Сустрэча-успамін "Святар, настаўнік... і проста чалавек"
27 снежня ў культурна-дэндралагічным комплексе в. Мосар адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Юозаса Булькі. На сустрэчу сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і прыехалі шматлікія госці: святары, прадстаўнікі мясцовай улады, супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея і культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар і проста ўсе тыя, хто быў знаёмы з гэтым дзіўным чалавекам. Удзел у мерапрыемстве біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча падкрэсліў значнасць мосарскай святыні і вялізную ролю ў яе адраджэнні ксяндза-прэлата Булькі.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі “Любіў Бога, прыроду і беларускі народ” пра жыццё і дзейнасць славутага святара, падарункавыя экзэмпляры якой аўтар выдання кс. Ян Крэміс уручыў ганаровым гасцям. Увазе прысутных была прапанавана выстава фатаздымкаў "На службе Богу і людзям", а таксама ўнікальныя відэаматэрыялы, знятыя пры жыцці Юозаса Булькі.
Вядучы мерапрыемствы Аляксандр Хайноўскі нагадаў асноўныя біяграфічныя звесткі знакамітага святара. Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, старшыня Удзелаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Казіміравіч Карман, а таксама святары, якія прыехалі ў гэты дзень, падзяліліся ўспамінамі аб сваім настаўніку. Дарэчы, ксёндз Булка выхаваў 13 святароў. Усе выступоўцы сведчылі пра самаахвяраванне, працавітасць, любоў да кожнага чалавека, прыклад моцнай веры ў Бога, любоў да зямлі і прыроды, а таксама пра нястомную барацьбу святара з алкагалізмам.
Доктар Казімір Вацлававіч Яцына адзначыў, што не проста сябраваў з Булькам, але і ўсімі сіламі дапамагаў яму з самага пачатку служэння на глыбоцкай зямлі.
Першы экскурсавод культурна-дэндралагічнага комплексу в. Мосар Марына Раманаўна Ткачонак расказала аб дружнай і згуртаванай працы ўсіх прыхаджан па стварэнню будучага прыродна-ландшафтнага комплексу.
Экскурсавод Алена Паўлаўна Альшэўская шмат гадоў запар прывозіла ў Мосар турыстычныя групы не толькі з усёй Беларусі, і з далёкага і блізкага замежжа. Яна адзначыла, што Мосар прыцягваў турыстаў не толькі сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, але і магчымасцю паразмаўляць з неардынарным чалавекам, якім быў Юозас Булька.
Мінула вось ужо 15 гадоў, як побач з намі няма светлага, добрага чалавека. Але людзі па-ранейшаму едуць у гэтае знакамітае месца, і цяпер яны прыходзяць да магілы святара, каб ушанаваць яго памяць, падзякаваць яму за прыгажосць, якую ён стварыў з дапамогай прыхаджан, за вялізную шчодрасць яго сэрца. Добрыя справы Юозаса Булькі працягваюцца ў яго вучнях, сябрах, аднадумцах, а памяць пра яго заўсёды будзе жыць на Мосарскай зямлі.
(29 снежня 2025 года)
























