На працягу вось ужо многіх стагоддзяў у жніўні месяцы беларусы адзначаюць старажытнае народна-хрысціянская свята з «салодкай» назвай Мядовы Спас. 17 жніўня, аддаючы даніну павагі гэтай каляндарнай даце, раённае свята "Мядовы фэст" прайшло на Цэнтральнай плошчы нашага горада.
Удзельнікамі свята сталі і супрацоўнікі музея, падрыхтаваўшы этнаграфічную пляцоўку "Мядовы Спас - радасці прыпас". Наведвальнікі пляцоўкі змаглі пазнаёміцца з характэрнымі прадметамі, якімі карысталіся мясцовыя пчаляры ў былыя часы, убачыць мноства іншых, незразумелых на першы погляд рэчаў, якія бытавалі на Глыбоччыне ў даўнія гады, а адначасова яшчэ і праверыць свае веды ў мультымедыйнай гульні "Мядовы бой".
Можна сказаць, што на «Мядовым фэсце» кожны змог набыць не толькі смачны мёд, але і шмат цікавага і пазнавальнага пра гэты смачны ласунак.
(18 жніўня 2025 года)
Па традыцыі, якая даўно склалася, у першы фестывальны дзень адбыўся фірмовы музейны квэст, удзел у якім прынялі захопленыя гісторыяй, інтэлектуальнымі гульнямі і актыўным адпачынкам глыбачане і госці нашага горада. Усе пералічаныя якасці спатрэбіліся ўдзельнікам інтэлектуальна-забаўляльнага квэста "Вішнёвыя заданні з сакрэтам", які падрыхтавалі музейшчыкі ў гэтым годзе . Бліжэй да старту квэста над горадам сталі згушчацца хмары (і гэта не ў пераносным сэнсе), а затым і зусім паліў праліўны дождж. Але, нягледзячы ні на што, на старт мужна выйшлі 13 каманд, што атрымалася даволі сімвалічна для 13-га па ліку "Вішнёвага фестывалю".
Атрымаўшы канверты з фотазаданнямі, каманды кінуліся шукаць правільныя адказы. Штораз знаходзячы загаданыя аб'екты, каманды фатаграфаваліся на іх фоне і адсылалі фатаграфіі арганізатарам квэста, якія заставаліся на сувязі з удзельнікамі з дапамогай Viber-груп. Аднак камандам трэба было не толькі вызначыць і дабрацца да загаданых аб'ектаў, але і зрабіць гэта хутка, бо на вырашэнне ўсіх пытанняў адводзілася менш чым паўтары гадзіны.
У выніку, што даволі чакана, важную ролю ў размеркаванні месцаў адыграў час, затрачаны камандамі-ўдзельніцамі на праходжанне квэста. Пры роўнасці правільных адказаў перавага заставалася за тымі, хто справіўся з імі хутчэй.
Пераможцам квэста "Вішнёвыя заданні з сакрэтам" стала каманда Белтэлекама. З другім месцам мы шчыра віншуем дзяўчат з каманды "Cheri Ledy", якія прадстаўлялі СШ №1 імя П.В. Сухога. Трэцяе ж месца заваявала каманда з баявой назвай "Вішнёвы танк" на чале з пастаянным удзельнікам музейных квэстаў Канстанцінам Блінам.
Мы яшчэ раз дзякуем усім удзельнікам мерапрыемства за стойкасць, самаадданасць і настойлівасць, спаўна праяўленыя ў гэты вечар. І хай поспех заўсёды спадарожнічаем Вам, СЯБРЫ!
(21 ліпеня 2025 года)



Дэлегацыя ад Глыбоцкага раёна, якую ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, прыняла ўдзел у рабоце I рэгіянальнага форуму "Мясцовае самакіраванне ў Віцебскай вобласці: Агульная справа. Дыялог аб будучыні". Форум праходзіў 11 ліпеня ў Віцебску і быў прысвечаны пытанням мясцовага самакіравання.
У праграме работы форума была арганізавана выстава "Ганаруся сваёй Радзімай", якая дэманстравала дасягненні гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці.
Працу экспазіцыі Глыбоцкага раёна курыраваў старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі. Экспазіцыя была аформлена такім чынам, каб выклікаць у наведвальнікаў пачуццё гонару за сваю малую радзіму і прадэманстраваць перспектывы яе далейшага развіцця. Тут наведвальнікі змаглі ўбачыць як гісторыка-культурныя каштоўнасці нашага рэгіёну, так і прамысловы патэнцыял Глыбоччыны.
Першы рэгіянальны форум стаў эфектыўнай платформай для адкрытага дыялогу паміж прадстаўнікамі ўлады, грамадскімі дзеячамі і моладдзю ў пытаннях развіцця мясцовага самакіравання.
(12 ліпеня 2025 года)
2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у культурным жыцці нашага горада адбылася знамянальная падзея - урачыстае адкрыццё выставачнага праекта "Памяць пакаленняў у імя будучыні". Выстава размясцілася ў новым музейным памяшканні, якое было перададзена нашай установе для арганізацыі і правядзення музейных мерапрыемстваў. Гэта добра вядомы глыбачанам старажытны будынак на скрыжаванні вуліц Леніна і Маскоўскай.



Новы выставачны праект поўнасцю прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны і расказвае пра падзеі тых далёкіх гадоў. Вялікая ўвага ў новай музейнай экспазіцыі ўдзелена баявым подзвігам савецкіх салдат і афіцэраў, партызанскай вайне на Глыбоччыне, народнаму супраціўленню жорсткаму акупацыйнаму рэжыму, а таксама трагічным старонкам масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Цэнтральнае месца на выставе заняла інфармацыйная карта, створаная на аснове ўдакладненых пракуратурай Глыбоцкага раёна звестак аб спаленых у гады вайны населеных пунктах Глыбоччыны.



Дадзены выставачны праект рэалізаваны дзякуючы актыўнай падтрымцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусі і Бягомльскага музея народнай славы, якія прадставілі інфармацыйныя стэнды і арыгінальныя музейныя прадметы для экспанавання. Асабліва каштоўным падарункам нашаму гораду стаў шэраг друкаваных выданняў, падрыхтаваных Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь аб малавядомых старонках ваеннай гісторыі. Мы дзякуем начальніку аддзела ідэалагічнага забеспячэння ўпраўлення кадравай палітыкі і ідэалагічнага забеспячэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Скамарошчанку Міхаілу Мікалаевічу і загадчыку аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» Скамарошчанка Вольгу Васільеўну, якія прынялі ўдзел у адкрыцці выставы і прэзентавалі ўнікальныя гістарычныя выданні. На жаль, у сувязі з занятасцю не змог наведаць мерапрыемства намеснік дырэктара архіва Святаслаў Валянцінавіч Кулінок, аднак у наш адрас быў накіраваны яго прывітальны відэазварот. У фармаце відэасувязі да прысутных звярнуліся і нашы добрыя сябры, музейшчыкі з расійскіх гарадоў Дзмітрыеў і Жалезнагорск Курскай вобласці.
Словы падзякі мы гаворым вядучаму архівісту аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алене Іванаўне Траццяк, якая прэзентавала на мерапрыемстве ўнікальны гукапіс ветэрана Глушкова Васіля Дзмітрыевіча, удзельніка вызвалення Глыбоччыны.




Створаны і адкрыты для наведвальнікаў новы выставачны праект, які расказвае пра гераізм і трагедыю беларускага народа, закліканы стаць першым крокам на шляху стварэння ў нашым горадзе пастаяннай экспазіцыі, якая адкрыецца на новых музейных плошчах ужо ў хуткім часе.
(3 ліпеня 2025 года)
У разгар лета, з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй, адзначаецца адно з самых старажытных народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі – Купалле. Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў. Але, мабыць, менавіта ў Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі гэтага свята, якое адзначаюць у нас з асаблівым размахам. Магічныя абрады і рытуалы Купалля ўзніклі яшчэ ў паганскія часы, а з распаўсюджваннем хрысціянства да Купалля быў прымеркаваны дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля. Сугучча слоў "купала" і "купаць" ў народнай свядомасці прывяло да змешвання ў назве свята - Іван Купала.
Сёння купальскія гулянні аб'ядноўваюць старажытныя традыцыі і рытуалы, тэатралізаваныя канцэрты і вясёлыя гульні. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў.
У народзе верылі, што ў гэтую ноч рэкі свецяцца асаблівым прывідным святлом, па зямлі ходзяць ведзьмы, ведзьмакі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і звяры размаўляюць, а сонца досвіткам "гуляе". Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай папараць-кветкі, па павер'ях квітнеючай толькі ў купальскую ноч. Яна давала звышнатуральную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць утоеныя скарбы свету, але знайсці кветку мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" - адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
Купалле святкуюць у самых розных мясцінах Беларусі, у тым ліку і ў нашым раёне. Убачыць традыцыі і пачуць аўтэнтычныя купальскія песні можна ў вёсцы Мосар, на тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу. Менавіта тут 28 чэрвеня 2025 года і пройдзе народнае свята "Купалле".
(19 чэрвеня 2025 года)

Лета - гэта самы лепшы час для кожнага дзіцяці. Час канікулаў і адпачынку, вольны ад школьных клопатаў. Але гэта таксама і час летніх лагераў, арганізаваных пры ўстановах адукацыі раёна, дзе дзеці не толькі адпачываюць, але і бавяць дні з карысцю. Спецыяльна для работы ў школьных лагерах супрацоўнікамі музея была распрацавана новая інтэрактыўная праграма "На ўсіх ветразях - у лета!"
Яна ўвабрала ў сябе як старадаўнія забавы нашых продкаў, так і сучасныя гульні, удзельнічаючы ў якіх школьнікі спаборнічаюць у шпаркасці, уважлівасці, развіваюць лагічнае мысленне і памяць. І хоць эмоцыі хлопчыкаў і дзяўчынак падчас конкурсаў часам зашкальваюць, пакідаюць яны гульнявую пляцоўку толькі з добрым настроем.
(13 чэрвеня 2025 года)



У гандлёвым цэнтры "ГУМ" нашага горада 9 чэрвеня 2025 года адбылося адкрыццё новага медыйнага праекта "Старонкі Перамогі", прымеркаванага да 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Выстава прадстаўляе сабой унікальную экспазіцыю плакатаў, якія ілюструюць старонкі газеты "Віцебскі рабочы" ваенных гадоў, а таксама публікацыі пасляваеннага перыяду, якія расказваюць аб святкаванні Дня Перамогі ў розныя гады. Гэты праект закліканы нагадаць аб гераізме і стойкасці савецкага народа ў барацьбе з фашызмам, а таксама захаваць гістарычную памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Глыбачанам і гасцям нашага горада гэты праект прадставілі намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Людміла Карніловіч.
Падрабязна пра значнасць і змест дадзенай экспазіцыі расказала прысутным дырэктар музея Алена Мядзелец, распавёўшы гісторыю газеты "Віцебскі рабочы" перыяду акупацыі (з красавіка 1942 года па ліпень 1944 года). Менавіта гэтае выданне стала важнай крыніцай інфармацыі для насельніцтва акупаванай тэрыторыі, публікуючы зводкі Саўінфармбюро, звароты да насельніцтва з заклікамі да барацьбы з захопнікамі і паведамленні з партызанскіх атрадаў і падпольных райкамаў партыі.
Выстава "Старонкі Перамогі" ў Глыбокім – гэта не проста дэманстрацыя гістарычных дакументаў, гэта жывое сведчанне мужнасці і гераізму савецкага народа, напамін пра тую цану, якую давялося заплаціць за мірнае неба над галавой.
Сёння кожны жадаючы можа пазнаёміцца з гэтым праектам, наведаўшы гандлёвы цэнтр "ГУМ".
(10 чэрвененя 2025 года)



Менавіта гэтая думка прыходзіць у галаву першай, калі сутыкаешся са шчырым і бескарысным імкненнем чалавека зрабіць штосьці добрае для іншых.
Цудоўны прыклад падобнай дабрачыннасці быў не так даўно прадэманстраваны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна. На тэрыторыі мясцовага культурна-дэндралагічнага комплексу, які з’яўляецца філіялам нашага музея, за сродкі наваполацкай кампаніі “100 гульняў плюс”, што вырабляе дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, была створана выдатная дзіцячая пляцоўка з каруселямі, качалкамі, арэлямі і горкамі. Вельмі складана апісаць словамі ўсе тыя эмоцыі, што выклікае гэтая пляцоўка ў дзяцей, якія наведваюць комплекс – гэта і радасць, і весялосць, і выдатны настрой.
Пляцоўка была абсталявана ў пачатку красавіка гэтага года, а ў наступным месяцы яе асвяціў пробашч касцёла Святой Ганны ксёндз Марат. Наогул жа з’яўленне такога аб’екта менавіта ў Мосары вельмі сімвалічна, бо ўвесь культурна-дэндралагічны комплекс можна назваць помнікам бескарыснага служэння людзям, які застаўся нам у спадчыну ад легендарнага ксяндза Юозаса Булькі.
Музей выказвае вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву ТАА “100 гульняў плюс” за гэтую цудоўную пляцоўку, якая стала выдатным падарункам як для мясцовых дзетак, так і для маленькіх гасцей культурна-дэндралагічнага комплексу.
(5 чэрвеня 2025 года)

Нечакана археалагічная калекцыя музея папоўнілася амаль паўсотняй цікавых прадметаў, сярод якіх нацельныя крыжыкі даўнейшых часоў, сярэдневяковыя манеты і самыя старажытныя з усіх магчымых старажытнасцяў – скамянелыя рэшткі прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага светаў, якія насялялі нашу планету ў далёкія, незапамятныя часы.
Усе гэтыя артэфакты былі знойдзены у розных мясцінах Глыбоцкага раёна і перададзены музею магістрантам факультэта гуманітарных ведаў і камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, глыбачанінам Максімам Нікіфаровічам.
Максім Аляксандравіч ужо не першы раз прыносіць у музей вартыя захавання прадметы даўніны, справядліва мяркуючы, што менавіта музейныя фонды з’яўляюцца найлепшым месцам для гэтага. Супрацоўнікі музея ўдзячны маладому даследчыку за супрацоўніцтва і жадаюць яму поспехаў у навуковай дзейнасці.
(3 чэрвеня 2025 года)
З 28 па 30 мая 2025 года ў Мінску прайшоў VI Нацыянальны форум "Музеі Беларусі", у рабоце якога прынялі ўдзел супрацоўнікі нашага музея. Тэма форуму ў год 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне - "Музей - тэрыторыя гістарычнай памяці". Трэба адзначыць, што гэтае мерапрыемства вось ужо шосты раз выступае адной з асноўных пляцовак для прэзентацыі музейнай справы, як найважнейшага адукацыйнага і выхаваўчага рэсурсу грамадства, узбагачэння духоўнага патэнцыялу нацыі. Удзел у форуме дае магчымасць музейшчыкам нашай краіны абменьвацца практычнымі напрацоўкамі ў справе захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, абмяркоўваць і знаходзіць шляхі рэалізацыі актуальных пытанняў развіцця музейнай справы.
Форум прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO, дзе працавалі разнастайныя тэматычныя выставы, праводзіліся навукова-практычныя семінары, дзелавыя і прэзентацыйныя праграмы, круглыя сталы. У ходзе работы форуму яго ўдзельнікі пазнаёміліся з маштабным выставачным праектам "Дарога да Перамогі".
Урачыстае закрыццё форуму прайшло ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO. У рамках цырымоніі закрыцця адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства. Узнагароды лепшым музейшчыкам краіны ўручыў Намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач.
У намінацыі "За лепшую культурна-адукацыйную праграму" дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей за культурна-адукацыйную праграму "Гісторыя вялікага подзвігу", прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Прыемна ўсведамляць, што наш музей з'яўляецца пастаянным удзельнікам усіх музейных форумаў, а работа нашай установы адзначана дыплом ужо трэці раз!
(2 чэрвеня 2025 года)























