"Наша роднае! Беларускае!"
Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, зацверджаны ў 1999 годзе рашэннем ХХХ сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.
"Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым i зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…" – з такім заклікам яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя звяртаўся да будучых пакаленняў беларусаў адзін з класікаў нашай літаратуры Францішак Багушэвіч. У гэтых словах жыве глыбокая думка, бо адмаўляючыся ад мовы продкаў, мы, тым самым, ставім пад пагрозу будучыню нацыі, найважнейшай прыкметай і інструментам захавання якой і з’яўляецца мова. Акрамя таго, забываючы родную мову, мы наўмысна пазбаўляемся найбагацейшага культурнага скарбу, што збіраўся беларусамі на працягу многіх стагоддзяў.З гэтым меркаваннем быў згодны і адзін з самых вядомых краязнаўцаў Глыбоцкай зямлі – Іван Іванавіч Волкаў, які большую частку жыцця аддаў справе народнай адукацыі, спачатку працуючы настаўнікам у Чарневічах, а потым займаючы пасаду дырэктара Псуеўскай школы. Разам з тым, на працягу многіх год Іван Іванавіч рупліва збіраў матэрыялы для сваёй кнігі "Дыяменты роднай мовы".
Краязнаўца адзначаў: "Мова – носьбіт нацыянальнай культуры народа. Запісаныя мной прымаўкі, прыказкі, гаворкі, песні, прыпеўкі, паданні, легенды – гэта самацветы, дыяменты роднай мовы. Як самыя дарагія ўпрыгожванні яны робяць нашу мову вобразнай, мілагучнай, змястоўнай, сакавітай, адлюстроўваюць узровень культурнага развіцця народа, раскрываюць яго характар, шчодрасць яго душы".
Перадрукаваны ў 1990-я гады экзэмпляр згаданай рукапіснай кнігі Волкава захоўваецца ў фондах нашага музея, даючы магчымасць пазнаёміцца з надзвычай цікавым і рознабаковым фальклорам той часткі Глыбоччыны, якая завецца – Псуеўшчына. Першая частка рукапісу прысвечана прыказкам і прымаўкам – з іх і варта пачаць знаёмства з кнігай Івана Іванавіча. Але спачатку нагадаем, што прыказка – гэта кароткае выслоўе з павучальным сэнсам, якое валодае сэнсавай, структурнай і інтанацыйнай завершанасцю. Сэнс гэтых старадаўніх прыказак будзе зразумелы вам і зараз, але, на ўсялякі выпадак, побач мы будзем даваць кароткае тлумачэнне:
"Каму – на, каму – не, каму – кіем па спіне" (старажытная прыказка, якая асуджае сацыяльную няроўнасць, несправядлівасць; магла ўзнікнуць яшчэ ў часы прыгоннага права);
"Пакуль татка змалаціў, дык сынок і абуўся", "У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі" (у любой мове знойдуцца прыказкі, што высмейваюць гультаёў і абібокаў);
"У чужое шчасце і мусе не ўпасці", "Гуляка гуляе, а чорт шчасце люляе" (а гэтыя прыказкі толькі пацвярджаюць неабыякавае стаўленне грамадскасці да чужога шчасця, асабліва калі яно, на думку людзей – незаслужанае);
"На чужы рот не паставіш плот", "Чужы рот – не агарод, не загародзіш" (выслоўі, якія яшчэ раз нагадваюць пра тое, наколькі цяжка змагацца з пляткарствам);
"Не хваліся зваўшы, а хваліся змалаціўшы і ў засек засыпаўшы" (змястоўная прыказка, што перасцерагае нас ад беспадстаўнага выхваляння);
"Цялятка яшчэ ў маткі, а з ножыкам бегаюць" (прыказка пра тых, у каго ўсё выканана толькі на словах, тады як у сапраўднасці яшчэ нічога не зроблена);
"Па малаку і ног не павалаку" (цудоўны напамін пра тое, што кожная фізічная праца патрабуе добрага харчавання);
"Прыбяры пянёк – і то будзе спарынёк" (ну як жа ў чарговы раз не высмеяць моднікаў і модніц?);
"Няма такой крамкі, дзе прадаюцца мамкі" (народная прыказка пра самага дарагога чалавека ў жыцці кожнага з нас);
"Сяннік – не падушка, нявестка – не дачушка", "І кішкі – не мяса, і сват – не радня" (жартоўныя выслоўі, прысвечаныя сваяцкім адносінам);
"Які пень – такое і атуросце (парасткі)" (яшчэ адна прыказка, звязаная з тэмай сям’і, сцвярджае, што дзеці падобныя да бацькоў);
"Пан фігурай, чорт пад скурай" (трапнае папярэджанне адносна таго, што не варта складаць меркаванне па першаму ўражанню);
"Усе дзяўчаткі – хвалёнкі, адкуль толькі бяруцца жонкі-варонкі?", "Хоць і пад лаўкай пасядзець, абы на прыгожага паглядзець" (прыказкі, якія сведчаць пра надзвычайную складанасць і неадназначнасць жыццёвага выбару, з якім сутыкаецца хлопец ці дзяўчына падчас пошуку "другой палавінкі");
"І кошка – гаспадынька, калі на стале саланінка" (выслоўе дае зразумець, што важна быць добрым гаспадаром нават не маючы вялікага дастатку);
"Дождж ідзе не тады, калі яго просяць, а тады, калі жнуць і косяць" (прыказка цудоўна адлюстроўвае складаныя "узаемаадносіны" селяніна і беларускага надвор’я);
"На дварэ май, каню сена дай, сам на печку ўцякай" (у наш час усё цяжэй уявіць, што ў маі можа быць холадна, але раней майскія прымаразкі сустракаліся даволі часта);
"Гаворыць, як віламі па вадзе піша" (выслоўе, што выкрывае пустазвонаў, словам якіх нельга даверыцца);
"Адстанеш шажком – не дагоніш трушком" (прыказка пра тое, як цяжка даганяць упушчанае).
Такімі вось цудоўнымі прыказкамі карысталіся жыхары Псуеўшчыны яшчэ ў апошняй чвэрці мінулага стагоддзя, пры жыцці краязнаўцы, які адышоў у лепшы свет на 72 гаду жыцця ў снежні 2001 года. Спадзяёмся, што якія-ніякія з іх чутны на Глыбоччыне і ў наш час. Калі ж раней вы такіх не чулі, прапануем запомніць тыя некалькі, што вам спадабаліся і выкарыстоўваць іх пры зручным выпадку. Прыказкі даўнейшых часоў вартыя таго, каб гучаць і зараз, бо нягледзячы на імклівыя пераўтварэнні апошніх дзесяцігоддзяў, народная мудрасць і сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі.
Успомнім жа добрым словам Івана Іванавіча Волкава за яго плённую працу па захаванні культурнай спадчыны народу, да якой, безумоўна, адносяцца і прыказкі. Кожная з іх, без перабольшвання, з’яўляецца каштоўным дыяментам матчынай мовы.
(19 феврвля 2025 года)