Пасля заканчэння савецка-польскай вайны (1919-1921) у польскіх вайсковых частках пачалі стварацца кааператывы, якія аб'ядноўвалі ў якасці пайшчыкаў афіцэраў, падафіцэраў, а ў некаторых частках - радавых і вольнанаёмных служачых. Ваенныя кааператывы забяспечвалі сваіх пайшчыкаў прадуктамі і таварамі па цвёрдых цэнах.
Так як пры адсутнасці крэдыту ў кааператыве, яго члены сталі б звяртацца за пакупкамі ў крэдыт да іншых гандляроў, тавары пайшчыкам адпускаліся ў крэдыт, які быў арганізаваны шляхам выдачы крэдытных марак, сума якіх запісвалася ў кнігу, а па гэтых марках кааператыўная крама адпускала тавары і прадукты . Пры атрыманні жалавання кожны член-пайшчык пагашаў свой доўг і яму зноў выдаваліся крэдытныя маркі (вернутыя з крамы ў праўленне) з запісам у кнігу. Такім чынам, адбываўся шматразовы абарот гэтых марак, якія мелі хаджэнне толькі ў межах кааператыва дадзенай вайсковай часткі.
Крэдытныя маркі былі металічныя і папяровыя. Металічныя былі больш выгаднымі, так як менш зношваліся ў працэсе абароту. Для іх чаканкі выкарыстоўвалі алюміній, цынк, жалеза, медзь, бронзу, латунь ці нікель. Свае крэдытныя маркі выпускаў і кааператыў 7 батальёна корпуса памежнай аховы ў Падсвіллі. Металічныя крэдытныя маркі выпускаліся ў двух наміналах: цынкавыя «20 грошаў» і «1 злоты» з алюмінію. Надпіс на манеце быў наступны: "SPOLDZ. 7 BAONU. КОР. PODSWILE" (Кааператыў 7 батальёна корпуса памежнай аховы). "MARKА КREDYTOWA" (Крэдытная марка). Адна з такіх манет паступіла ў фонды музея на пастаяннае захаванне.
Жывапісны твор мае характэрнае для яго работ афармленне кампазіцыі: у цэнтры - сюжэтны малюнак (начны краявід з замкам і двума белымі лебедзямі), аздоблены расліннай абмалёўкай з кветак і садавіны.
Маляваныя дываны вядомы на Беларусі з канца XIX стагоддзя, аднак найбольшае іх распаўсюджванне прыпадае на 1930-50-я гг. У гэты час вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва беларускай вёскі і насценныя дываны становяцца галоўным упрыгажэннем інтэр’еру сялянскай хаты. Маляваныя дываны Язэпа Драздовіча, большасць з якіх былі створаны на Дзісненшчыне ў 1930-я гады, адрозніваюцца непаўторнымі сюжэтамі і з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны.

Драўляны корпус гадзінніка аздоблены дэкорам, унутры змешчаны гадзіннікавы механізм з маятнікам і двума гірамі, а таксама гонг тыпу “Trio Gong”. На цыферблаце змешчана фірменнае кляймо ў выглядзе якара з каронай і літары “G” і “B” – ініцыялы вядомага нямецкага майстра, фабрыканта і заснавальніка гандлёвай маркі – Густава Бекера.
Паколькі на гадзіннікавым механізме адсутнічае серыйны нумар, можна меркаваць, што створаны ён быў не раней 1926 года, калі кампанія-вытворца “Vereinigte Freiburger Uhrenfabriken” спыніла нумарацыю сваёй прадукцыі. Месцам стварэння дадзенага гадзінніка, верагодна, з’яўляецца сілезскі горад Фрайбург (сучасная назва – Свебадзіцы).
Увекавечыць імя Янкі Купалы ў Маскве прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Расіі Антон Сабалеўскі і Францішак Каўрыга задумалі амаль дваццаць гадоў назад. У Маскве паэт вучыўся, тут ён і загінуў. Беларускі скульптар Валяр'ян Янушкевіч стварыў па заказу дыяспары 50-сантыметровы бронзавы макет. Аднак да стварэння помніка ў поўны рост - чатыры метры вышынёй - справа не дайшла.
Да святкавання 120-годдзя з дня нараджэння паэта, у Беларусі быў аб’яўлены конкурс праектаў помніка Я.Купалу. Лепшы праект планавалася ўстанавіць у Маскве. У выніку з пяці прадстаўленых работ лепшым быў названы эскіз Льва Гумілеўскага і яго сына Сяргея. Цікава мастацкае рашэнне манумента. Паэт абапіраецца на вясковую агароджу, на якой ляжыць расчыненая кніга. Побач з агароджай выгінаецца вялікі бронзавы ліст папаратніку. У ліпені 2007 года, у сувязі з святкаваннем 125-годдзя з дня нараджэння, у Маскве быў устаноўлены помнік Янку Купалу. Манумент паставілі ў скверы на Кутузаўскім праспекце, непадалёк ад федэральнай трасы Масква - Мінск. Паміж Расіяй і Беларуссю адбыўся своеасаблівы абмен скульптурнымі кампазіцыямі: у Маскве ўсталявалі помнік Купале, а ў Мінску з'явіўся помнік Пушкіну. Тым часам, змарыўшыся весці перапіску з маскоўскімі ўладамі, ініцыятар ідэі Антон Сабалеўскі выкупіў бронзавага Купалу ў Валяр'яна Янушкевіча і прывёз да сябе на радзіму. Тут у Глыбокім, ён падарыў скульптуру нашаму музею.
За нумарам КП 9699 гэты музейны экспанат назаўжды занесены ў асноўны фонд музея.
Напярэдадні святкавання 10-ці гадовага юбілею, нашаму музею быў паднесены незвычайны падарунак - спіртавы прас. Падарыў незвычайны прадмет даўні сябар музея, жыхар Санкт-Пецярбурга Блышко Павел Фёдаравіч. Знаходзячыся на адным з рынкаў Кракава, ён запрыкмеціў гэты ўнікальны прадмет і купіў яго ў падарунак "юбіляру".
Напачатку ХХ стагоддзя спіртавыя прасы лічыліся аднымі з самых практычных прыбораў для прасавання тканін. Развіццё іх вытворчасці ішло вельмі хутка. Выцясняючы звыклыя вугальныя прасы, яны станавіліся незаменным прадметам хатняга ўжытку. Ні дыму, ні куравы, ні паху - прастата канструкцыі, вытанчанасць і бяспека.
Напрыклад, спіртавы прас маркі "Слава" - нікеляваны, дарожны, вагой 2,5 фунта, каштаваў у свой час 5 рублёў. Праз 10 хвілін пасля запальвання прас гатовы да працы. Расходаваў ён усяго на 1,25 капеек спірту ў гадзіну (кошт на 1905 год). Для запальвання гарэлка дастаецца з праса, ставіцца на спецыяльную падстаўку, у ёмкасць якой заліваўся спірт. Калі ўвесь стрыжань гарэлкі пакрываўся агеньчыкамі - яго ўстаўлялі ў прас, які награваўся. Каб загасіць гарэлку - яе вымалі і задзімалі агонь.

Тэадаліт найстарэйшай рускай фабрыкі геадэзічных і чарцёжных інструментаў " G.Gerlach Warszawa ". Дакладная дата вырабу дадзенага прыбора пакуль не ўстаноўлена. Прыкладна ў канцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзя. Асноўны матэрыял - бронза. Прадмет быў набыты і выкарыстоўваўся землямерам Дзісненскага павета ў 1920-30-я гг. Унукамі землямера падараваны музею ў 2002 годзе.
G.Gerlach (Густаў Герлах) - нямецкі інжынер і прадпрымальнік які пасяліўся ў Варшаве. У 1852 годзе запусціў "Спецыяльны завод геадэзічных прыбораў Г. Герлах". Адзін з першых заказаў быў вялікі заказ ўрада Расіі для будаўніцтва Транссібірскай чыгуначнай магістралі. У той час завод выпускаў тры тыпы тэадалітаў, два тыпы нівеліра, астралябіі, прафесійныя чарцёжныя інструменты і быў галоўным канкурэнтам найстарэйшай рускай фабрыкі геадэзічных інструментаў «Ф.Швабе». Штаб-кватэра кампаніі размяшчалася ў Варшаве. У 1915 годзе частка актываў кампаніі была перавезена ў Пецярбург. У той жа год памёр заснавальнік кампаніі Густаў Герлах. Пасля смерці бацькі кампанію ўзначаліў яго сын - Эміль Герлах. Пры ім кампанія пашырылася і акрамя геадэзічных прыбораў наладзіла выпуск анемометраў і прыбораў для авіяцыі. Удасканальваліся і геадэзічныя прыборы, якія выпускаліся заводам. У пачатку Другой сусветнай вайны немцы захапілі завод. Актывы кампаніі былі цалкам разбураны. Пасля вайны было прынята рашэнне завод не аднаўляць.
Тэракотавая керамічная плітка для абліцоўкі печы, як мяркуецца, мясцовай вытворчасці. Вонкавая пласціна кафлі аздоблена малюнкам у выглядзе герба каталіцкага ордэна кармелітаў босых: на ўвянчаным каронай шчыце адлюстравана стылізаваная гара Кармель з крыжам і трыма зоркамі. На жаль, верхняя частка кафлі захавалася дрэнна, з-за чаго амаль не бачны яшчэ адзін элемент герба – рука, якая трымае вогненны меч.
У вуглах кафлі змешчаны лацінскія літары, якіх, хутчэй за ўсё, было чатыры – па адной у кожным вугле. Літары “C” і “D” верагодна звязаны з лацінскай назвай ордэна – Ordo Carmelitarum Discalceatorum, літара “G” можа ўказваць непасрэдна на Глыбокае, дзе ў 1640-х гадах пачаў дзейнічаць адзін з буйнейшых кармеліцкіх манастыроў Вялікага княства Літоўскага.
Старадаўні прадмет побыту, адмысловае прыстасаванне для барацьбы з мухамі. Уяўляе сабой пасудзіну шарападобнай формы з вузкім кароткім рыльцам, дно якой мае лейкападобную адтуліну. Ножкі мухалоўкі забяспечвалі зазор паміж адтулінай і паверхняй стала, на якім стаяла пасудзіна. У паглыбленне вакол згаданай адтуліны заліваўся квас, сіроп, сываратка малака ці іншая прывабная для мух вадкасць, пасля чаго рыльца закрывалі коркам. Маглі выкарыстоўваць таксама і мыльны раствор, але, у такім выпадку, пад адтулінай мухалоўкі патрэбна было паставіць асобную пасудзіну з прынадай (напрыклад, кіслае малако з кавалкамі хлеба), падымаючыся ад якой муха трапляла ў пастку. Патрапіўшы ў мухалоўку праз адтуліну знізу і не маючы магчымасці выбрацца вонкі, насякомыя аказваліся ў вадкасці і гінулі. Верхняя адтуліна дапамагала зручна ачысціць гэта цікавае прыстасаванне. Лічыцца, што падобныя шкляныя мухалоўкі з’явіліся ў канцы ХІХ стагоддзя і ўжо ў хуткасці атрымалі шырокае распаўсюджанне. Працягвалі выкарыстоўвацца яны пэўны час і ў другой палове ХХ стагоддзя.




















