У дні падрыхтоўкі і святкавання Дня народнага адзінства, супрацоўнікі нашага музея распрацавалі і правялі ва ўстановах і арганізацыях горада і раёна тэматычнае мерапрыемства - гістарычную гадзіну "Пакуль мы памятаем пра мінулае - у нас ёсць будучыня".
Прагляд невялікага відэасюжэту і аповед пра падзеі 17 верасня 1939 года на Глыбоччыне выклікалі ва ўдзельнікаў мерапрыемства бурнае абмеркаванне гэтай тэмы. А праз знаёмства з біяграфіямі выдатных ураджэнцаў Глыбоччыны, наведвальнікі знаёміліся з найважнейшымі старонкамі гісторыі нашай краіны. Памяць аб іх - не столькі абавязак, колькі запатрабаванне любога чалавека, які лічыць сябе патрыётам роднай зямлі.
19 жніўня ў г.п.Падсвілле было па-сапраўднаму шумна і весела – гарадскі пасёлак прымаў гасцей рэгіянальнага свята «Падсвільскі світанак – 2023». Удзел у свяце прынялі і супрацоўнікі нашага музея, арганізаваўшы для шаноўнай падсвільскай публікі інтэрактыўную пляцоўку. І варта адзначыць, што нам спаўна ўдалося зацікавіць прысутных, бо кожны мог знайсці занятак па гусце.
Сярод іншага, увазе жыхароў пасёлка і гасцей свята былі прадстаўлены займальныя гульні і віктарыны на веданне гісторыі свайго краю. Асобай жа папулярнасцю ў дарослых і дзяцей карысталіся акуляры віртуальнай рэальнасці, якія падарылі гасцям шырокі спектр магчымасцяў: ад падарожжа па «вішнёвай сталіцы» да скачкоў з парашутам. Адным словам, сумаваць не даводзілася!
(20 жніўня 2023 года)
13 жніўня 2023 года на Цэнтральнай плошчы горада адбылося раённае свята-кірмаш «Мядовы спас задум запас». Адным з удзельнікаў свята стаў і наш музей, падрыхтаваўшы этнаграфічную выставу «З тайнікоў музея». На ёй былі прадстаўлены найболей цікавыя і незвычайныя прадметы, якія так ці інакш маюць дачыненне да любімага многімі прысмаку - мёду. Сярод іх знайшлося месца рознаму посуду для збору і захоўвання мёду, маскі пчаляроў, разнастайныя самаробныя прылады, якія дапамагалі пчалярам у іх працы. Асаблівую цікавасць наведвальнікаў выклікаў, мабыць, самы незвычайны з «мядовых» прадметаў, вынятых з музейных сховішчаў – старадаўняя медагонка ручной работы, прынцып работы якой прыйшлося не раз прадэманстраваць цікаўным наведвальнікам.
Мядовы кірмаш стаў для глыбачан і гасцей нашага горада не толькі магчымасцю паласавацца мёдам, але і даведацца пра гісторыю здабычы гэтага пачастунку нашымі продкамі.
(14 жніўня 2023 года)
10 жніўня 2023 года адбылося перапахаванне астанкаў 15 байцоў Чырвонай арміі, якія загінулі на нашай зямлі ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Вясной гэтага года, падчас пошукавых работ ля вёскі Забор'е, іх паднялі з зямлі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. Прайшло некалькі месяцаў, падчас якіх пошукавікі спрабавалі ўстанавіць імёны загінуўшых салдат. Нажаль, вайна забрала не толькі жыцці гэтых людзей, але і іх імёны, устанавіць якія пашукавікам пакуль не атрымалася.
Пра падзеі жаркага лета 1941-га расказаў удзельнікам мітынгу навуковы супрацоўнік Аляксандр Хайноўскі.
Магчыма ў будучыні, працуючы з ваеннымі архіўнымі матэрыяламі, усё ж атрымаецца знайсці хоць нейкую інфармацыю аб загінуўшых чырвонаармейцах. А пакуль яны застануцца для нас невядомымі салдатамі, якія спаўна выканалі свой воінскі абавязак перад Радзімай і сваім народам. Вечная памяць загінуўшым абаронцам!
(11 жніўня 2023 года)
Па-сапраўднаму адчуць гасціннасць па-беларуску змаглі супрацоўнікі нашага музея, наведаўшы 5 жніўня 2023 года гарадскі пасёлак Бешанковічы. Менавіта ў гэты дзень, дзень свайго 576-годдзя, жыхары райцэнтра гасцінна прымалі гасцей на свяце беларускай гасціннасці, кірмашовых забаў і майстроў сваёй справы «Бешанковіцкі раёк».
На вуліцах і ў цэнтральным парку гарпасёлка святочны настрой гасцям стваралі яркія канцэртныя праграмы, шматлікія тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя лаўкі рамеснікаў-майстроў, выставачныя праекты. Вялікай цікавасцю наведвальнікаў карысталася інтэрактыўная пляцоўка нашага музея, якая знаёміла мясцовых жыхароў і гасцей свята з гісторыка-культурнымі славутасцямі Глыбоцкага краю.
Кожны жадаючы змог здзейсніць займальную экскурсію па «вішнёвай сталіцы», выкарыстоўваючы акуляры віртуальнай рэальнасці, а затым праверыць набытыя падчас экскурсіі веды, адказваючы на пытанні інтэлектуальнай гульні. Акрамя добрага настрою і станоўчых эмоцый, наведвальнікі нашай пляцоўкі выносілі з сабой і невялікі салодкі сувенір ад гасцінных глыбачан.
Прыемна ўсведамляць, што ўдзел у свяце нашых супрацоўнікаў быў высока ацэнены і кіраўніцтвам Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта. У падзячным лісце старшыні Бешанковіцкага райвыканкама адзначана: «Дзякуючы Вашаму майстэрству, прафесіяналізму, таленту, зацікаўленаму творчаму падыходу, гледачы атрымалі вялізную эстэтычную асалоду, масу радасных, незабыўных уражанняў ад цікавай і разнапланавай праграмы».
(6 жніўня 2023 года)
Упамінанне пра мафію ў большасці людзей выклікае толькі негатыўныя асацыяцыі. Аднак тыя, хто добра знаёмы з аднайменнай гульнёй, хутчэй за ўсё ўсміхнуцца, згадаўшы з якім азартам яны ў былыя гады, а, магчыма, і зусім нядаўна, гулялі ў яе.
Цудоўную магчымасць прыняць удзел у падобнай гульні далі для ўсіх жадаючых супрацоўнікі нашага музея, правёўшы ў адзін з фестывальных дзён “Вішнёвую мафію”. Такую назву гульня атрымала зусім не выпадкова, бо месцам яе правядзення стала рэзідэнцыя вішнёвай каралевы, антураж якой стварыў асобы настрой.
Варта сказаць, што ўсе тры партыі “Вішнёвай мафіі” атрымаліся што трэба. У ёй, як і ў любой псіхалагічнай гульні, у поўным аб'ёме выявіўся акцёрскі талент удзельнікаў, іх аратарскае майстэрства, уменне ўпэўніваць і заблытаць суперніка, лагічна мысліць і дачакацца зручнага моманту. Словамі немагчыма перадаць тыя эмоцыі, якімі напаўнялася вішнёвая рэзідэнцыя ў кульмінацыйныя моманты гульні.
Мы шчыра дзякуем усім удзельнікам “Вішнёвай мафіі” (а за гульнявым сталом сабраліся людзі самых розных узростаў і прафесій) за тыя незабыўныя пачуцці, якімі вы падзяліліся адзін з адным і з намі.
(22 ліпеня 2023 года)
У першы дзень “Вішнёвага фестывалю” жыхары горада і яго госці маглі назіраць незвычайную карціну – па вуліцах і плошчах Глыбокага ў розных кірунках праносіліся групы людзей, накіраваных на пошук чагосьці. Дык вось, гэтымі людзьмі былі ўдзельнікі інтэрактыўнага гарадскога арыентавання пад назвай “Загадкі вішнёвых пялёсткаў”, што стала чарговым квэстам, падрыхтаваным супрацоўнікамі музея.
Правядзенне падобнага кшталту мерапрыемстваў даўно стала добрай традыцыяй нашага фестывалю. У гэтым годзе, як і раней, мы паспрабавалі прыдумаць для ўдзельнікаў нешта новае і цікавае.
Кожная з васьмі каманд-удзельніц атрымала на старце канверт з васьмю фотазаданнямі, сутнасць якіх заключалася ў тым, каб па невялікаму фрагменту пазнаць нейкі гарадскі аб’ект і, сфатаграфаваўшыся на яго фоне, адаслаць усе восем фотаздымкаў арганізатарам квэста, якія ўвесь час былі на сувязі з камандамі дзякуючы праграме Viber. Аднак трэба было не толькі правільна вызначыць і дабрацца да патрэбных аб’ектаў, але і зрабіць гэта хутка, бо на рашэнне ўсіх задач адводзілася толькі паўтары гадзіны.
Варта аддаць належнае камандам - на пераважную большасць складаных і не вельмі фотапытанняў былі дадзены дакладныя адказы. Таму ў падвядзенні вынікаў галоўную ролю адыграў час праходжання дыстанцыі. І тут хутчэй за ўсіх былі ўдзельнікі каманды "18+ з вішанькай". Яны затрацілі на пошук усіх загаданых аб'ектаў менш за паўгадзіны (27 мін.). Другое месца заняла каманда "Вішнёвы пялёстак" (45 мін.), а "бронза" дасталася камандзе "Вішанькі" (50 мін.). Не на шмат адстала ад прызёраў маладая каманда "Фартуна", якая затраціла на праходжанне маршруту 53 хвіліны. Астатнім камандам прыйшлося адшукваць загаданыя аб'екты больш за гадзіну.
Мы шчыра дзякуем усім удзельнікам квэста за моцную гульню і тую ўпартасць, з якой яны змагаліся за перамогу. Жадаем вам поспехаў і спадзяёмся яшчэ не раз падзяліць з вамі радасць новых перамог у музейных квэстах! Прапануем і вам, наведвальнікі нашага сайта, пазнаёміцца з лепшымі момантамі гэтага спаборніцтва.
(21 ліпеня 2023 года)
22 чэрвеня 2023 года падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве дзяржаўнай установы культуры "Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей" і абласной бюджэтнай установы культуры "Курскі абласны краязнаўчы музей". Прадметам пагаднення з'яўляецца ўстанаўленне доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў рэалізацыі сумесных праграм, праектаў і мерапрыемстваў нашых устаноў.
Пагадненне прадугледжвае абмен навуковымі ведамі, сумесную выставачную дзейнасць, абмеркаванне і вырашэнне праблем захавання культурнай спадчыны нашых рэгіёнаў, патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў іх павагі да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый нашых народаў.
Даведка: Музей у горадзе Курску быў заснаваны 6 мая 1903 года па ініцыятыве курскага губернатара М.М.Гардзеева. Яго першая назва - "Гісторыка-археалагічны і саматужны музей у памяць наведвання горада Курска імператарам Мікалаем II у 1902 годзе". 31 студзеня 1905 года экспазіцыя адкрылася для гараджан і прыезджых. Ужо ў 1915 годзе музей меў дзесяць тысяч экспанатаў, а яго бібліятэка складалася з тысячы тамоў.
Сёння ў фондах захоўваецца звыш 181 тысячы экспанатаў, сярод якіх - унікальныя калекцыі бісеру, фарфору, нумізматыкі, зброі, жывапісу, рэдкай кнігі, касцюма, мэблі. Экспазіцыя размяшчаецца ў трох аддзелах: прыроды, гісторыі дарэвалюцыйнага перыяду, гісторыі савецкага грамадства.
У рамках спартыўна-культурнага фестывалю "Вытокі", які праходзіў у нашым горадзе 23-24 чэрвеня 2023 года, музейшчыкі правялі для прадстаўнікоў рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі некалькі экскурсій з наведваннем гісторыка-культурных аб'ектаў горада Глыбокае. Удзельнікі прэс-тура наведалі сквер знакамітых землякоў, пачулі гісторыю пра праваслаўную святыню Глыбокага, здзейснілі падарожжа па старажытных вуліцах нашага горада.
Суправаджалі супрацоўнікі музея і афіцыйную дэлегацыю прадстаўнікоў Нацыянальнага алімпійскага камітэта, рэспубліканскіх і абласных органаў кіравання. У ходзе экскурсіі госці даведаліся шмат цікавага пра гістарычную спадчыну, культурныя традыцыі і прыродныя багацці рэгіёна.



19 чэрвеня 2023 года, у межах тыдня моладзі і студэнцтва, для старшакласнікаў гарадскіх школ і навучэнцаў каледжа арганізавана і праведзена тэматычнае мерапрыемства. Дзяўчаты і юнакі прынялі ўдзел у інтэлектуальнай віктарыне "Людзі навукі", пытанні і заданні якой звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатных вучоных-землякоў. Акрамя віктарыны, моладзь Глыбоччыны здзейсніла віртуальную экскурсію па гістарычных мясцінах рэгіёну, якія расказваюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.





















