

У святочны першамайскі дзень у выставачнай зале музея адбылася ўрачыстая прэзентацыя экспазіцыйнага праекта "Хронікі Першамая". Яго экспанаты расказваюць аб традыцыях святкавання дня працоўных у Беларусі, аб развіцці сельскагаспадарчай і прамысловай галіны нашага рэгіёну з савецкіх часоў да нашых дзён. Асобны блок прысвечаны жыхарам Глыбоччыны, якія ў розны час за самаадданую, добрасумленную працу былі адзначаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай – яны атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Падчас мерапрыемства прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў горада актыўна ўключыліся ў дыялог. Многія ўспомнілі пра асабісты вопыт удзелу ў першамайскіх дэманстрацыях савецкіх часоў і незабыўныя эмоцыі свята.
Дыялог атрымаўся эмацыянальным і змястоўным, а займальны экскурс па экспазіцыі нікога не пакінуў абыякавым: нехта ўспомніў дзяцінства і маладосць, а нехта пазнаў шмат новага пра святочную дату календара – Свята працы.





26 красавіка - дзень, калі свет замёр у жаху. У гэты дзень у 1986 годзе адбылася найбуйнейшая катастрофа ў гісторыі атамнай энергетыкі - выбух на Чарнобыльскай АЭС.
Гэтая трагедыя пакінула глыбокі след у лёсе многіх краін, але Беларусь прыняла на сябе галоўны ўдар. Кожны пяты жыхар Беларусі стаў ахвярай Чарнобыля. А калі ўлічыць, што ў першыя дні пасля аварыі амаль уся тэрыторыя нашай рэспублікі была забруджана радыеактыўным ёдам, то няма такога чалавека ў Беларусі, каго б не закранула гэтая бяда…
Дзесяткі пажарных-ліквідатараў аддалі свае жыцці, абараняючы краіну ад радыяцыйнай пагрозы. Тысячы людзей змагаліся і працягваюць змагацца з наступствамі гэтай жахлівай катастрофы, рызыкуючы сваім жыццём.

У Міжнародны Дзень помнікаў і гістарычных мясцін супрацоўнікамі музея падрыхтаваны і праведзены гульнявы даведнік “Дзе гэта вуліца? Дзе гэты дом?". У мерапрыемстве гэтага дня прынялі ўдзел вучні адной са школ нашага горада. Для іх музейшчыкі падрыхтавалі невялікі пазнавальны экскурс пра знакавую дату, важнасць абароны і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, колькасць помнікаў на тэрыторыі нашага раёна і іх каштоўнасці. Далей хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў гарадскі праменад з займальнай прыгодай. Падзяліўшыся на дзве каманды, ім трэба было максімальна хутка адшукаць 8 гісторыка-культурных аб'ектаў нашага горада, спасылаючыся на гістарычны адрас і пытанне-падказку.
Злавіць вайб гарадскіх вуліц, бліснуць інтуіцыяй, выявіць свой інтэлект, пазнаць цікавыя факты аб гістарычных месцах - усё гэта атрымалася нашым удзельнікам! У выніку, перамагло сяброўства! Удзельнікам уручаны памятныя сувеніры.
(18 красавіка 2026 года)


Вучні 6 Б класа сярэдняй школы №1 першымі з глыбачан адправіліся пакараць космас, і ўжо паспелі пабываць на ігравым калейдаскопе "Эпоха космасу! Пачатак!". У музеі хлопчыкаў і дзяўчынак чакала займальная касмічная праграма пазнання сусвету.
Вучні класа падзяліліся на каманды і спаборнічалі ў розных інтэлектуальных віктарынах і конкурсах, звязаных з тэмай заваявання чалавекам космасу. Падчас мерапрыемства дзеці не толькі пазналі шмат новага з апавядання навуковага супрацоўніка, але і змаглі пазнаёміцца з музейнымі прадметамі касмічнай тэматыкі. Трэба адзначыць, што дадзенае тэматычнае мерапрыемства мае не толькі забаўляльны, але, найперш, і пазнавальны характар.
Чакаем новых прыгод!



Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікамі музея праведзена дыялогавая пляцоўка "Памятаць. Нельга забыцца". Удзельнікамі мерапрыемства стаў маладзёжны актыў раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. У ходзе правядзення дыялогавай пляцоўкі былі абмеркаваны пытанні стварэння, існавання і ліквідацыі фашысцкіх канцлагераў. Музейныя работнікі прадставілі прэзентацыі аб месцах масавага прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва і ваеннапалонных у нашым рэгіёне, таксама быў прадэманстраваны ўрывак відэафільма аб канцэнтрацыйным лагеры ў Беразвеччы. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнуў расказ старшага навуковага супрацоўніка музея Хайноўскага А.В. аб увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны. Удзельнікі дыялогу цікавіліся этапамі правядзення пошукавай работы, прынцыпам даследчай дзейнасці і яе вынікамі. Фіналам мерапрыемства стала канструктыўная размова аб важнасці захавання гістарычнай памяці, гераізме і стойкасці савецкага народа.






Ужо традыцыйным для нашага музея стала правядзенне анлайн мерапрыемстваў у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У гэтым годзе ў чарговы раз адбылася відэасустрэча музейшчыкаў з Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея ім. А.Ф. Вангенгейма (Расійская Федэрацыя) і Бягомльскага музея народнай славы (Рэспубліка Беларусь), з якімі наш музей сябруе і супрацоўнічае ўжо некалькі гадоў.
"Жаночы след у гісторыі Беларусі і Расіі" - менавіта гэтая тэма аб'яднала выступленні ўдзельнікаў відэасустрэчы і была прысвечана Году беларускай жанчыны.
Выступленне супрацоўніка нашага музея пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з біяграфіямі выдатных жанчын Глыбоччыны – Ніны Кірылаўны Целеш (Ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна), Соф'і Мартынаўны Юргель і Лідзіі Пятроўны Плыгаўкі (Героі Сацыялістычнай працы). На мерапрыемстве з розных бакоў прысутнічалі навучэнцы школ і каледжа, для якіх такое мерапрыемства было вельмі карысным і прынесла шмат новага ў вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны брацкіх народаў.
(2 красавіка 2026 года)
На вясновых канікулах супрацоўнікамі музея праведзены розныя пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей, якія адпачываюць у школьных аздараўленчых лагерах. У першай гарадской школе дзеці гулялі ў "гістарычны бой", адказваючы на мудрагелістыя пытанні і разгадвалі загадкі. Для навучэнцаў сярэдняй школы № 2 была праведзена патрыятычная экскурсія ў парку Перамогі, падчас якой дзецям расказалі пра гераічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікі лагера Дзеркаўшчынскай базавай школы ўдзельнічалі ў інтэлектуальным квэсце і разгадалі ўсе музейныя таямніцы. Дзеці з Шаркаўшчынскага і Аршанскага раёнаў з задавальненнем агледзелі экспазіцыю музея і захапіліся хараством унікальнага помніка архітэктуры - Сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, а таксама прагуляліся па памятных мясцінах Глыбокага.
(27 сакавіка 2026 года)






16 сакавіка супрацоўнікамі музея для вучняў Шунеўскай базавай школы была праведзена гістарычная гадзіна «Памятаць, каб жыць», прысвечаная Дню памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. Размова вялася аб тых незлічоных ахвярах, што панёс наш край падчас гітлераўскай акупацыі. Гета ў Глыбокім, Плісе і Празароках, канцлагер у Беразвеччы, дзясяткі спаленых вёсак, сярод якіх "сястра Хатыні" - вёска Шарагі на тэрыторыі Глыбоцкага раёна. Гэтыя горкія старонкі нашай гісторыі не могуць быць аддадзены забыццю, бо за кожнай з іх - гібель мноства ні ў чым не вінаватых людзей, памяць аб якіх - святая.
У найбліжэйшыя дні правядзенне дадзенага мерапрыемства запланавана ў шэрагу іншых устаноў адукацыі раёна, што стане нашым укладам у захаванне гістарычнай памяці аб трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
(16 сакавіка 2026 года)


Напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі музея правялі інфармацыйны дыялог “Канстытуцыя. Гісторыя. Сучаснасць». Яго ўдзельнікамі сталі старшакласнікі ДУА "Сярэдняя школа №2 г. Глыбокае імя П. М. Свірко", у адным з класаў якой і адбылося гэтае мерапрыемства.
У ходзе сустрэчы былі закрануты пытанні, звязаныя з гісторыяй развіцця канстытуцыйнай думкі на беларускіх землях, паслядоўна разгледжаны этапы станаўлення асноўнага закона нашай дзяржавы. А замацаваць новы матэрыял дапамагла тэматычная мультымедыйная гульня, якая прыўнесла ў зносіны пэўны спаборніцкі характар.
(13 сакавіка 2026 года)
У гарадскім доме культуры прайшла выніковая нарада работнікаў сектара культуры, дзе прысутнічалі спецыялісты з усіх устаноў сферы раёна. На нарадзе былі агучаны вынікі працы за 2025 год і агавораны планы на бягучы.
Прыемнай і ганаровай часткай мерапрыемства стала ўручэнне заслужаных узнагарод найлепшым установам культуры і іх работнікам. Глыбоцкі музей быў удастоены ганаровай граматы Упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за значны ўклад у развіццё, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна. Граматамі сектара культуры Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта былі адзначаны і нашы супрацоўнікі - Дзмітрый Абрамчык і Таццяна Шкадун.
(10 сакавіка 2026 года)




















