"Хронікі Першамая"


У святочны першамайскі дзень у выставачнай зале музея адбылася ўрачыстая прэзентацыя экспазіцыйнага праекта "Хронікі Першамая". Яго экспанаты расказваюць аб традыцыях святкавання дня працоўных у Беларусі, аб развіцці сельскагаспадарчай і прамысловай галіны нашага рэгіёну з савецкіх часоў да нашых дзён. Асобны блок прысвечаны жыхарам Глыбоччыны, якія ў розны час за самаадданую, добрасумленную працу былі адзначаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай – яны атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Падчас мерапрыемства прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў горада актыўна ўключыліся ў дыялог. Многія ўспомнілі пра асабісты вопыт удзелу ў першамайскіх дэманстрацыях савецкіх часоў і незабыўныя эмоцыі свята.
Дыялог атрымаўся эмацыянальным і змястоўным, а займальны экскурс па экспазіцыі нікога не пакінуў абыякавым: нехта ўспомніў дзяцінства і маладосць, а нехта пазнаў шмат новага пра святочную дату календара – Свята працы.

























