Прыемны падарунак атрымалі супрацоўнікі музея ад даўняга сябра - Блышко Паўла Фёдаравіча. Наш добры знаёмы прэзентаваў найцікавейшы прадмет, які, верагодна, у хуткім часе зойме месца ў экспазіцыі музея. Гаворка ідзе пра каштоўную паперу аднаго з металургічных таварыстваў пачатку ХХ стагоддзя, членам праўлення якога з'яўляўся Баляслаў Ялавецкі – персона, якая адыграла важную ролю ў гісторыі нашага горада.
Таленавіты інжынер, чыгуначнік і прадпрымальнік Баляслаў Антонавіч Ялавецкі стаў тым чалавекам, хто ініцыяваў у 1890-я гады будаўніцтва чыгункі, якая працягнулася ад станцыі Свянцяны Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі праз Лынтупы і Паставы да нашага горада.
Першы паравоз урачыста сустрэлі ў Глыбокім у 1897 годзе, азнаменаваўшы гэтым наступленне новай для нашага краю эпохі. І вырашальны ўклад у гэтую падзею ўнёс менавіта Баляслаў Ялавецкі.
Музей шчыра ўдзячны кожнаму неабыякаваму чалавеку, гатоваму перадаць музею значныя для гісторыі Глыбоцкай зямлі прадметы. Кожная падобная падзея - прыклад сумеснага захавання гістарычнай спадчыны.
(8 чэрвеня 2026 года)
Міжнародны дзень аховы дзяцей наш горад адсвяткаваў маштабнай забаўляльнай праграмай. Часткай гэтай праграмы стала гульнявая пляцоўка "Дзіцячы свет", падрыхтаваная і прадстаўленая навуковымі супрацоўнікамі музея. Вядома ж, забавы на нашых гульнявых пляцоўках заўсёды даюць наведвальніку магчымасць поўнага пагружэння ў гістарычнае мінулае. І таму, у першы летні дзень наведвальнікі музейнай пляцоўкі змаглі не толькі пацешыць сябе рознымі гульнямі, забавамі і віктарынамі, але і пазнаёміцца з цікавымі музейнымі прадметамі, даведацца пра нешта новае з гісторыі роднага краю. Прыемна адзначыць, што за час працы пляцоўкі на ёй заўсёды было шматлюдна. З вялікай цікавасцю дзеці ўдзельнічалі ў прапанаваных гульнях, праяўляючы пры гэтым выдатныя веды, талент і проста дзіцячую кемлівасць.
Пажадаем жа нашым дзецям, каб шчаслівая летняя пара была напоўнена не толькі радасным гультайствам, але і карыснай працай!
(1 чэрвеня 2026 года)



У выставачнай зале музея праходзіць выстава работ выпускнікоў Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча “Чароўных фарбаў колер”. Юныя мастакі, якія на працягу сямі гадоў асвойвалі майстэрства жывапісу пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў, прадставілі дыпломныя праекты.
Урачыстае адкрыццё выставы адбылося 29 мая 2026 года. Падтрымаць выпускнікоў у гэты важны для іх дзень прыйшлі родныя і блізкія, сябры і проста знаёмыя. Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўручэнне выпускнікам дыпломаў аб заканчэнні мастацкай школы.
Выстава працягвае працаваць да 21 чэрвеня.
(30 мая 2026 года)

29 мая ў сярэдняй школе №1 імя П.В. Сухога ў рамках рэспубліканскага праекта грамадскага аб'яднання "БРПА" прайшло мерапрыемства "Сустрэча на ўсе 100!" з удзелам дырэктара музея Алены Мядзелец.
Алена Мікалаеўна расказала вучням аб дзейнасці музея і яго ролі ў культурным жыцці Глыбоцкага раёна. Завяршылася сустрэча канструктыўным дыялогам з навучэнцамі, дзе былі ўзняты тэмы жыццёвых каштоўнасцей і выбару прафесіі.
(29 мая 2026 года)
10 мая Цэнтральная плошча нашага горада ўпрыгожылася чырвона-зялёнымі колерамі - тут прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь. Фінальнай кропкай свята стаў патрыятычны велапарад "Сімвалы маёй краіны", у якім прынялі актыўны ўдзел не толькі карэнныя глыбачане, але і госці нашага горада. Упрыгожыўшы веласіпеды сцяжкамі, веласіпедысты дружнай калонай праехалі па вуліцах і плошчах нашага горада.
Супрацоўнікі музея ў чарговы раз прынялі актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве. І невыпадкова, бо наш музей на працягу многіх гадоў арганізуе і праводзіць займальныя велаэкскурсіі з наведваннем гісторыка-культурных мясцін Глыбоччыны і суседніх раёнаў. І веласіпед у гэтых экскурсіях - галоўны памочнік.
(11 мая 2026 года)



9 мая ў Дзень Вялікай Перамогі на Цэнтральнай плошчы горада працавала тэматычная музейная пляцоўка "Салют! Перамога!". У цэнтры ўвагі наведвальнікаў апынуліся рэальныя вайсковыя прадметы перыяду Вялікай Айчыннай вайны - салдацкія кацялкі, лыжкі, баклажкі. Жадаючыя маглі ўзяць у рукі пілотку салдата або фуражку афіцэра, гільзу ад баявога снарада, сумку-планшэт камандзіра і інш.
Адказваючы на пытанні інтэрактыўнай віктарыны, кожны жадаючы змог даведацца шмат новых і малавядомых фактаў аб вайне, здзейсніць віртуальнае падарожжа з наведваннем тых мясцін Глыбоччыны, якія звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Для маленькіх наведвальнікаў музейнай пляцоўкі былі прапанаваны тэматычныя гульні, дзіцячыя віктарыны і заданні.
Нават нягледзячы на прахалоднае і дажджлівае надвор'е гэтага дня, на музейнай пляцоўцы было шматлюдна. І дзеці і дарослыя з вялікай цікавасцю ўспаміналі пра вайну, пра дні баявой славы сваіх дзядоў і прадзедаў. Успаміналі, каб новыя пакаленні працягвалі памятаць і шанаваць Перамогу, заваяваную такой вялізнай цаной.
(10 мая 2026 года)





У святочны першамайскі дзень у выставачнай зале музея адбылася ўрачыстая прэзентацыя экспазіцыйнага праекта "Хронікі Першамая". Яго экспанаты расказваюць аб традыцыях святкавання дня працоўных у Беларусі, аб развіцці сельскагаспадарчай і прамысловай галіны нашага рэгіёну з савецкіх часоў да нашых дзён. Асобны блок прысвечаны жыхарам Глыбоччыны, якія ў розны час за самаадданую, добрасумленную працу былі адзначаны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай – яны атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Падчас мерапрыемства прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў горада актыўна ўключыліся ў дыялог. Многія ўспомнілі пра асабісты вопыт удзелу ў першамайскіх дэманстрацыях савецкіх часоў і незабыўныя эмоцыі свята.
Дыялог атрымаўся эмацыянальным і змястоўным, а займальны экскурс па экспазіцыі нікога не пакінуў абыякавым: нехта ўспомніў дзяцінства і маладосць, а нехта пазнаў шмат новага пра святочную дату календара – Свята працы.
(2 мая 2026 года)





26 красавіка - дзень, калі свет замёр у жаху. У гэты дзень у 1986 годзе адбылася найбуйнейшая катастрофа ў гісторыі атамнай энергетыкі - выбух на Чарнобыльскай АЭС.
Гэтая трагедыя пакінула глыбокі след у лёсе многіх краін, але Беларусь прыняла на сябе галоўны ўдар. Кожны пяты жыхар Беларусі стаў ахвярай Чарнобыля. А калі ўлічыць, што ў першыя дні пасля аварыі амаль уся тэрыторыя нашай рэспублікі была забруджана радыеактыўным ёдам, то няма такога чалавека ў Беларусі, каго б не закранула гэтая бяда…
Дзесяткі пажарных-ліквідатараў аддалі свае жыцці, абараняючы краіну ад радыяцыйнай пагрозы. Тысячы людзей змагаліся і працягваюць змагацца з наступствамі гэтай жахлівай катастрофы, рызыкуючы сваім жыццём.

У Міжнародны Дзень помнікаў і гістарычных мясцін супрацоўнікамі музея падрыхтаваны і праведзены гульнявы даведнік “Дзе гэта вуліца? Дзе гэты дом?". У мерапрыемстве гэтага дня прынялі ўдзел вучні адной са школ нашага горада. Для іх музейшчыкі падрыхтавалі невялікі пазнавальны экскурс пра знакавую дату, важнасць абароны і захавання гісторыка-культурнай спадчыны, колькасць помнікаў на тэрыторыі нашага раёна і іх каштоўнасці. Далей хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў гарадскі праменад з займальнай прыгодай. Падзяліўшыся на дзве каманды, ім трэба было максімальна хутка адшукаць 8 гісторыка-культурных аб'ектаў нашага горада, спасылаючыся на гістарычны адрас і пытанне-падказку.
Злавіць вайб гарадскіх вуліц, бліснуць інтуіцыяй, выявіць свой інтэлект, пазнаць цікавыя факты аб гістарычных месцах - усё гэта атрымалася нашым удзельнікам! У выніку, перамагло сяброўства! Удзельнікам уручаны памятныя сувеніры.
(18 красавіка 2026 года)


Вучні 6 Б класа сярэдняй школы №1 першымі з глыбачан адправіліся пакараць космас, і ўжо паспелі пабываць на ігравым калейдаскопе "Эпоха космасу! Пачатак!". У музеі хлопчыкаў і дзяўчынак чакала займальная касмічная праграма пазнання сусвету.
Вучні класа падзяліліся на каманды і спаборнічалі ў розных інтэлектуальных віктарынах і конкурсах, звязаных з тэмай заваявання чалавекам космасу. Падчас мерапрыемства дзеці не толькі пазналі шмат новага з апавядання навуковага супрацоўніка, але і змаглі пазнаёміцца з музейнымі прадметамі касмічнай тэматыкі. Трэба адзначыць, што дадзенае тэматычнае мерапрыемства мае не толькі забаўляльны, але, найперш, і пазнавальны характар.
Чакаем новых прыгод!
(12 красавіка 2026 года)
























