Сухі Павел Восіпавіч
Савецкі авіяканструктар, доктар тэхнічных навук, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы.
Нарадзіўся 22 ліпеня 1895 года ў мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні. Бацькі яго былі настаўнікамі і працавалі ў мясцовай школе. У жніўні 1896 года сям'я пераехала ў Свянцяны, а ў 1899 годзе бацька Паўла Сухога атрымаў прапанову стаць дырэктарам адной са школ Гомеля, і сям'я перабіраецца на поўдзень Беларусі.
У 1914 годзе Сухі скончыў гомельскую гімназію са срэбным медалём і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1915 годзе перавёўся ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча (далей – МВТВ). З 1916 года служыў у войску. У 1918 – 20 гг. працаваў настаўнікам матэматыкі ў Лунянцы, затым у чыгуначнай школе Гомеля. Пасля аднаўлення дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў Расіі прадоўжыў вучобу ў МВТВ.
Пасля заканчэння МВТВ у 1925 годзе Павел Сухі працаваў інжынерам-канструктарам у Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце (далей – ЦАГІ). У канструктарскім бюро (далей – КБ) Тупалева ён распрацоўваў знішчальнікі І-4, І-14, быў вядучым канструктарам, начальнікам канструктарскай брыгады пры распрацоўцы самалётаў РД (АНТ-25) і "Радзіма" (АНТ-37). На самалёце АНТ-25 у 1937 годзе лётчыкі Чкалаў, Байдукоў і Белякоў здзейснілі першы ў свеце беспасадачны пералёт Масква–Ванкувер, штат Вашынгтон (ЗША) праз Паўночны полюс.
Прымаў удзел у конкурснай распрацоўцы самалёта "Іванаў", якая скончылася стварэннем баявога шматмэтавага самалёта Су-2, што выкарыстоўваўся ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
У 1939 – 40 гг. Павел Восіпавіч Сухі – галоўны канструктар доследнага канструктарскага бюро. Пад яго кіраўніцтвам у 1940 – 41 гг. былі створаныя знішчальнікі Су-1 і Су-3. Яшчэ раней быў распрацаваны бамбардзіроўшчык Су-2. Гэтая машына валодала выдатнай хуткасцю, мела магутнае ўзбраенне і для ўзлёту не патрабавала аэрадрома – досыць было любога роўнага поля.
Яшчэ да вайны Сухі атрымаў заданне на распрацоўку самалёта-штурмавіка. У чэрвені 1943 года штурмавік Су-6 быў перададзены для дзяржаўных выпрабаванняў. Новая машына была вельмі высока ацэненая, але ў серыйную вытворчасць не выйшла. Падчас вайны Сухі стварыў самы магутны браніраваны штурмавік Су-8, за што атрымаў Дзяржаўную прэмію.
У пасляваенныя гады Сухі быў у шэрагу першых савецкіх авіяканструктараў, якія вялі работу ў вобласці рэактыўнай авіяцыі, стварыўшы некалькі доследных рэактыўных знішчальнікаў. Пасля ўзнаўлення КБ пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны шэраг серыйных баявых машын, у ліку якіх значыўся знішчальнік Су-7 з хуткасцю палёту, якая ўдвая перавысіла хуткасць гуку. Далей з КБ Сухога вышлі знішчальнікі-перахопнікі Су-9, Су-10, Су-15, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-7Б з лыжным і колава-лыжным шасі, Су-17 са зменлівай у палёце формай крыла, франтавы бамбардзіроўшчык Су-24, штурмавік Су-25, знішчальнік Су-27 і іншыя самалёты.
У 1958 – 1974 гадах Павел Сухі з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў актыўным грамадскім дзеячам.
Памёр 15 верасня 1975 года. Пахаваны ў Маскве.
За выдатныя дасягненні ў вобласці авіяцыйнай навукі і тэхнікі канструктар быў узнагароджаны залатым медалём імя акадэміка Тупалева (1975). У 1957 годзе Сухому было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, у 1965 г. ён атрымаў другі залаты медаль "Серп і Молат". Сухі Павел Восіпавіч з'яўляецца кавалерам трох ордэнаў Леніна (1945, 1957, 1975), ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1938), Чырвонай Зоркі (1933) і "Знак Пашаны" (1936), лаўрэатам Сталінскай прэміі (1943 – за стварэнне штурмавіка Су-6), Ленінскай прэміі (1968), Дзяржаўнай прэміі СССР (1975 – пасмяротна).
У 2004 годзе імем Паўла Восіпавіча названая вуліца ў Маскве; яго імя прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту.
Яшчэ ў 1996 годзе на ўездзе ў горад Глыбокае пастаўлены помнік-самалёт Су-17, іменем праслаўленага канструктара названая адна з вуліц Глыбокага. Гарадская школа №1 носіць імя славутага земляка, у ёй створаны і працуе музей Паўла Сухога, а на беразе возера, перад будынкам школы, устаноўлены самалёт Су-24М. Яшчэ адзін самалёт-знішчальнік Су-27 заняў месца у цэнтры горада – Парку Перамогі, а бюст Паўла Восіпавіча Сухога ўстаноўлены ў скверы знакамітых землякоў.




















