Урачыстая цырымонія ўручэння штогадовай моладзевай прэміі «Прызнанне» адбылася на сцэне Глыбоцкага гарадскога Дома культуры. Маладыя, упэўненыя ў сабе глыбачане былі ў той дзень у цэнтры ўвагі: у іх гонар гучалі апладысменты, ім ўручаліся ўзнагароды. Напрацягу мінулага года яны гучна заяўлялі пра сябе сваімі працоўнымі дасягненнямі, творчымі выступленнямі, спартыўнымі перамогамі, добрымі справамі.
Сярод узнагароджаных былі і пераможцы гістарычнага квіз-марафона «Аб той зямлі, дзе нарадзіўся ты», прысвечанага 80-годдзю Глыбоцкага раёна. На працягу цэлага года маладыя краязнаўцы і аматары даўніны нашага раёна спрабавалі знайсці правільныя адказы на складаныя пытанні. Але ў гульні перамагае мацнейшы... Менавіта яны і атрымалі ў гэты дзень узнагароды і памятныя падарункі, якія пераможцам уручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Міхайлаўна Цяліца.
У намінацыі «Праект года» пераможцам стаў вучань дзяржаўнай установы адукацыі «Залеская дзіцячы сад-сярэдняя школа Глыбоцкага раёна» Павел Катовіч. Заслужаную ўзнагароду пераможца атрымаў з рук дырэктара музея Алены Мікалаеўны Мядзелец.
22 красавіка 2021 года прайшоў трэці этап работ па добраўпарадкаванні «Сквера сям'і» на тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар, прымеркаваны да міжнароднага дня Зямлі. Падчас акцыі ў скверы былі пасаджаны клёны, а ўздоўж дарогі, якая вядзе да крыжа - вербы.
У акцыі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Міхайлаўна Цяліца, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Леанідаўна Тарасевіч, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, шматдзетныя сем'і, музейшчыкі. Праграма мерапрыемства не зводзілася толькі да пасадкі дрэў і кустоў, а ўключала шмат цікавага, пазнавальнага і прыемнага. Па-першае, удзельнікі акцыі пазнаёміцца з экспазіцыяй парафіяльнага музея, які носіць імя Юозаса Булькі, а затым здзейснілі займальную экскурсію па тэрыторыі комплексу. Пасля пасадкі дрэў усе пілі духмяную травяную гарбату з прысмакамі.
Мы спадзяёмся, што на гэтым добрыя справы на Глыбоччыне не заканчваюцца і такія акцыі стануць традыцыйнымі.



Не так даўно ў наш музей прыйшоў ліст ад жыхара Наваполацка Булаха Паўла Вацлававіча, які перадаў музею некалькі дакументаў першай паловы ХХ стагоддзя, што маюць дачыненне да гісторыі нашага рэгіёну. Мы патэлефанавалі ў Наваполацк, каб падзякаваць чалавеку за каштоўны дар. Завязалася гутарка, падчас якой высветлілася, што Павел Вацлававіч – чалавек незвычайны, аб’ектам захаплення якого з’яўляецца краязнаўства.
Нарадзіўся герой артыкула ў вёсцы Кульгаі Ломашаўскага сельскага савета ў 1959 годзе ў сям’і калгасніка. Закончыў мясцовую школу, служыў у арміі. Доўгі час працаваў заатэхнікам у калгасе імя Гастэла на Міёршчыне. У канцы 1980-х гадоў перабраўся ў Наваполацк, дзе і пражывае па сённяшні дзень.
П
авел Вацлававіч заўсёды быў неабыякавы да гісторыі, збіраў і сістэматызаваў інфармацыю аб мінулым сваёй малой радзімы, пра якую ніколі не забываўся. Вынікам шматгадовай працы сталі два рукапісы па гісторыі вёсак Кульгаі і Булахі (менавіта з Булахаў пайшоў яго род). Аўтару хацелася, каб з яго даследаваннем маглі пазнаёміцца ўсе зацікаўленыя, а таму ён перадаў іх у наш музей. Гэта грунтоўныя работы, у якіх падрабязна падаюцца ўсе гістарычныя аспекты жыцця пазначаных населеных пунктаў, сабраныя даведкі, карты, планы, дакументы, спісы жыхароў вёсак і шматлікія фотаздымкі. Работы ілюстрыраваны малюнкамі аўтара. У сакавіку 2021 года Павел Вацлававіч дапісаў яшчэ адну працу, якую таксама перадаў музею – падрабязнае апісанне роду Булахаў. Пазнаёміцца з гэтымі даследаваннямі Паўла Вацлававіча можаце і вы, звярнуўшыся ў наш музей.
11 красавіка 2021 года на мемарыяльным комплексе «Барок» адбыўся мітынг, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэты дзень устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе. 11 красавіка 1945 года вязні канцлагера захапілі яго і ўтрымлівалі да прыходу саюзных войскаў.
Толькі на тэрыторыі нашай краіны налічвалася больш за 260 фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў, у якіх было знішчана звыш за 1,4 млн. чалавек. Сярод іх і лагер у Глыбокім (чытаць тут).
Чарговае гісторыка-пазнавальнае мерапрыемства падрыхтавалі супрацоўнікі музея для вучняў глыбоцкіх школ. З матэрыяламі, якія распавядаюць аб выніках заключэння 100 гадоў таму назад Рыжскай мірнай дамовы і аб геральдычных сімвалах нашага раёна распавялі супрацоўнікі музея юным грамадзянам нашай краіны.
Для замацавання атрыманага ў ходзе мерапрыемства гістарычнага матэрыялу былі распрацаваны невялікія віктарыны, правільныя адказы на якія - найлепшая адзнака працы музейшчыкаў.
Цяжка ўявіць, што тыя, хто цаной свайго жыцця здабываў мірнае неба, дзякуючы каму ў нас ёсць жыццё і будучыня, у нашы дні могуць быць забытыя. Святы абавязак кожнага беларуса абараніць нашы маральныя каштоўнасці і ідэалы, перадаць гістарычную праўду маладому пакаленню і захаваць нашу памяць у гістарычных месцах.
У Віцебску падвялі вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года - 2020», які штогод праводзіцца грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын». Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў абласной філармоніі.
На гэты раз у фінале апынулася 30 жанчын з розных раёнаў вобласці, якія да гэтага прайшлі рэгіянальны адбор. Лепшыя прадстаўніцы прыгожага полу традыцыйна адзначаюцца ў розных намінацыях. Дыпломы і кветкі пераможцы атрымалі з рук вядомых у галіне мужчын-кіраўнікоў. Так, напрыклад, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручыў узнагароды пераможцам у намінацыі «Паспяховы кіраўнік» - жанчынам, якія змаглі пабудаваць кар'еру, паспяхова ўзначальваюць працоўныя калектывы, даюць высокія паказчыкі і ініцыіруюць новыя праекты, тым самым робяць свой уклад у развіццё паўночнага рэгіёну. Сярод паспяховых кіраўнікоў - дырэктар нашага музея.
Па матэрыялах vitvesti.by



Калегія ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама прайшла ў Оршы 26 лютага 2021 года. На ёй былі падведзены вынікі працы за мінулы год, пазначаныя мэты і задачы на 2021. Установы вобласці, якія дасягнулі значных поспехаў у рабоце ў мінулым годзе, а таксама лепшыя работнікі сферы атрымалі ганаровыя ўзнагароды. Падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм аб'яўлена дырэктару нашага музея - Мядзелец Алене Мікалаеўне.
27 студзеня, у Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту, гарады-пабрацімы Глыбокае і ізраільскі Кір'ят-Бялік правялі па відэасувязі круглы стол, удзельнікі якога абмеркавалі праекты па захаванні гістарычнай памяці аб яўрэйскім насельніцтве.
Глыбокае на мерапрыемстве прадставілі намеснік старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Таццяна Леанідаўна Тарасевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Фёдараўна Карніловіч, а таксама супрацоўнікі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Усіх удзельнікаў круглага стала цёпла вітаў мэр Кір'ят-Бяліка Элі Дукорскі, пасля чаго слова ўзяў Мэір Левітанус - ураджэнец Друі. Ён падзяліўся ўспамінамі пра сваю сям'ю, уцёкі разам з маці з Друйскага гета ў ліпені 1942 года, месяцах тулянняў па лясах, аб дапамозе, якую ім аказвалі мясцовыя жыхары.
У ходзе гутаркі высветлілася, што Мэір Левітанус неаднаразова бываў у нашым горадзе і наведваў брацкія магілы ахвяраў Халакосту. Ён выказаў шчырыя словы ўдзячнасці глыбачанам за захаванне памяці аб земляках-яўрэях, якія загінулі ад рук захопнікаў.
У сваю чаргу Таццяна Леанідаўна падзякавала спадара Левітануса за цікавае апавяданне, распавяла аб тых намаганнях, якія робяцца ў нашым рэгіёне для захавання гістарычнай памяці аб яўрэйскім насельніцтве і запрасіла ўсіх удзельнікаў круглага стала наведаць Глыбокае.
26 студзеня 2021 года ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі адбыўся адкрыты дыялог “Жыць, каб памятаць”, арганізаваны РК ГА “БРСМ”. У мерапрыемстве, прысвечаным тэме генацыда яўрэйскага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны, прыняў удзел навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў, які распавёў “ліцэістам” пра Халакост на Глыбоччыне. Пад час абмеркавання дадзенай тэмы, навучэнцы дзяржпрафліцэя даведаліся пра трагедыю яўрэяў Глыбоччыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пазнаёміліся з рэдкімі фатаздымкамі, якія распавядаюць пра глыбоцкае гета.
























