Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч
Прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны будаўнік БССР, лаўрэат прэмій Савета міністраў Беларусі і Савета міністраў СССР.
Займаў пасаду загадчыка кафедры "Асновы, фундаменты і інжынерная геалогія" Беларускага політэхнічнага інстытута. Адзін з навуковых кіраўнікоў праектавання мінскага метрапалітэна.
Нарадзіўся 29 верасня 1923 года ў Мінску ў сям'і настаўніка Аляксандра Антонавіча Сабалеўскага. У верасні 1941 года сям'я Сабалеўскіх вяртаецца ў Глыбокае, на радзіму бацькі, які пасля вяртання працуе настаўнікам народнай школы.
З пачатку 1942 года Юрый Сабалеўскі быў адным з удзельнікаў маладзёжнай падпольнай групы, якая дзейнічала ў Глыбокім. На рахунку падпольшчыкаў нямала спраў, якія садзейнічаюць вызваленню роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У жніўні 1944 года юны падпольшчык узнагароджаны медалём "Партызану Айчыннай вайны" II ступені.
20 лютага 1945 года Юрый Аляксандравіч быў прызваны ў рэгулярную армію і ў складзе 1-га Украінскага фронту, як наводчык батальённага мінамёта, прайшоў з баямі Польшчу, Чэхаславакію, Германію. У маі 1945 года ён удзельнічаў у штурме рэйхстага і ледзь не загінуў у адным з баёў.
За баявыя заслугі радавы Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч узнагароджаны медалямі: "За ўзяцце Берліна", "За адвагу", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.". У 1985 годзе ўручана ўрадавая ўзнагарода - Ордэн Айчыннай вайны II ступені.
Пасля вайны Юрый Аляксандравіч скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, потым працаваў на будаўнічым факультэце гэтага інстытута, на кафедры "Будаўнічыя канструкцыі". У 1953 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую па тэме: "Аб гарызантальных зрушэннях гідратэхнічных збудаванняў". У тым жа годзе ён удзельнічае ў стварэнні новай кафедры "Асновы, падмуркі і інжынерная геалогія", якую потым і ўзначальваў на працягу амаль трыццаці гадоў. У 1968 годзе абараніў доктарскую дысертацыю "Даследаванне ўстойлівасці меліярацыйных каналаў".
У канцы 1970-х – пачатку 1980-х гг. вялося будаўніцтва першай лініі мінскага метрапалітэна. Навуковым кіраўніком праекта стаў прафесар Юрый Сабалеўскі, які на практыцы прымяніў перадавыя тэхналогіі геатэхнічнай навукі таго часу: пракладка тунэляў на малой глыбіні ў абводненых месцах. Пад яго кіраўніцтвам былі скарыстаны такія тэхналагічныя прыёмы, як "сцяна ў грунце", ін'екцыйнае анкераванне, армаванне грунта і інш.
Памёр Юры Аляксандравіч Сабалеўскі 24 кастрычніка 2002 года. Адбілася хвароба лёгкіх, атрыманая на фронце.
У Глыбокім адна з вуліц горада названа ў гонар Юрыя Сабалеўскага. У 2011 годзе на ёй быў адкрыты памятны знак вучонаму, а ў 2014 годзе ў скверы знакамітых землякоў быў устаноўлены бюст выдатнага вучонага сучаснасці.





















