Знойдзены скарб у цэнтры горада
5 кастрычніка 2017 года ў Глыбокім знойдзены скарб. Чыгунок з манетамі падняў коўш экскаватара падчас земляных работ у цэнтры горада. У знаходцы было 299 сярэбраных і нікелевых манет. Гэты гаршчок з манетамі праляжаў у зямлі каля 80 гадоў. У асноўным гэта польскія грошы, якія былі адчаканены ў першай палове мінулага стагоддзя. Некалькі срэбных манет часоў Расійскай імперыі наміналам пяцьдзясят капеек і адзін рубель. Самая старая манета скарбу датуецца 1817 годам. Гэта сярэбраная манета ў 5 злотых Царства Польскага, якое знаходзілася ў гэты перыяд у складзе Расійскай імперыі (час кіравання Аляксандра І). У чыгунку былі і дзве манеты ЗША. Ніякіх здагадак аб тым, хто схаваў скарб у цэнтры горада, ні ў самім чыгуне, ні побач з ім не знойдзена. На наступны дзень у катлаване была знойдзена недастатковая для круглага ліку 300-я манета. Лёс скарбу ўжо прадвызначаны - манеты папоўняць фонды нашага музея. Убачыць знойдзены скарб ўсе жадаючыя могуць у адной з залаў музея. Ён выстаўлены для ўсеагульнага агляду.






















