Навуковымі супрацоўнікамі нашага музея быў падрыхтаваны новы музейна-педагагічны занятак "Падарожжа ў свет школьных прадметаў», які з поспехам дэбютаваў у адной з гарадскіх школ. На гэтым занятку дзеці пазналі многа новага пра пачатковую школу канца XIX - пачатку XX стагоддзя.
Супрацоўнікі музея змаглі максімальна дакладна аднавіць атмасферу школы таго часу, пачынаючы ад дэманстрацыі старадаўніх школьных прадметаў і заканчваючы правядзеннем урока, як гэта было ў царкоўна-прыходскай школе пачатку мінулага стагоддзя. Дзеці з вялікім энтузіязмам слухалі расказ музейнага работніка, а затым і самі ахвотна браліся за выкананне заданняў па розных школьных прадметах.
Нескладаным для вучняў было рашэнне задачак з падручніка па арыфметыцы, бо ў гэтым ім дапамог калькулятар таго часу - лічыльнік. Незвычайным для іх стала вывучэнне царкоўна-славянскай азбукі, пасля чаго дзеці спрабавалі прачытаць тэкст з старадаўняй кнігі і знайсці ў ім састарэлыя літары. Ну а самым эфектным было чыстапісанне, дзе вучні для пісьма выкарыстоўвалі сапраўдныя пер'і і чарніла. І як аказалася, не кожны змог без кляксаў напісаць сваё імя.
Такі інтэрактыўны музейны занятак дазволіў сучасным школьнікам не толькі пачуць расказ пра школу, у якой вучыліся іх дзяды і прадзеды, але і, здзейсніўшы падарожжа ў часе, наведаць такі ўрок.
26 студзеня 2020 года ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі.
З гэтай нагоды наш музей і раённая бібліятэка сумесна наладзілі адмысловае мерапрыемства – дыялог-прэзентацыю “Нашы знакамітыя землякі-навукоўцы”, на якім вялася гаворка пра жыццёвы і творчы шлях дзеячаў навукі, чый лёс звязаны з Глыбоччынай.
Першым узяў слова старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі, каб пагаварыць з гасцямі пра нашых выдатных навукоўцаў.
А пагаварыць было пра каго! Як мінімум 82 ураджэнцы Глыбоцкага раёна маюць дачыненне да сферы навукі. Тут можна прыгадаць акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вацлава Ластоўскага і Уладзіміра Рашэтнікава, члена-карэспандэнта НАН Андрэя Майсяёнака, прафесара Юрыя Сабалеўскага.
Многія нашы землякі праславіліся, як выдатныя навукоўцы, за межамі Беларусі. Яскравы прыклад – прафесар Здзіслаў Нядзеля, які нарадзіўся ў Празароках. Пераехаўшы пасля вайны у Польшчу, ён стаў вядомым філолагам-славяністам, загадчыкам кафедры ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.
Амерыканскага вучонага Барыса Кіта, які лічыў Глыбокае месцам свайго “другога нараджэння”, называюць чалавекам, які дапамог людзям ступіць на Месяц! Менавіта ён распрацаваў ракетнае паліва, якім быў запраўлены касмічны карабель “Апалон – 11”, даставіўшы на спадарожнік Зямлі Ніла Армстранга і іншых астранаўтаў.
Імя выдатнага авіяканструктара, доктара тэхнічных навук Паўла Сухога асаблівых прадстаўленняў не патрабуе. Пра яго шмат пісалі на старонках самых розных выданняў, здымалі дакументальныя фільмы. Адзін з такіх фільмаў, работа нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” пад назвай “Узлётная паласа”, быў прапанаваны ўвазе гасцей мерапрыемства.
Але музей – гэта не адзіная ўстанова горада, якая збірае матэрыялы пра нашых навукоўцаў. Шмат увагі гэтай тэме надае і Глыбоцкая раённая бібліятэка. З тым, як вядзецца збор інфармацыі, яе сістэматызацыя і публікацыя, усіх прысутных пазнаёміла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Марына Ізаітка.
Акрамя расказу, удзельнікі дыялогу змаглі пабачыць па-сапраўднаму ўнікальныя музейныя прадметы: арыгінальнае выданне 1926 года “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага, асабістыя рэчы і ўзнагароды Барыса Кіта, фотаздымкі з альбома Здзіслава Нядзелі.
Зразумела, што на мерапрыемстве гучалі не ўсе імёны нашых выдатных навукоўцаў. На гэта, пэўна, не хапіла б і цэлага дня! А таму ўсіх, хто жадае больш даведацца пра землякоў-навукоўцаў, запрашаем на старонкі нашага сайта і сайта раённай бібліятэкі.
11 студзеня 2020 года ў мосарскім касцёле Святой Ганны было надзвычай шматлюдна. Акрамя мясцовых парафіян на імшы прысутнічалі госці з раённага цэнтра, а таксама святары з розных куткоў нашай краіны. Справа ў тым, што роўна 10 год назад не стала пробашча касцёла Святой Ганны ксяндза Юозаса Булькі. Каб успомніць гэтага незвычайнага чалавека і памаліцца за яго душу, у Мосары сабраліся людзі, чый лёс так ці інакш звязаў іх з ксяндзом Юозасам: яго духоўныя вучні, парафіяне, сябры і простыя знаёмыя. Узначаліў святую імшу біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Спецыяльна да гэтага мерапрыемства наш музей падрыхтаваў, створаную на аснове музейных і архіўных матэрыялаў, мультымедыйную прэзентацыю “Любіў Бога, прыроду і беларускі народ…”. Навуковы супрацоўнік музея Ігар Фёдараў распавёў прысутным пра дзіцячыя і юнацкія гады будучага святара, пра яго доўгую дарогу да святарскага сану, пра служэнне ў касцёлах Мосара і Удзела, пра руплівую працу па стварэнню знакамітага на ўсю краіну культурна-дэндралагічнага комплексу (пазнаёміцца з матэрыяламі можна тут). Дапоўніла карціну адмысловая біяграфічная экспазіцыя “На службе Богу і людзям”, на якой былі прадстаўлены асабістыя рэчы ксяндза, а таксама фотаздымкі найбольш яскравых момантаў жыцця святара.
7 лістапада 2019 года культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар наведала група турыстаў з Мінску. У суправаджэнні экскурсавода комплексу Марыны Раманаўны Ткачонак сталічныя госці агледзелі мясцовыя адметнасці, пазнаёміліся з багацейшай гісторыяй вёскі і адкрылі для сябе асобу ксяндза Юозаса Булька – заснавальніка знакамітага на ўсю краіну комплексу.
Экскурсія не пакінула абыякавых, а адзін з турыстаў – Марыя Аляксандраўна Бандаровіч – натхнілася настолькі, што праз некалькі дзён у яе нарадзіўся верш, прысвечаны Мосару і легендарнаму святару.
У рамках рэспубліканскага праекта па азеляненні гарадоў Беларусі 6 лістапада 2019 года ў культурна-дэндралагічным комплексе в. Мосар прайшла акцыя па закладцы сквера сем'і. У гэтым маляўнічым месцы Глыбоцкага раёна было прынята рашэнне пасадзіць кляновую алею. Удзельнікамі акцыі сталі шматдзетныя сем'і Глыбоччыны. Дзякуючы гэтаму ў многіх сем'яў з'явіліся ўласныя дрэвы, за якімі яны будуць даглядаць, а вопыт беражлівых адносін да прыроды перадаваць сваім дзецям і ўнукам.
Перад тым як адправіцца да месца закладкі сквера, удзельнікі мерапрыемства праслухалі займальную гісторыю стварэння культурна-дэндралагічнага комплексу, філіяла Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, якая цесным чынам звязана з іменем ксяндза-прэлата Юозаса Булькі, былога пробашча касцёла Святой Ганны. З адметнасцямі комплексу ўдзельнікаў акцыі пазнаёміла экскурсавод Марыя Ткачонак.
Кожнаму ўдзельніку знайшлося месца для пасадкі маленькага дрэва – сімвала сямейных каштоўнасцяў і традыцый. Сваё дрэўца пасадзіла і сям'я Лаўрыновічаў, якія выхоўваюць чатырох дачок: Мілану, Сабрыну, Караліну, Вікторыю. Сяргей Лаўрыновіч працуе загадчыкам культурна-дэндралагічнага комплексу з 2006 года, і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол мосарскай святыні стала справай яго жыцця.
Пасля закладкі сквера ўсіх удзельнікаў праекта чакала займальная экскурсія ў мосарскі музей і сямейнае чаяванне. Маленькія клёны падрастуць, акрэпнуць, і ўжо гэтай вясной пацешаць наведвальнікаў комплексу сваімі першымі лісцікамі!
29 кастрычніка 2019 года ў сценах нашай установы прайшла музейная сустрэча «Камсамол – мой лёс», прымеркаваная да 101-й гадавіны стварэння Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі. На мерапрыемства былі запрошаны сакратары Глыбоцкага райкама камсамола розных гадоў, яго актывісты, былое і цяперашняе кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Спецыяльна да мерапрыемства музеем была падрыхтавана аднайменная выстава фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны лепшыя моманты жыцця камсамольцаў Глыбоччыны ў 1950-1980-я гады.
Ва урачыстай абстаноўцы адбылося ўручэнне гасцям мерапрыемства юбілейных медалёў у гонар 100-годдзя камуністычнай партыі БССР.







З 4 па 6 кастрычніка 2019 года ў Брэсце адбыўся IV Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Наш музей у чацвёрты раз прыняў актыўны ўдзел у працы форуму. Паколькі дэвіз цяперашняга мерапрыемства: «Музей: навука, інавацыі, камунікацыя", мы вырашылі падзяліцца з калегамі інавацыйнай тэхналогіяй стварэння і правядзення віртуальнай экскурсіі па гісторыка-культурным аб'ектам вішнёвай сталіцы Беларусі - горадзе Глыбокае. Акрамя экспазіцыйнай пляцоўкі нашага музея, дзе кожны жадаючы змог здзейсніць гэта займальнае падарожжа і пакінуць сабе на памяць сувенір пра вішнёвы горад, віртуальная экскурсія была прадстаўлена і на галоўнай прэзентацыйнай пляцоўцы форуму. Разам з баронам Мюнхгаўзенам на экскурсію па вішнёвай сталіцы адправіліся музейшчыкі з розных куткоў Беларусі.



Новы экспанат папоўніў музейную калекцыю старадаўніх паштовак. Набытая на інтэрнэт-аўкцыёне паштоўка была перададзена ў дар нашаму музею людзьмі, для каго гісторыя маленькага беларускага мястэчка - гэта не пусты гук. Асаблівую падзяку мы выказваем прадпрымальніку з Санкт-Пецярбурга Блышко Паўлу Фёдаравічу, які набыў гэты ўнікальны прадмет нашай гісторыі. Сям'ю Паўла Фёдаравіча звязваюць з нашым краем даўнія адносіны.
14 верасня 2019 года на старонках «Сельскай газеты» з'явіўся артыкул «Мосар: Мекка для турыстаў і культурны цэнтр». Карэспандэнт Уладзімір Субат пабываў у гэтай вядомай беларускай вёсцы і падзяліўся з чытачамі сваімі ўражаннямі аб Мосары і яго працавітых жыхарах. З гэтым артыкулам можаце пазнаёміцца і вы, наведаўшы сайт https://www.sb.by/articles/mosar-mekka-dlya-turysta-i-kulturny-tsentr.html
У апошні час стала добрай традыцыяй папаўненне фондаў нашага музея экспанатамі, якія набылі людзі на розных інтэрнэт-аўкцыёнах. І вось на днях мы атрымалі чарговы падарунак – 14 фотаздымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі ў Глыбокім падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Тут адлюстраваны панарамы горада, храмы і будынкі горада, мясцовыя прыгажуні і моманты мірнага салдацкага жыцця.
Калектыў музея выказвае шчырую падзяку ўсім тым, хто ўнёс свой уклад у захаванне гістарычнай спадчыны рэгіёна. Убачыць гэтыя унікальныя фотаздымкі вы можаце тут.





















