Сусветны дзень пошты штогод адзначаецца 9 кастрычніка ў гадавіну Сусветнага паштовага саюза, які быў створаны ў 1874 годзе. З таго часу Сусветны дзень пошты штогод адзначаюць у многіх краінах свету.
У гэты дзень супрацоўнікі нашага музея былі запрошаны ў Глыбоцкі сацыяльны пансіянат "Вішнёвы" на мерапрыемства, якое праводзілася для тых, хто пражывае ў пансіянаце. Размова ішла пра пошту. Удзельнікі мерапрыемства дзяліліся сваімі ўспамінамі, паслухалі расказ пра гісторыю станаўлення і развіцця паштовай сувязі, даведаліся шмат новага з гісторыі горада Глыбокае з дапамогай звычайных паштовак канца ХІХ - першай паловы ХХ стагоддзя.
Старадаўнія канверты і лісты, паштовая сургучная пячатка і паддужны званочак, паштовыя карткі і паштоўкі, а таксама лісты, адпраўленыя салдатамі з франтоў Вялікай Айчыннай вайны - удзельнікі мерапрыемства разглядалі гэтыя музейныя экспанаты ўважліва і з вялікай цікавасцю.
У канцы мерапрыемства кожны з прысутных у спецыяльна падрыхтаваныя паштовыя карткі напісаў свае пажаданні ўсім супрацоўнікам Глыбоцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Віцебскай філіялу РУП «Белпошта». Скончылася мерапрыемства музычнай кампазіцыяй, а праз некалькі хвілін працаўнікі пошты ў Глыбокім чыталі віншаванні ад тых, хто пражывае ў пансіянаце. Гэтыя віншаванні, напоўненыя душэўнай дабрынёй, паштары запомняць надоўга.
(9 кастрычніка 2026 года)

Штогод у другую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў культуры. Да гэтага прафесійнага свята маюць дачыненне больш за 65 тысяч беларусаў – акцёры і паэты, пісьменнікі і мастакі, музыканты, работнікі музеяў і выставачных залаў, кіраўнікі творчых калектываў.
Маладое пакаленне беларусаў - будучыня нашай краіны, і яму трэба надаваць пільную ўвагу. 7 кастрычніка ў актавай зале Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта адбыўся Форум маладых спецыялістаў, на якім абмяркоўваліся пытанні, што хвалююць моладзь Глыбоччыны.
У фае актавай залы напярэдадні форуму працавала некалькі пляцовак, падрыхтаваных арганізацыямі горада, адна з якіх прадстаўляла наш музей.
Тут можна было даведацца пра славутыя мясціны, якімі ганарыцца Глыбоцкая зямля, пачуць пра экскурсіі, якія прапануюць нашы супрацоўнікі, атрымаць буклеты, што расказваюць як пра сам музей, так і пра напрамкі яго работы. У якасці своеасаблівага бонусу выступіў адзін з найцікавейшых экспанатаў – спіртавы прас пачатку ХХ стагоддзя, пра які цікава расказаў маладым спецыялістам навуковы супрацоўнік музея.
Затым удзельнікі накіравалася ў музей, дзе папоўнілі свае веды па гісторыі краю, знакамітых ураджэнцах Глыбоччыны і побыце нашых продкаў.
(7 кастрычніка 2026 года)
У чарговы раз сучасныя інтэрнэт тэхналогіі дазволілі арганізаваць і правесці сустрэчу трох музеяў - Дзмітрыеўскага краязнаўчага музея імя А.Ф.Вангенгейма, Бягомльскага музея народнай славы і Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Анлайн-праект "Віртуальнае падарожжа - традыцыі і рамёствы. Беларусь і Расія" закрануў пытанні рэгіянальных рамесных традыцый.
У ходзе мерапрыемства прагучалі даклады музейных работнікаў аб традыцыйных рамёствах, а мясцовыя майстры падзяліліся сакрэтамі старажытных тэхналогій. Запрошаныя госці з цікавасцю паслухалі апавяданні аб фабрычнай вытворчасці насценных тканых дываноў, тэхніцы вырабу валёнак, тэхналогіі апляцення ганчарнага посуду бяростай, старадаўнім ткацтве і вырабе драўляных цацак.
Падобныя праекты заўсёды знаходзяць станоўчы водгук у слухачоў, бо з дапамогай такіх сустрэч можна бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай нашых суседзяў.
(7 кастрычніка 2026 года)



Для кожнага, хто хоць раз у жыцці меў шчасце адчуць сябе падарожнікам, 27 верасня з'яўляецца сапраўдным святам. З 1979 года гэта дата – Сусветны дзень турызму. Мэтай свята з'яўляецца прапаганда турызму, асвятленне яго ўкладу ў эканоміку сусветнай супольнасці, развіццё сувязей паміж народамі розных краін. Ён закліканы прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да важнасці турызму і яго сацыяльнага, культурнага і эканамічнага значэння.
Важны гэты дзень і для нашай краіны, бо апошнія гады развіццё турыстычнай галіны ў Беларусі адзначана вялікімі поспехамі. Без усялякага сумнення, свой уклад у агульную справу ўносіць і Глыбоччына, гісторыка-культурныя і прыродныя славутасці якой карыстаюцца ў гасцей нязменнай папулярнасцю.
Аднак лепш за ўсіх свой горад, ды і ўвесь раён, павінны ведаць, вядома ж, самі глыбачане. Прычым веды гэтыя варта развіваць у сабе з юных гадоў. У Сусветны дзень турызму наш музей вырашыў арганізаваць для ўсіх жадаючых інтэлектуальную віктарыну "Яно маё - Глыбокае". Пытанні былі звязаны з гісторыяй горада, знакамітымі ўраджэнцамі Глыбоччыны, а таксама побытам нашых продкаў. Важна адзначыць, што ў віктарыне прынялі ўдзел юныя глыбачане, якія праверылі свае веды падчас займальнага інтэлектуальнага суперніцтва. Верым, што новыя звесткі, атрыманыя імі ў гэты нядзельны вечар, надоўга захаваюцца ў памяці, даючы поўную падставу з упэўненасцю сказаць: "Я ведаю свой горад!"
(28 верасня 2026 года)
Ёсць даты, якія сталі для нашага народа лёсавызначальнымі і вырашылі гістарычны шлях Беларусі на доўгія гады. 17 верасня 1939 года - адна з іх. У гэты дзень Чырвоная Армія ўступіла на землі Заходняй Беларусі і паклала канец гвалтоўнаму раздзяленню беларусаў на ўсходніх і заходніх.
Спецыяльна да Дня народнага адзінства наш музей падрыхтаваў відэадайджэст "Гістарычная памяць народа: сувязь пакаленняў", які расказвае пра падзеі верасня 1939 года.
Напярэдадні свята дадзенае мерапрыемства было прадстаўлена ўвазе старшакласнікаў Глыбоцкай раённай гімназіі, а непасрэдна 17 верасня экспазіцыя перамясцілася ў гарадскі Дом культуры, дзе яе змаглі пабачыць удзельнікі ўрачыстасцей, прысвечаных памятнай даце.
У экспазіцыі відэадайджэста прадстаўлены прадметы ваеннай амуніцыі чырвонаармейцаў, фатаграфіі байцоў РККА і мірных жыхароў Глыбоччыны, арыгінальныя дакументы 1939 года, а таксама капсула часу з пасланнем нашчадкам, пакінутая на захоўванне ў музеі яшчэ ў верасні 2021 года. Займальны расказ супрацоўнікаў музея пра падзеі 1939 года дапоўнілі кадры кінахронікі, якія наглядна дэманструюць, як сустракалі жыхары Заходняй Беларусі сваіх вызваліцеляў.
(18 верасня 2026 года)


10 верасня ў раёне адбылося маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня народнага адзінства. Наш горад сустракаў удзельнікаў рэспубліканскага гісторыка-патрыятычнага аўтапрабегу "Сімвал Адзінства 2026". Госці пазнаёміліся з гісторыка-культурнымі асаблівасцямі і архітэктурнымі славутасцямі нашага горада, наведалі экспазіцыю музея, даведаліся пра асаблівасці мясцовай культуры і побыту.
Акрамя ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах і правядзенні экскурсій для гасцей, супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у рабоце адкрытай кафедры "Культурны код: ад забароны беларускай мовы ў 1920-м да яе росквіту ў БССР" - дыскусіі па аналізе гістарычных працэсаў, звязаных з уз'яднаннем усходніх і заходніх тэрыторый Беларусі.
(11 верасня 2026 года)



На працягу паўтара месяца ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці праходзіла абласная выстава "Гукі роднай зямлі: беларускія народныя інструменты". На ёй было прадстаўлена звыш двухсот музычных інструментаў з усёй Віцебшчыны - ад класічных аркестравых да традыцыйных народных.
Сярод экспанатаў гэтага маштабнага выставачнага праекта аказаліся і два цікавыя музычныя інструменты з фондаў нашага музея: гармонік-петраградка і шархуны. У свой час петраградкі мелі вялікую папулярнасць на Глыбоччыне, а старыя-добрыя шархуны (бубенцы) з сярэдзіны XIX стагоддзя рэгулярна выкарыстоўваліся ў складзе конскай збруі падчас святочных выездаў.
Прыемна адзначыць, што па выніках выставы Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей быў узнагароджаны Дыпломам за захаванне і папулярызацыю беларускіх народных музычных інструментаў. З найбольш цікавымі з іх можна пазнаёміцца, наведаўшы пастаянную экспазіцыю музея. Запрашаем дакрануцца да музычнай традыцыі нашых продкаў!
(28 жніўня 2026 года)
Важнай культурнай падзеяй адыходзячага лета стала святкаванне 165-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага тэатральнага дзеяча Ігната Буйніцкага, якое прайшло 22 жніўня ў Празароках. Прыкметнай часткай святочных мерапрыемстваў стаў невялікі выставачны праект, падрыхтаваны супрацоўнікамі музея спецыяльна да гэтай памятнай даты - экспрэс-паказ "Пад дуду і пад цымбалы…".
Жыхары аграгарадка і госці свята, якія прыйшлі ў мясцовы Дом культуры, атрымалі магчымасць убачыць музейную калекцыю музычных інструментаў, характэрных для народнай музычнай культуры нашай краіны. Інструментальнае суправаджэнне было вельмі важнай часткай выступленняў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага – за яго адказвалі тры музыканты, якія гралі на дудзе, скрыпцы і цымбалах. Сімвалічна, што і на нашай выставе гэтае музычнае трыа было прадстаўлена. Ну і, вядома, знаёмства з экспанатамі выставы засталося б павярхоўным, калі б не захапляльны расказ навуковага супрацоўніка Уладзіміра Мірончыка.
(25 жніўня 2026 года)
У гісторыі нашай краіны ёсць такія старонкі, пра якія мы не маем права забываць, да якіх варта звяртацца зноў і зноў. 20 жніўня ў актавай зале Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся героіка-патрыятычны лекторый "Асуджаныя загінуць: гісторыя Глыбоцкага гета".
Перад маладымі спецыялістамі ўстановы аховы здароўя раёна выступіў навуковы супрацоўнік Ігар Фёдараў, аповед якога быў прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны і, непасрэдна, трагедыі глыбачан-яўрэяў. 83 гады таму здарылася гэтая страшная трагедыя ў гісторыі Глыбоччыны. Каля 4,5 тысяч мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці былі знішчаны нацыстамі і іх памагатымі ў Глыбокім у жніўні 1943-га.
Гэтая сустрэча – не проста даніна мінуламу, але і залог мірнай будучыні нашага народа, нашай краіны.
(21 жніўня 2026 года)





















