Дарогамі памяці
26 сакавіка каля помніка на месцы магілы вязняў пліскага гета было шматлюдна: навучэнцы і настаўнікі Пліскай дзіцячы сад – сярэдняй школы разам з супрацоўнікамі аўтаклуба Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці праводзілі добраўпарадкаванне тэрыторыі гэтага мемарыяла.
Мерапрыемства праводзілася ў рамках абласной патрыятычнай акцыі “Дарогамі памяці”, прысвечанай 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне сярод аўтаклубаў Віцебскай вобласці. Пачалося яно з наведвання месцаў воінскіх пахаванняў па дарозе з Глыбокага ў Плісу, а менавіта брацкай магілы ахвяр вайны ў в. Арэхаўна і магілы невядомага салдата каля в. Гваздова. Экскурсіі для супрацоўнікаў аўтаклуба і навучэнцаў Пліскай школы на мемарыяльных месцах гэтага маршрута правёў навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў.
Брацкая магіла вязняў пліскага гета ўжо шмат год нагадвае жыхарам вёскі пра адну з найбольш трагічных старонак у гісторыі Плісы. 1 чэрвеня 1942 года на ўскрайку вёскі гітлераўцамі былі расстраляны 410 мясцовых яўрэяў. Раніцай вязняў гета выгналі з дамоў і пад шчыльным ачапленнем павялі да ўжо выкапанай ямы. 20-гадовы хлопец Мошэ Цымкінд, адзін з трох пліскіх яўрэяў, ацалелых падчас гэтай акцыі, з гарышча дома, дзе ён здолеў схавацца ад карнікаў, добра бачыў, як за вёску, сярод іншых, вялі яго маці, брата і сястру. Ён добра разумеў, што чакае яго родных, але нічога не мог зрабіць. Адпомсціць гітлераўцам ён здолеў, патрапіўшы да партызан – са зброяй у руках Мошэ Цымкінд змагаўся да самага вызвалення роднай Плісы летам 1944 года.
Менавіта яго намаганнямі на месцы, дзе былі расстраляны бязвінныя жыхары Плісы быў пастаўлены помнік. У год 75-годдзя Перамогі ў лёсавызначальнай для нашага народа вайне, мерапрыемствы, накшталт таго, што было праведзена сумеснымі намаганнямі аўтаклуба Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, Пліскай дзіцячы сад – сярэдняй школы і Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, маюць вялікую карысць. Яны не дазваляюць нам забыцца на тыя падзеі, што вартыя застацца ў памяці сучасных і будучых пакаленняў.





















