыбоцкімі кавалямі, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў Глыбокім у чэрвені 2014 года.
  1. 15 студзеня 1940 года, у хуткім часе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, быў утвораны Глыбоцкі раён. Яго першапачатковая тэрыторыя складала ўсяго 592 км² і была ўтрая меней за сучасную.
  1. Укажыце ў храналагічным парадку вобласці БССР, у складзе якіх знаходзіўся раён на працягу свайго існавання.
  2. Назавіце былы раён Віцебскай вобласці, які быў далучаны да Глыбоцкага ў снежні 1962 года, пасля чаго тэрыторыя нашага раёна наблізілася да сучасных межаў.
  3. Пералічыце сучасныя сельскія Саветы Глыбоцкага раёна, якія знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння.
  1. Гэты будынак быў адноўлены праз пэўны час пасля таго, як у 1830-х гадах згарэў яго папярэднік. Але новы будынак чакаў той жа самы лёс, і зараз пра яго ранейшае існаванне ў горадзе нагадвае толькі старажытны каменны крыж, які і сёння можна знайсці па-суседству з плошчай 17 верасня.
  1. Пра які будынак ідзе гаворка?
  2. У якім годзе ён спыніў існаванне?
  3. Чаму ён на гэты раз не быў адноўлены пасля пажару?

Правільныя адказы:

1. Першая гістарычная манаграфія пра Глыбокае, выдадзеная ў 1935 годзе даследчыкам Отанам Гедэманам, утрымлівае даволі цікавыя звесткі пра рэлігійнае жыццё нашага горада. Сярод іншага, у ёй згадваецца і пра першы каталіцкі касцёл, пабудаваны ў Глыбокім.

  1.  Укажыце назву, пад якой вядомы гэты касцёл.
  2.  Хто з’яўляецца яго фундатарам?
  3.  Да якога кірунку хрысціянства належаў храм, узведзены ў Глыбокім у канцы XVI стагоддзя Крыштафам Зяновічам?

2. У адной з залаў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея на дыяраме адлюстраваны фальварак, большая частка пабудоў якога захавалася да нашага часу. Экспануецца ў музеі і прадукцыя, якая выраблялася раней у гэтым фальварку.

  1. У якім населеным пункце знаходзіўся гэты фальварак?
  2. Якая прадукцыя маецца на ўвазе?
  3. Назавіце шляхецкі род, прадстаўнікі якога былі апошнімі ўладальнікамі дадзенага фальварку.

3. У прадмове да адной са сваіх кніг наш зямляк даў наступнае вобразнае вызначэнне: “Гісторыя – гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народу”.

  1.  Хто з ураджэнцаў Глыбоччыны маецца на ўвазе?
  2. Укажыце псеўданім аўтара, пад якім выйшаў з друку гэты твор.
  3. Праз 14 гадоў пасля выдання вышэйазначанай кнігі, яе аўтар у іншай сваёй працы абгрунтаваў неабходнасць увядзення ва ўжытак новай саманазвы беларускага народа і новай назвы краіны. Якія назвы народа і краіны ён прапанаваў?

4. Многія вуліцы горада Глыбокае мянялі свае назвы па некалькі разоў: адну назву яны мелі ў пачатку XX стагоддзя, другую – у 1920 – 1930-я гады (“за польскім часам”) і зусім іншую зараз. Укажыце, пад якімі афіцыйнымі назвамі былі вядомы ў пачатку XX стагоддзя, і пад якімі ў 1920 – 1930-я гады, наступныя глыбоцкія вуліцы:

  1. вул. Фрыдрыха Энгельса. 
  2. вул. Максіма Горкага. 
  3. вул. Маскоўская.

5. Беларускі вучоны-географ В. А. Жучкевіч у сваім “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” тлумачыць паходжанне назваў многіх населеных пунктаў нашай краіны. Паспрабуйце вызначыць вёскі Глыбоцкага раёна па тых тлумачэннях, што падае ў сваёй працы прафесар Жучкевіч.

  1. Назва паходзіць ад тэрміна, што абазначае поле, узаранае восенню для вясенняй сяўбы ярыны.
  2. Назва паходзіць ад слова, пад якім разумеюць адрэзак ракі без расліннасці, або спакойны ўчастак ракі ці вадаёма з роўным дном.
  3. У аснове назвы ляжыць тэрмін, які абазначае дарогу праз забалочанае месца, вымашчаную бярвёнамі, галлём.

Правільныя адказы:

У рамане беларускага пісьменніка, ураджэнца Дзісенскага павета змешчана апісанне публічнага пакарання смерцю, якое сапраўды мела месца ў Глыбокім: “Акупацыйныя ўлады ў расклееных па ўсім гарадку аб’явах сцвярджаюць, што асуджаны … займаўся забойствам, дыверсіямі і шпіянажам. … Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. У першай машыне расчыніліся дзверцы, з яе крытага кузава вылезла чацвёра паліцэйскіх. Яны вывелі з машыны чалавека са звязанымі рукамі. Гэта быў шыракаплечы, зусім малады юнак…”

  1.  Укажыце імя пісьменніка і назву рамана.
  2. У якім годзе ў Глыбокім адбылася апісаная ў кнізе падзея?
  3. Назавіце імя пакаранага смерцю чалавека.

Вызваленне ад гітлераўскіх захопнікаў далося Глыбокаму дарагой цаной – многія вуліцы горада былі зруйнаваны амаль цалкам. Адной з пабудоў, якой пашанцавала ўцалець, быў трохпавярховы жылы дом, пабудаваны ў 1920-я гады.

  1. Якая ўстанова адукацыі размяшчалася ў гэтым будынку з 1944 па 1955 год?
  2. Як называлася падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя, што дзейнічала ў Глыбокім сярод навучэнцаў гэтай установы ў 1945-1947 гадах?
  3. Назавіце беларускую паэтэсу, члена Саюза пісьменнікаў СССР, якая ў 1946-1948 гадах вучылася ў дадзенай установе.

Карпатлівая праца археолагаў дазваляе нам лепш спазнаць старажытную гісторыю нашай зямлі. Археалагічныя даследаванні на Глыбоччыне ў розны час праводзілі Ф. В. Пакроўскі, Я. Драздовіч, У. Галубовіч, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі і іншыя.

  1. Укажыце назву вёскі Глыбоцкага раёна ў ваколіцах якой у канцы XVIII стагоддзя праводзіліся адны з першых у гісторыі Беларусі дакументальна зафіксаваныя археалагічныя раскопкі.
  2. Назавіце беларускага археолага, які ў 1965 годзе знайшоў каля адной з вёсак Узрэцкага с/с манетна-рэчавы скарб XI стагоддзя.
  3. Каля якой вёскі знаходзіцца самае вялікае скапленне курганоў на Глыбоччыне (каля 300 насыпаў)?

У сярэдзіне 1920-х гадоў у Глыбокім у раёне сучасных вуліц Вольнай і Камсамольскай былі пабудаваны шэсць аднатыпных драўляных дамоў, прызначаных для пражывання чыноўнікаў павятовай адміністрацыі. Нягледзячы на тое, што яны не захавалі свой першапачатковы выгляд, большасць з іх да гэтага часу нясе рысы вельмі цікавага архітэктурнага стылю.

  1. Як называецца гэты архітэктурны стыль?
  2. Укажыце імя архітэктара, па праекту якога былі ўзведзены згаданыя будынкі.
  3. Назавіце ўраджэнца Глыбоччыны, жыльца аднаго з гэтых дамоў – аўтара шматлікіх краязнаўчых фатаграфій з жыцця Глыбокага 1920 – 1930-х гадоў.

У 1613 годзе ў Амстэрдаме была надрукавана карта Вялікага княства Літоўскага, створаная пад кіраўніцтвам мастака і гравёра Тамаша Макоўскага. Гэта карта, выдадзеная па ініцыятыве і за кошт дзяржаўнага дзеяча і мецэната Мікалая Крыштафа Радзівіла “Сіроткі”, стала першай буйнамаштабнай картай нашай старажытнай дзяржавы і адрознівалася ад ранейшых работ даволі высокай ступенню дакладнасці.

  1. Пералічыце населеныя пункты Глыбоцкага раёна, адлюстраваныя на гэтай карце.
  2. Назавіце аўтара геаграфічнай карты, на якой упершыню было абазначана Глыбокае.
  3. У якіх населеных пунктах Глыбоччыны, згодна Генеральнай карце Мінскай губерні 1821 года, знаходзіліся паштовыя станцыі павятовай паштовай дарогі?

Правільныя адказы:

1. Будаўніцтва ў 1894 – 1897 гадах чыгункі са Свянцян у Глыбокае мела велізарнае значэнне для эканамічнага развіцця нашага горада. Назавіце імя інжынера-вынаходніка, які быў ініцыятарам яе пракладкі.

2. У багатай на падзеі біяграфіі гэтага вядомага ўраджэнца Глыбоччыны ёсць і такі цікавы факт: у лютым 1913 года яму пашанцавала выканаць ролю Сцяпана Крыніцкага ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”. Хто з нашых землякоў маецца на ўвазе?

3. Вызначыце архітэктурны помнік Глыбоцкага раёна па наступнаму апісанню: “Трохнефавы храм з пяціграннай алтарнай часткай. Галоўны фасад фланкіраваны двух’яруснымі вежамі. Сцены рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі.”

4. У 1977 і 1983 гадах яго плённая праца была адзначана бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, прычым, адзін з медалёў звязаны з дзецішчам гэтага чалавека, якое ў наш час мае рэспубліканскі статус. Пра каго з жыхароў Глыбоччыны ідзе гаворка?

5. На Глыбоччыне вы можаце ўбачыць яго ў раённым цэнтры, а таксама ў вёсках Задарожжа, Мосар, Празарокі і Удзела, прычым задарожскі і мосарскі нашмат старэйшыя за астатнія. Да таго ж, яны абодва звязаны з адным і тым жа чалавекам, у чым лёгка ўпэўніцца ўважліва іх разгледзеўшы. Укажыце, што маецца на ўвазе ў пытанні. Дадатковы бал вы атрымаеце, калі знойдзеце імя гэтага чалавека.

6. У адным з нумароў газеты “Наша Ніва” за 1913 год змешчаны верш, які пачынаецца наступнымі радкамі:

“Грай, дудар, чаго ты змоўчаў?
Мо жалееш ты грудзей,
Або песні свае скончыў,
Ты, над-Дзьвінскі салавей?”

Адкажыце, каму з нашых землякоў належыць згаданы твор?

7. Асвячэнне гэтага храма, якое адбылося 31 мая 1909 года, стала даволі важнай падзеяй на Дзісеншчыне. Акрамя павятовых улад на ўрачыстасці прысутнічаў віленскі губернатар, а само асвячэнне вёў архіепіскап Літоўскі і Віленскі Нікандр. Але не менш цікавым з’яўляецца той факт, што ўзвядзенне храма адбылося пры дапамозе і дзейснай падтрымцы аднаго з мясцовых памешчыкаў. Назавіце імя гэтага землеўласніка.

8. 10 жніўня 1763 года ў кляштары кармелітаў босых у Глыбокім адбылася падзея, якая патрапіла ў хронікі многіх каталіцкіх манастыроў Вялікага княства Літоўскага. Сведкі таго здарэння не змаглі знайсці яму рацыянальнага тлумачэння, не існуе яго і зараз. Максімальна падрабязна апішыце гэту незвычайную з’яву.

9. Сучаснікам ён быў вядомы як сапраўдны кавалер, які любіў прыгожых жанчын і адорваў іх дарагімі падарункамі. Распавядаюць, аднак, што па-сапраўднаму закахаўся, відаць, толькі ў адну – дачку сваёй цёткі графіні Піўніцкай. Але дзяўчыне на той момант было толькі 16 гадоў, і яе бацькі былі не ў захапленні ад такога шлюбнага саюзу. У выніку, гэты наш зямляк так ніколі і не ажаніўся. Укажыце яго імя.

10. Шчаслівы шлюб гэтых людзей, у якім нарадзіліся дачка Марыя і сын Пётр, доўжыўся толькі чатыры гады, але меў для Глыбокага заўважныя наступствы. Назавіце імёны мужа і жонкі, пра якіх ідзе гаворка, а таксама растлумачце сутнасць згаданых у пытанні наступстваў.

11. Цяжка вызначыць дакладны час, калі гэтыя пачвары з’явіліся ў Глыбокім: прынамсі, тут можна іх знайсці ўжо не першае стагоддзе. Па аднаму з меркаванняў, іх знешні выгляд сведчыць пра бязмежную моц Бога, які можа абясшкодзіць самае жудаснае стварэнне. Хоць у Чырвоную кнігу яны і не ўнесены, але, тым не менш, зараз знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Мы не просім вас паведаміць іх назву, дастаткова, каб вы максімальна дакладна ўказалі іх глыбоцкае месца “жыхарства”.

12. Гэты цікавы архітэктурны помнік быў узведзены ў 1748 годзе, прычым сродкі на яго будаўніцтва былі выдаткаваны каталіцкім манаскім ордэнам кармелітаў босых. Да нашага часу храм дайшоў не ў першапачатковым выглядзе, але гэта не прыніжае яго гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Які будынак маецца на ўвазе?

13. На пасяджэнні выканкама Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных у красавіку 1962 года было вырашана выдзеліць на патрэбы стварэння дадзенага аб’екта зямельны ўчастак памерам у 22,3 гектары. У тым ліку, з зямель калгаса “Парыжская камуна” планавалася перадаць 10,6 га, а з зямель Глыбоцкага птушкакамбіната – 2,7 га. Акрамя таго, была вызначана неабходнасць ссялення са згаданай тэрыторыі трох хутарскіх гаспадарак. Стварэнню якога аб’екта было прысвечана гэта пасяджэнне?

14.Паспрабуйце адгадаць загадку, запісаную ў вёсцы Загор’е, вызначыўшы, што або хто такія “матка”, “дачка” і “сын:

“Матка – таўстуха,
Дачка – красуха,
Сын – перабор: перавернецца і на двор”

15. Вызначыце ўраджэнцаў Глыбоччыны па фактах з іх жыцця:

a) “у Вільні паступіў практыкантам у вінна-каланіяльны гандаль, дзе тры гады вучыўся купецкага ўмецтва”;
b) займаючы пасаду павятовага агранома, арганізаваў з сялян драматычны гурток, які ставіў спектаклі на беларускай мове;
c) пазнаёміўся з будучай жонкай на Палессі, дзе ў гэты час працаваў настаўнікам матэматыкі;
d) у выніку абставін правёў на службе ў арміі цэлых сем год, значную частку з якіх праслужыўшы вайсковым фельчарам;
e) пад уплывам ідэй Асветніцтва правёў у сваім маёнтку значныя эканамічныя і сацыяльныя рэформы, фактычна стварыўшы дзяржаву ў дзяржаве.

Правільныя адказы: