У гарадскім доме культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае дню работніка культуры. Падчас мерапрыемства супрацоўнікі нашага музея атрымалі розныя ўзнагароды.
Падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны рэгіёну ўручана дырэктару музея Алене Мядзелец. Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджаны навуковы супрацоўнік Уладзімір Мірончык. Ганаровай граматы і падзякі сектара культуры райвыканкама ўдастоены навуковы супрацоўнік Ірына Круглая і загадчык філіяла Сяргей Лаўрыновіч.
(17 кастрычніка 2025 года)



Сёння ў выставачнай зале нашага музея супрацоўнікі правялі тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае 137-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Мультымедыйная прэзентацыя «Дарогамі вечнага вандроўніка» расказала гасцям пра складаны, але неверагодна насычаны, а галоўнае – плённы жыццёвы шлях таленавітага мастака, творчая спадчына якога складае залаты фонд айчыннага мастацтва. Гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы дзіцячай мастацкай школы імя Драздовіча, глыбоцкія гімназісты, ды і ўсе жадаючыя, хто зазірнуў у гэты дзень па адрасе - вул. Маскоўская, 2.
(14 кастрычніка 2025 года)



Сёння, у рамках урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня работнікаў культуры, адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.
Прыемна адзначыць, што навуковы супрацоўнік нашага музея Ігар Віктаравіч Фёдараў прызнаны пераможцам у намінацыі "Лепшы музейны работнік".
Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Вітальевіч Хайноўскі.
Шчыра віншуем і ганарымся вамі!!!
(9 кастрычніка 2025)
Чарговае мерапрыемства для людзей сталага ўзросту было падрыхтавана і прайшло ў музеі. На мерапрыемства "Маленькія гісторыі вялікага жыцця" былі запрошаны жыхары нашага горада, якія маюць за плячыма вялізны жыццёвы вопыт і багатыя ўспаміны. Падчас сустрэчы супрацоўнікі музея падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў вывучэнні біяграфічных матэрыялаў аб нашых знакамітых земляках. На складаныя, а недзе і каверзныя пытанні, удзельнікі мерапрыемства адказвалі ўпэўнена і хутка. Прыемна ўсведамляць, што гістарычнае мінулае свайго роднага краю яны не проста ведаюць, але і ганарацца гэтым.
(3 кастрычніка 2025 года)
«Нить единства: история, культура, народ» – назва новага мабільнага выставачнага праекта, падрыхтаванага нашым музеем спецыяльна да Дня народнага адзінства.
З дапамогай экспанатаў, сродкаў візуалізацыі і апавядання музейнага работніка наведвальнікі выставы змаглі акунуцца ў атмасферу 1920 – 1930-х гадоў: акупацыя Заходняй Беларусі польскімі войскамі, паланізацыя насельніцтва краю, падпольная барацьба з акупантамі, уступленне на нашы землі байцоў Чырвонай Арміі і, як вынік, уз’яднанне беларускага народа.
Таксама ўвазе наведвальнікаў прапанаваліся гістарычная віктарына і прагляд кадраў дакументальнай хронікі, знятай у верасні 1939 года.
(17 верасня 2025 года)
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў ДУА "Мерэцкаўская базавая школа Глыбоцкага раёна" адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прысваенню гэтай установе імя Героя Сацыялістычнай Працы - Леаніда Канстанцінавіча Пугаўка.
Леанід Канстанцінавіч нарадзіўся ў 1917 годзе ў вёсцы Паўлава на Глыбоччыне. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у абароне Ленінграда, Курскай бітве, вызваленні Украіны і Польшчы, з баямі дайшоў да Берліна. Вярнуўшыся пасля вайны ў родныя краі, ён на працягу некалькіх гадоў кіраваў Лучайкаўскім, а затым Узрэцкім сельскімі Саветамі. У 1951 годзе ўзначаліў калгас «17 верасня», які пад яго кіраўніцтвам стаў адным з лепшых у БССР. У 1958 годзе за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі, Леанід Канстанцінавіч быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. Калгас "17 верасня", пераемнікам якога з'яўляецца ААТ "Залатая падкова", славуты старшыня ўзначальваў на працягу 30 гадоў, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць.
У дыялогавай пляцоўцы, якая прайшла ў рамках згаданага мерапрыемства, прыняў удзел і навуковы супрацоўнік нашага музея Ігар Фёдараў, які падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы цікавымі звесткамі з жыцця славутага земляка.
(16 верасня 2025 года)
Гістарычная гадзіна "Пад небам адзіным", прысвечаная падзеям паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе па вызваленні беларускіх зямель ад польскай акупацыі, прайшла ў Глыбокім напярэдадні Дня народнага адзінства. У мерапрыемстве, падрыхтаваным і праведзеным супрацоўнікамі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, прынялі ўдзел прадстаўнікі моладзі арганізацый і ўстаноў горада і раёна. У час мерапрыемства яго ўдзельнікі прайшлі гістарычны шлях яднання беларускага народа, пачынаючы з падзей 1921 года і аж да моманту станаўлення савецкай дзяржавы ў 1939-40-я гады. Вынікам мерапрыемства стаў прагляд дакументальнай хронікі, знятай Мінскай студыяй кінахронікі ў гарадах і вёсках Заходняй Беларусі.
(16 верасня 2025 года)



Патрыятычны фестываль "Любоў да роднай Беларусі з дзяцінства" прайшоў у Цэнтры дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна. На гэтым мерапрыемстве юных глыбачан - выхаванцаў дзіцячых садкоў горада, узнагароджвалі каштоўнымі падарункамі за ўдзел у творчых конкурсах. Пасля ўрачыстай часткі дзяцей чакалі розныя забаўляльныя мерапрыемствы: інтэрактыўныя зоны, гульнявыя пляцоўкі і майстар-класы.
Супрацоўнікі музея таксама былі запрошаны на дадзенае мерапрыемства, каб пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з гістарычным мінулым, традыцыямі і культурай свайго народа. Дзеці ўдзельнічалі ў займальнай віктарыне "Сакрэты нашых продкаў" і разгадвалі таямніцы старажытных прадметаў. Непаўторныя эмоцыі і ўражанні перапаўнялі дзетвару, а падчас расставання ўсе яны паабяцалі ў бліжэйшы час наведаць музей.
(15 верасня 2025 года)
Апошні дзень лета ў Глыбокім быў адзначаны традыцыйным святам кветак "Лепшы горад на Зямлі". Многія арганізацыі і прадпрыемствы раённага цэнтра парадавалі наведвальнікаў мерапрыемства сваімі цудоўнымі кветкавымі кампазіцыямі.
Тэматычная пляцоўка нашага музея таксама была прысвечана кветкам, а канкрэтней - "кветкам жыцця". Для галоўнай аўдыторыі дадзенага раённага мерапрыемства музейшчыкі падрыхтавалі разнапланавую гульнявую праграму: пазлы, мемо, гульні-брадзілкі, рэтра-шашкі і інш. Небывалае захапленне ў дзяцей выклікала кручэнне кола старадаўняга калаўрота, адмыслова пераробленага ў імправізаваны гульнявы барабан.
Адным словам, музейная пляцоўка на свяце кветак не толькі забаўляла дзяцей і дарослых, але і дазволіла ім здзейсніць падарожжа па дзіўных месцах лепшага горада на Зямлі.
(2 верасня 2025 года)
Чарговы раз у гарадскім пасёлку Падсвілле прайшло рэгіянальнае свята - "Падсвільскі світанак", гасцей якога чакалі канцэртныя праграмы і вясёлыя забавы.
Наш музей прыняў актыўны ўдзел у святкаванні. Сёлета жыхары і госці пасёлка змаглі не толькі ўбачыць музейныя прадметы, але і паспрабаваць свае сілы ў захапляльнай віктарыне "Сакрэты старога куфра". На музейнай пляцоўцы былі прадстаўлены ўнікальныя прадметы этнаграфічнай калекцыі, растлумачыць прызначэнне якіх змаглі не многія, нават прадстаўнікі старэйшага пакалення. Наведвальнікі з захапленнем спрабавалі разабрацца ў разнастайных старажытных прыстасаваннях і інструментах, і няхай не ўсё было так проста, але госці знаходзілі правільныя адказы. Мерапрыемства аказалася не толькі забаўляльным, але, у большай ступені, і пазнавальнымі. Бо зусім нядаўна гэтыя музейныя прадметы з'яўляліся неад'емнай часткай жыцця нашых продкаў.
(19 жніўня 2025 года)




















