Свет не без добрых людзей
Менавіта гэтая думка прыходзіць у галаву першай, калі сутыкаешся са шчырым і бескарысным імкненнем чалавека зрабіць штосьці добрае для іншых.
Цудоўны прыклад падобнай дабрачыннасці быў не так даўно прадэманстраваны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна. На тэрыторыі мясцовага культурна-дэндралагічнага комплексу, які з’яўляецца філіялам нашага музея, за сродкі наваполацкай кампаніі “100 гульняў плюс”, што вырабляе дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, была створана выдатная дзіцячая пляцоўка з каруселямі, качалкамі, арэлямі і горкамі. Вельмі складана апісаць словамі ўсе тыя эмоцыі, што выклікае гэтая пляцоўка ў дзяцей, якія наведваюць комплекс – гэта і радасць, і весялосць, і выдатны настрой.
Пляцоўка была абсталявана ў пачатку красавіка гэтага года, а ў наступным месяцы яе асвяціў пробашч касцёла Святой Ганны ксёндз Марат. Наогул жа з’яўленне такога аб’екта менавіта ў Мосары вельмі сімвалічна, бо ўвесь культурна-дэндралагічны комплекс можна назваць помнікам бескарыснага служэння людзям, які застаўся нам у спадчыну ад легендарнага ксяндза Юозаса Булькі.
Музей выказвае вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву ТАА “100 гульняў плюс” за гэтую цудоўную пляцоўку, якая стала выдатным падарункам як для мясцовых дзетак, так і для маленькіх гасцей культурна-дэндралагічнага комплексу.
(5 чэрвеня 2025 года)






















