Гістарычны дыялог «Сімвалы майго горада» правялі супрацоўнікі музея з моладдзю Глыбоччыны. Мерапрыемства, прымеркаванае да 15-годдзя прыняцця геральдычнай сімволікі нашага горада, выклікала цікавасць у кожнага, хто прыняў у ім удзел.
20 студзеня 2006 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ №36 "Аб зацвярджэнні дзяржаўных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці». Згодна з гэтым дакументам, сярод іншых населеных пунктаў Віцебскай вобласці горад Глыбокае атрымаў афіцыйныя геральдычныя сімвалы. І вось пра тое, як стваралася геральдыка Глыбоччыны і якія падзеі гэтаму папярэднічалі, расказаў прысутным старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі (даведацца пра гэтыя факты можно тут).



27 снежня 2020 года ў этнаграфічным музеі культурна-дэндралагічнага комплексу вёскі Мосар прайшоў вечар памяці, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння былога пробашча мясцовай парафіі ксяндза Юозаса Булькі. Гэты святар пакінуў пасля сябе добрую памяць, служэнне Богу і людзям было сэнсам яго жыцця. Разам з парафіянамі ксёндз Булька пераўтварыў невялікі вясковы касцёл у адзін з найбольш вядомых каталіцкіх храмаў нашай краіны. Створаная цяжкай працай прыгажосць, што атачае мосарскую святыню, не пакідае раўнадушным ніводнага чалавека.
Пад час вечара памяці мясцовыя жыхары і госці Мосара ўзгадалі жыццёвы шлях ксяндза Юозаса Булькі і тую вялізную спадчыну, што ён пакінуў пасля сябе. Прыемнай нечаканасцю для ўсіх прысутных стала магчымасць зноў убачыць і пачуць святара з дапамогай невялічкіх відэасюжэтаў.
Адзінаццаць год побач з намі няма гэтага светлага і шчырага чалавека, але ён назаўсёды застанецца жыць у нашай памяці і нашых сэрцах, як і ва ўсім тым, што было ім створана яшчэ пры жыцці.



З 14 па 18 снежня 2020 года супрацоўнік нашага музея Дзмітрый Абрамчык прымаў удзел у Міжнародным трэнінг-семінары для моладзі па захаванні гістарычнай памяці ў Еўропе «Памяць і ўрокі Другой сусветнай вайны». Мерапрыемства, арганізаванае Міністэрствам навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі і Моладзевым дэпартаментам Савета Еўропы, было накіравана на павышэнне актуальнасці і якасці мерапрыемстваў па захаванню гістарычнай памяці. Праводзіўся трэнінг-семінар у рамках святкавання 75-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і 70-годдзя Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.
У мерапрыемстве, якое праходзіла ў фармаце онлайн, прынялі ўдзел больш за 40 спецыялістаў з розных краін Еўропы. Наш музей упершыню ўдзельнічаў у падобным мерапрыемстве, у выніку чаго набыў шмат карысных напрацовак у пытаннях захавання гістарычнай памяці і паляпшэння якасці мерапрыемстваў, праектаў і моладзевых праграм, накіраваных на захаванне міру, правоў чалавека і развіццё міжкультурнага дыялогу.
Конкурс «Пазнай Беларусь» праходзіць штогод з 2002 года. Задачамі конкурсу з'яўляюцца: садзейнічанне развіццю ўнутранага і ўязнога турызму ў Беларусі, кансалідацыя намаганняў дзяржаўных органаў, арганізацый і ўсіх, хто працуе на карысць айчыннага турбізнесу, а таксама заахвочванне дасягненняў у справе развіцця турыстычнай індустрыі. Конкурс праводзіцца па завяршэнні летняга сезону і заканчваецца цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.
Больш за тысячу заявак было пададзена ў 2020 годзе на ўдзел у конкурсе. Прыемна і вельмі ганарова казаць аб там, што ў намінацыі "Музеи и объекты развлечения года" дыпламантам ХVIII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу "Пазнай Беларусь" стаў Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей. Так высока ацанілі дасягненні нашага музея ў развіцці сферы турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва па турызме.
Увесь 2020 год доўжыўся сумесны праект нашага музея, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённай газеты “Веснік Глыбоччыны” – гістарычны квіз-марафон “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”, прысвечаны 80-годдзю Глыбоцкага раёна. За спіной чатыры туры, 65 пытанняў і многія месяцы карпатлівай працы маладых краязнаўцаў і аматараў мінуўшчыны. Спазнаваць гісторыю малой радзімы, а праз яе – гісторыю Беларусі, не проста карысная справа, гэта ў пэўнай ступені і абавязак кожнага грамадзяніна. Як слушна адзначыў наш зямляк Вацлаў Ластоўскі: “Гісторыя – гэта фундамент, на якім будуецца жыццё народа”. Ведаць сваю гісторыю – захоўваць асновы нацыі. Таму аўтары і арганізатары квіз-марафону вельмі ўдзячны нашым маладым аматарам даўніны за іх імкненне ведаць сваю гісторыю. На працягу ўсёй віктарыны яны паказвалі годныя павагі вынікі. Спадзяёмся, што цікавасць да сваіх каранёў застанецца з імі назаўжды.
17 снежня 2020 года ў нашым музеі адбыўся «дыялог пакаленняў». Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Памяць сэрца», яго ўдзельнікамі сталі актывісты ГА «БРСМ», прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, творчая інтэлігенцыя. У рамках дыялогу адбыўся абмен думкамі, абмеркаванне актуальных праблем, дыскусія па пытаннях інтэрпрэтацыі гістарычных фактаў.
Мерапрыемства ўключала два тэматычныя блокі. У першым абмяркоўваліся пытанні гісторыі стварэння сучаснай дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь. Старшым навуковым супрацоўнікам музея Хайноўскім А.В. была прадстаўлена прэзентацыя «Сімвал адзінства і сувязі часоў».
Пытанні захавання гістарычнай праўды ў дачыненні да працэсаў, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, разглядаліся ў другім тэматычным блоку мерапрыемствы. Навуковы супрацоўнік Мірончык У.А. вынес на абмеркаванне аўдыторыі шэраг актуальных пытанняў: лёс савецкіх ваеннапалонных, Халакост і яго наступствы, калабарацыянісцкі рух.
6 снежня 2020 года ў Глыбоцкім раёне прайшла акцыя “Дарогамі памяці”, прымеркаваная да 79-ай гадавіны яўрэяў вёсак Празарокі і Зябкі. Маршрут гэтага мерапрыемства пралягаў па гістарычных мясцінах Глыбоччыны, звязаных з генацыдам яўрэйскага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Акцыя стартавала ля мемарыяла ахвярам глыбоцкага гета, якія загінулі ў жніўні 1943 года. Наступным прыпынкам стала вёска Пліса, дзе 1 чэрвеня 1942 года гітлераўцамі было расстраляна 410 мірных жыхароў. Апошнім пунктам мерапрыемства стаў мітынг ва ўрочышчы Марусіна каля вёскі Празарокі, дзе ў снежні 1941 года нацысты забілі 420 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да магіл ахвяр генацыду.
Супрацоўнікі музея нядаўна пабывалі ў творчай камандзіроўцы. Даведаўшыся пра тое, што ў вёсцы Шоці намаганнямі мясцовай жыхаркі створаны адмысловы музей, мы вырашылі пазнаёміцца з яго экспазіцыяй. Ганна Адамаўна Глембоцкая са шчырасцю, пяшчотай і непамернай любоўю да роднага куточка паведала нам пра тое, колькі часу выношвала ідэю стварэння музея, адкуль узялася такая вялікая колькасць экспанатаў і хто дапамагаў ёй у рэалізацыі гэтай задумы.
Звычайная сялянская хатка, гаспадары якой ужо адышлі ў вечнасць, зноў напоўнілася жыццём, нібы вярнуўшыся на паўстагоддзя назад. У сенцах – звыклыя рэчы сялянскага побыту для апрацоўкі і захоўвання зерня, лову рыбы, сталярныя інструменты, прадметы пчалаводства. У бацькоўскай хаце Ганны Адамаўны сёння захоўваецца не толькі гісторыя населеннага пункта, але і кожнага колішняга жыхара вёскі, сабраны матэрыялы пра знакамітых землякоў. У час экскурсіі па музею Ганна Глембоцкая расказала пра сваю шматгадовую працу ў сістэме адукацыі раёна, падзеях Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага аднаўлення вёскі. Экспазіцыя новага музея – гэта жылыя пакоі з адпаведнымі атрыбутамі. Музеі пабоднага плана непаўторныя, маюць атмасфернасць і каларыт. Нам, музейшчыкам, нечакана было ўбачыць маляваныя дываны ў інтэр’еры пакоя, куфары, асабістыя дакументы гаспадыні. Такія рэдкія экспанаты не заўсёды сустрэнеш нават у вялікіх музеях.
Штогод 4 лістапада грамадзяне Італіі адзначаюць Дзень нацыянальнага адзінства і Узброеных Сіл – свята, прысвечанае памяці ўсіх італьянцаў, якія загінулі за Радзіму. У гэты дзень у Італіі прынята ўскладаць кветкі да магіл палеглых у мінулых войнах вайскоўцаў, але і на нашай беларускай зямлі маюцца месцы, дзе навекі спачылі ўраджэнцы далёкай міжземнаморскай дзяржавы.
У верасні 1943 года саюзніца гітлераўскай Германіі Італія выйшла з вайны. Немцы, якія падазравалі такое развіццё падзей, у хуткім часе пасля гэтага акупіравалі тэрыторыю Італіі і раззброілі італьянскую армію. Італьянскія вайскоўцы, якія адмовіліся змагацца на баку Германіі падлягалі адпраўцы ў канцэнтрацыйныя лагеры, пераважна ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і на Беларусі. Адным з месцаў нашай краіны, куды былі накіраваны інтэрніраваныя італьянскія салдаты стаў Беразвецкі канцэнтрацыйны лагер на паўночным ускрайку Глыбокага. Яшчэ адзін невялікі лагер з італьянскімі вайскоўцамі знаходзіўся ў вёсцы Арэхаўна.
Нацысты выкарыстоўвалі італьянцаў у якасці рабочай сілы на будаўніцтве абарончых аб’ектаў горада і буйных артылерыйскіх складоў ля вёскі Лаўрынаўка. Перад адыходам з Глыбокага немцы расстралялі частку італьянскіх ваеннапалонных, некаторыя з іх загінулі раней з-за цяжкіх умоў утрымання. Пахаваны яны ў лесе Барок, побач з савецкімі ваеннапалоннымі і каля вёскі Арэхаўна.
4 лістапада 2020 года дэлегацыя пасольства Італіі на чале з паслом Італьянскай Рэспублікі Марыа Бальдзі наведала два месцы пахавання італьянскіх салдат. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Барок адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам прадстаўнікоў раённага кіраўніцтва і грамадскасці горада, які закончыўся ўскладаннем кветак да помніка ахвярам Беразвецкага канцлагера.
У верасні 2019 года на тэрыторыі Глыбоцкага раёна праходзіла акцыя памяці «Во славу общей Победы», прысвечаная 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у рамках якой адбыўся ўрачысты рытуал забору зямлі з месцаў пахаванняў ахвяр вайны. Капсулу з гэтай зямлёй напярэдадні 9 Мая 2020 года заклалі ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх святых у сталіцы нашай краіны. Частка зямлі паступіла на захоўванне ў Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей.
У гэтым годзе Глыбоцкі раён далучыўся да Усерасійскай ваенна-патрыятычнай акцыі «Горсть памяти», мэтай якой з'яўляецца ўвекавечванне памяці савецкіх воінаў, якія загінулі ў бітвах Вялікай Айчыннай вайны.
У рамках акцыі 6 кастрычніка 2020 года ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі прайшло незвычайнае мерапрыемства: частка зямлі з усіх воінскіх пахаванняў Глыбоцкага раёна, што захоўваецца ў нашай установе, была ва ўрачыстай абстаноўцы перададзена ваеннаму камісару Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргею Аляксандравічу Краснадубскаму.
Гэтая зямля ў далейшым будзе перададзена ў Расію для ўключэння ў экспазіцыю гісторыка-мемарыяльнага комплексу «Дарога памяці», які знаходзіцца на тэрыторыі ваенна-патрыятычнага парку культуры і адпачынку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі «Патрыёт».





















