Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч
Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф.
Нарадзіўся 27 кастрычніка 1883 года на хутары Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і беззямельных шляхцічаў. Скончыў на радзіме Пагостскую пачатковую школу, пасля чаго непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Франца Ластоўскага. У 1896 годзе з'ехаў у Вільню, дзе працаваў пасыльным у віннай краме.
У 1904 - 1905 гг. слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 года пражываў у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй.
З сакавіка 1909 года Вацлаў Ластоўскі зноў апынуўся ў Вільні, дзе ў 1909 - 1914 гг. заняўся рэдакцыйнай і выдавецкай дзейнасцю. У 1910 годзе ён выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі».
У час Першай сусветнай вайны заставаўся ў Вільні. У студзені 1915 года сумесна з іншымі беларускімі грамадска-палітычнымі дзеячамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных уладаў аб выданні беларускіх газет. Кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні. Ён з'яўляецца аўтарам серыі «Буквароў», прызначаных для дзяцей пачатковых школ.
У 1918 - 1919 гг. заняўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. 17 снежня 1919 года польскія ўлады арыштавалі Вацлава Ластоўскага. З-пад варты ён быў вызвалены ў лютым 1920 года, пасля чаго пераехаў у Рыгу, а потым у Каўнас. Разам з іншымі беларускімі грамадска-палітычнымі дзеячамі ўвайшоў у Камітэт замежных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. 20 кастрычніка 1920 года на канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага быў створаны блок беларускіх партый, які выступаў за незалежнасць Беларусі. У снежні 1920 года выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу.
У 1920 - 1923 гг. Вацлаў Ластоўскі з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю, адстойваючы правы беларускага народа. З 20 красавіка 1923 года прыняты на працу ў Міністэрства беларускіх спраў у Літве. У 1923 - 1927 гг. выдаваў часопіс "Крывіч". Даследаваў старажытнабеларускую літаратуру, вынікам чаго стала выданне ў 1926 годзе “Гісторыі беларускай (крэўскай) кнігі”. Аўтар гістарычнай аповесці «Лабірынты» (1923). Ластоўскі выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі аб шляхах развіцця, творчых метадах, напрамку і стылі беларускай літаратуры. Пасля адмовы літоўскага ўрада фінансаваць часопіс “Крывіч”, у красавіку 1927 года пераехаў у БССР.
Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры. З 1928 года з'яўляецца акадэмікам Беларускай Акадэміі Навук. Працаваў у “Камісіі жывой беларускай мовы”, уваходзіў у “Камісію па ахове помнікаў даўніны ў БССР”. Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, падчас адной з іх і быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.
Пастановай Рады Народных Камісараў БССР 20 лістапада 1929 гады вызвалены ад пасады сакратара Беларускай Акадэміі Навук. 21 ліпеня 1930 года быў арыштаваны па справе "Саюза вызвалення Беларусі". У 1931 годзе высланы на 5 гадоў у Саратаў, пазбаўлены звання акадэміка. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 года. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 года прыгавораны да расстрэлу "як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі". Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года, па другім - 16 верасня 1958 года. Адноўлены ў званні акадэміка Акадэміі Навук Беларусі ў 1990 годзе.




















